Што за ракета Х-22, якой Расея страляе па мірных жыхарах і якую Украіна не можа збіць


Хуткая, але не трапная ракета, прызначаная зусім не для наземных цэляў, застанецца праблемай для Украіны, нават калі заходнія саюзнікі паставяць новыя сродкі супрацьпаветранай абароны. Ад такога проста не рыхтаваліся бараніцца.

Разбор завалаў на месцы траплення ракеты Х-22 у жылы дом. 15 студзеня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Telegram

Падчас масаванага абстрэлу Украіны 14 студзеня адна з ракет трапіла ў жылы шматпавярховы дом у Дняпры. Загінулі не менш як 40 чалавек. Камандаванне Паветраных сілаў Украіны мяркуе, што ў той дом трапіла ракета Х-22. Такой ракетай Расея ўжо не раз страляла па цывільных падчас вайны ва Украіне, хоць ракету стваралі для знішчэння авіяносцаў. Ва Украіне сцвярджаюць, што ўдар па Дняпры нанёс той самы полк, які ў мінулым чэрвені абстраляў гандлёвы цэнтр у Краменчугу.

Што за ракета

Х-22 «Бура» (або «AS-4 Kitchen» паводле класіфікацыі NATO) – гэта крылатая звышгукавая супрацькарабельная ракета паветранага базавання. Яна запускаецца з самалётаў (найперш, Ту-22), ляціць з вялізнай хуткасцю, больш за 1 км на секунду, і на дыстанцыю да 600 км. Ракета агромістая: важыць амаль 6 тонаў, мае даўжыню звыш 11 метраў, можа несці боегалоўку вагой у амаль 1 тону.

Ракета X-22.
Фота: missilery.info

Існуе мноства мадыфікацыяў ракеты, у тым ліку моцна мадэрнізаваная Х-32 з большай хуткасцю і далёкасцю. Колькі іх вырабілі і колькі з таго не ўтылізавалі, невядома, але імаверна, выраблена было некалькі тысяч. У 2000 годзе Украіна перадала Расеі 368 ракет Х-22, што засталіся ад СССР. Паводле розных крыніцаў, адна ракета можа каштаваць ад $ 300 тысяч да $ 1 млн.

Першыя такія ракеты вырабілі больш як 60 гадоў таму, у 1962 годзе. Іх збіраліся зняць з узбраення ў пачатку 2000-х, але вырашылі мадэрнізаваць. Першае баявое выкарыстанне заўважылі толькі ў 2022 годзе ва Украіне. Брытанская выведка адзначае, што ўжываліся і мадэрнізаваныя, і немадэрнізаваныя варыянты ракеты. Але па прызначэнні Х-22 ні разу не выкарыстоўвалі

Для чаго гэтая ракета

Ракета прызначаная для выкарыстання супраць караблёў-авіяносцаў ці цэлых авіяносных груповак. Х-22 можа несці ядравую зброю, але пакуль ядравыя боегалоўкі не ўжываліся. Трапнасць ракеты вельмі нізкая, нават калі яе выкарыстоўваць па прызначэнні: промах у 500 метраў – норма. Гэта кампенсуецца магутным зарадам і меркаваным памерам цэляў: калі б’еш па групе караблёў, прамахнуцца на пару сотняў метраў не страшна, асабліва калі запускаеш некалькі ракет.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адзіны расейскі авіяносец «Адмірал Кузняцоў» – цэль маштабаў ракеты Х-22.
Фота: І. Рудэнка / mil.ru

Адметна, што цэляў, супраць якіх задумваліся ракеты Х-22, ва Украіне проста няма. Свой адзіны авіяносец Украіна прадала Кітаю ў 1998 годзе. Найбуйнейшыя вайсковыя караблі Украіны ў разы меншыя за самы маленькі авіяносец, а асноўная частка караблёў Вайскова-марскіх сілаў Украіны – катары. Больш за тое, порт у горадзе Дняпро можа прымаць караблі з асяданнем максімум 3,75 м – удвая менш, чым трэба для авіяносца. Але ракеты Х-22 могуць ужывацца супраць «кантрасных» (то бок адасобленых ад іншых) наземных цэляў, маштабы якіх суадносныя з авіяносцам.

Супраць чаго яе выкарыстоўвалі

Паведамлялася толькі пра выкарыстанне ракет Х-22 супраць наземных цэляў. Камандаванне Паветраных сілаў ЗСУ налічыла 210 запускаў такіх ракет па Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны. Пра першае выкарыстанне паведамлялі 9 траўня 2022 года. Крэмль па-ранейшаму настойвае, што запускае ракеты толькі супраць ваенных цэляў і абарончых заводаў.

Некалькі ракет Х-22 трапілі ў зусім не ваенныя цэлі і забілі дзясяткі мірных жыхароў Украіны. Так, у першы ж дзень баявога ўжывання, 9 траўня 2022 года, ракеты Х-22 трапілі ў гандлёвы цэнтр у сяле Фантанка пад Адэсай і ў склады гатовай прадукцыі каля яго, загінуў адзін чалавек, пяць былі параненыя. 20 траўня ракета Х-22 трапіла ў палац культуры ў горадзе Лазавая Харкаўскай вобласці, параніла сем чалавек. 27 чэрвеня такая ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр у Краменчугу і забіла 21 чалавека. 1 ліпеня ракеты Х-22 трапілі ў жылы дом і дзве базы адпачынку пад Адэсай, забілі 18 чалавек. Некалькі разоў ракеты Х-22 разбуралі прыватныя дамы.

