З 10 беларусаў 2 праеўрапейскія, 3 прарасейскія і 5 інертныя, – сацыёлаг Вардамацкі


«Беларуская аналітычная майстэрня» 20 чэрвеня ў Варшаве прэзентавала вынікі свежых апытанняў грамадскай думкі Беларусі. Прарасейскія настроі, мяркуючы з адказаў беларусаў, спынілі рост.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падчас маршу пенсіянераў, медыкаў і студэнтаў да дзяржаўнага сцяга невядомыя дадалі нацыянальны. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2020 года.
Фота: АК / Белсат

Кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі адзначыў, што цяпер у беларусаў існуе «дыскамфорт грамадскай думкі»: не самыя спрыяльныя суадносіны грамадскай думкі і дзейнасці дэмакратычных сілаў. Геапалітычная арыентацыя беларусаў, адзначыў ён, развіваецца «не так, як меркавалася», але яшчэ не вярнулася на ўзровень, што быў да выбараў 2020 года.

Вардамацкі прывёў як прыклад адказы беларусаў на пытанне: «У якім саюзе, на ваш погляд, было б лепей жыць народу Беларусі: у Еўрапейскім Звязе ці ў саюзе з Расеяй?».

У 2018 годзе за саюз з Расеяй было больш як 60 % апытаных, за Еўразвяз – 20–25 %. За 2019 год падтрыманне саюзу з Расеяй паступова ўпала да 40 %, падтрыманне Еўразвязу вырасла да 32 %. У 2020 годзе быў нават момант, калі за Еўразвяз было 40 %, а за Расею 33 %.

Перадапошняе апытанне ў верасні 2022 года і апошняе на сёння ў траўні 2023 года паказалі, што падтрыманне саюзу з Расеяй зафіксавалася на ўзроўні 53 %, а за Еўразвяз – менш як 30 %.

У якім саюзе было б лепей жыць народу Беларусі
Адказы беларусаў на пытанне «У якім саюзе, на ваш погляд, было б лепей жыць народу Беларусі: у Еўрапейскім Звязе ці ў саюзе з Расеяй?» у даследаваннях, якія ладзіла «Беларуская аналітычная майстэрня». Выява: «Беларуская аналітычная майстэрня»

Акрамя таго, не мяняецца падтрыманне Расеі ў пытанні «Як вы ставіцеся да таго, што дзейныя ўлады размясцілі расейскія войскі ў Беларусі?». Станоўчыя адказы цягам 2022 года былі ад 41,2–45 %, адмоўныя ад 38,5–47 %. Павышаецца толькі доля тых, хто не захацеў адказваць ці адказаў, што не ведае.

Вардамацкі пытаецца: гэта выпадковасць ці максімальнае «насычэнне» падтрымання Расеі, нягледзячы на пранікненне расейскіх наратываў?

Сацыёлаг падкрэсліў, што звесткі атрымвныя з тэлефонных апытанняў, што гэтыя звесткі рэпрэзентатыўныя і ўлічваюць сельскае насельніцтва. Але разам з тым, сацыёлагі кажуць аб эфекце «сацыяльнай пажаданасці» («social desirability bias») – людзі ў апытаннях могуць адказваць не так, як думаюць, а так, як «правільна»: даваць адказ, які лічаць прымальным і бяспечным.

Hавiны
«Беларусы – еўрапейцы ў сабе, а не для сябе»: чаму мы выбіраем нейтралітэт і што з гэтым рабіць
2023.04.20 17:27

Ды пры ўсёй той падтрымцы Расеі толькі каля 5 % беларусаў казалі, што яны за ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі на правах шасці суб’ектаў федэрацыі. Звычайна яшчэ 30 % былі за міждзяржаўнае аб’яднанне Беларусі і Расеі ў нечым кшталту Еўразвязу, яшчэ 30 % за цяперашні стан, 19 % супраць інтэграцыі. Апошняе на сёння апытанне ў траўні 2023 года паказала, што за ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі – 8,7 %.

Адказваючы на пытанне аб тым, якія праблемы сёння існуюць у Беларусі, 33,7 % называюць рост цэнаў, 28,7 % – пагрозу ўцягвання Беларусі ў поўнамаштабную вайну, 24 % – нізкі ўзровень даходаў. Каля 11 % рэспандэнтаў называюць нізкую якасць працы камунальных службаў і высокі ўзровень эміграцыі з краіны, а каля 11 % кажуць, што ў Беларусі няма праблемаў, прапанаваных сацыёлагамі як варыянты для адказаў. Блізу 10 % згадваюць высокае беспрацоўе і «шкодную дзейнасць Захаду». Прававыя праблемы, парушэнні правоў чалавека, высокі ўзровень карупцыі або «шкодную дзейнасць апазіцыі» называюць каля 5 %, яшчэ менш называюць экалагічныя праблемы і некампетэнтнасць уладаў.

Даследчыкі зрабілі кластарны аналіз розных паказнікаў і прыйшлі да высновы, што сумарна ў Беларусі прыблізна 21 % насельніцтва мае праеўрапейскія погляды, 31 % – прарасейскія або праўладныя, 48 % – інертныя.

Інтэрв’ю
Як беларусам шукаць новыя ідэі? Адказвае будучая дырэктарка «Цэнтру новых ідэяў»
2023.06.15 17:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў