Факт самагубства ў Ваўкавыскім РАУС пацвердзілі прапагандысты


Раніцай 1 траўня з’явілася інфармацыя пра тое, што з акна чацвёртага паверху ў Ваўкавыскім РАУС выскачыў чалавек з кайданкамі на руках. Гэтая інфармацыя была пацверджана ў каналах беларускіх прапагандыстаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ваўкавыскае РАУС. Крыніца: wikimapia.org

Маладому чалавеку было 24 гады, і, як сцвярджаюць прапагандысты, ён быў затрыманы за распаўсюд і ўжыванне наркотыкаў.

Праваабаронцы мяркуюць, што гаворка вядзецца пра Максіма Л. (поўнае імя хлопца маецца ў распараджэнні праваабаронцаў). Таксама вядома, што маладзён затрымліваўся 9 жніўня 2020 года ў Ваўкавыску.

Уся інфармацыя ў прапагандысцкім канале падаецца ў цынічнай і ўласцівай ім здзекліва-з’едлівай манеры і патрабуе дадатковага пацвярджэння.

«Белсат» звярнуўся ў дзяжурную частку Ваўкавыскага РАУС па каментар і атрымаў такі адказ: «Вы самі цудоўна ведаеце, што ў інтэрнэце могуць пісаць усё, што заўгодна. З дадзенай нагоды звяртайцеся ў прэс-службу УУС Гарадзенскага аблвыканкама, там вам усё патлумачаць». У прэс-службе УУС Гарадзенскага аблвыканкама на тэлефанаванні не адказваюць.

Калі вам што-небудзь вядома пра гэтае здарэнне, а таксама пра асобу загінулага, калі ласка, напішыце нам у бот @BelsatBot, гэта ананімна.

РШ belsat.eu

Стужка навінаў