Пажар у гандлёвым цэнтры «Амстор», у які трапіла расейская ракета Х-22, Крамянчуг. 26 чэрвеня 2022 года.
Фота: Dsns.gov.ua

Часам трапленне ракетай Х-22 па мірных жыхарах можна растлумачыць промахам праз нізкую трапнасць: так, у дзень удару па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу яшчэ чатыры ракеты Х-22 трапілі ў нафтаперапрацоўчы завод. Праўда, нават у такім разе выкарыстанне магутнай нятрапнай ракеты – відавочнае ваеннае злачынства. Часам можна ўявіць, што расейскія войскі лічылі, што страляюць па вайсковай тэхніцы, схаванай у цывільных будынках, як у выпадку з Фантанкай. Але ў некаторых выпадках цяжка прыдумаць, па якой ваеннай цэлі запускалі ракету: побач з домам культуры ў Лазавой ці домам у Дняпры няма нічога падобнага да вайсковых базаў, заводаў ці складоў. Хіба ў Дняпры маглі цэліцца ў электрастанцыю, але тады промах складае больш як 3 км.

Чаму Расея наогул запускае такія ракеты

Выкарыстанне такой ракеты супраць наземных цэляў заходнія і ўкраінскія аналітыкі звязваюць з тым, што запасы больш дакладных ракет у Расеі абмежаваныя. Лепшыя ракеты «берагуць» для важных цэляў. Але тое, што магутныя і нятрапныя ракеты выкарыстоўваюць супраць цэляў у гарадах, дзе ахвяры сярод мірнага насельніцтва прадказальныя, і ўкраінскія, і некаторыя заходнія эксперты называюць мэтанакіраваным тэрорам.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Twitter заяўляе: «Расея – дзяржава-тэрарыст»:

Ёсць і трэцяе тлумачэнне: ракеты Х-22 запускаюць, «бо яны ёсць». Гэтае тлумачэнне даюць як заходнія і ўкраінскія, так і расейскія выданні. Некаторыя расейскія эксперты ў дзяржаўных ці праўладных выданнях называюць Х-22 «высокадакладнай» зброяй (што відавочна няпраўда), некаторыя робяць акцэнт на тым, што гэтыя ракеты цяжка перахапіць, але часам адкрыта прызнаюць: гэтых ракет шмат, а замест таго, каб іх утылізаваць, выгадней імі скарыстацца (забойства мірных жыхароў у такіх разважаннях не ўлічваецца).

Чаму яе не могуць збіць

Ніводную з 210 ракет Х-22, запушчаных па Украіне, не збілі. Насамрэч, ракеты Х-22 магчыма збіць, але няпроста: яны хуткія, ляцяць высока, а далёкасць палёту дазваляе запускаць іх з непрадказальных месцаў далёка ў тыле. Тэарэтычна, украінскія войскі маглі б спрабаваць збіць Х-22 залпамі з комплексаў С-300, але ці спрабавалі так рабіць, невядома, як невядомы і шанец на поспех такой спробы. Гэтыя ракеты не ўнікальныя, Украіна мае падобныя праблемы і з іншымі расейскімі ракетамі, як то «Іскандэрамі», «Кінжаламі» і «Оніксамі».

Паветраныя сілы Украіны тлумачаць, што пакуль проста не маюць належных сродкаў: зенітных ракетных комплексаў кшталту «Patriot PAC-3» ці «SAMP-T». Спікер Паветраных сілаў ЗСУ дадае, што ранейшыя паведамленні пра збітыя Х-22 былі недакладнымі: байцы часам проста спяшаліся пахваліцца, што першымі збілі такую ракету. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны, які дапускаў, што ракету ў Дняпры магла збіць супрацьпаветраная абарона, прызнаў, што агучыў няправільную версію, але падкрэсліў, што дадаваў агаворкі аб тым, што версія не канчатковая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Комплекс «Patriot». Сляч, Славаччына. 20 красавіка 2022 года.
Фота: NATO / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Заходнія саюзнікі ўжо абяцалі паставіць Украіне і «Patriot», і «SAMP-T». Ды праблема не толькі ў тым, што на пастаўкі і навучанне патрэбны час, а рашэнне аб пастаўках прынялі толькі нядаўна. Справа таксама ў тым, што гэтыя комплексы і іхныя ракеты даволі дарагія (адна ракета «Patriot» каштуе каля $ 3 млн, Х-22 у некалькі разоў таннейшая), а радыус дзеяння абмежаваны дзясяткамі кіламетраў.

Лінія фронту ва Украіне цягнецца на многія сотні кіламетраў, а напрамак расейскіх удараў непрадказальны і не абмежаваны цэлямі, паражэнне якіх было б лагічным у ваенным сэнсе. Эфектыўных сродкаў абароны, разлічаных на дарагія хуткасныя ракеты і ўдары па любым месцы ў вялізнай краіне, проста не распрацоўвалі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў