Дзясяткі ахвяр далёка ад фронту. Што трэба ведаць пра расейскі ўдар па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу


Пад вечар 27 чэрвеня расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры «Амстор» у Краменчугу, што ў Палтаўскай вобласці Украіны. Загінулі не менш за 18 чалавек – і дзясяткі пакуль лічацца зніклымі без звестак.

Пажар у гандлёвым цэнтры, у які трапіла расейская ракета, Крамянчуг. 26 чэрвеня 2022 года.
Фота: dsns_telegram / Telegram

Што гэта за горад?

Крамянчуг – горад у цэнтральнай Украіне, між Чаркасамі і Дняпром, Палтавай і Крывым Рогам, на беразе ракі Дняпро. Горад далёкі ад зоны актыўных баявых дзеянняў: яны ідуць у прыблізна 175 км на поўдзень ад Краменчугу і ў 250 км на ўсход ад яго.

Да пачатку поўнамаштабнай вайны там жылі каля 218 тысяч чалавек. Гэта быў значны прамысловы цэнтр з дзясяткамі буйных заводаў, у іх ліку нафтаперапрацоўчы, вагонабудаўнічы, аўтамабільны, колавы, сталеліцейны і іншыя.

Чаму туды страляюць?

Абстрэлы Краменчуга адбываюцца рэгулярна з красавіка. Раней атакавалі як інфраструктурныя аб’екты, так і жылыя будынкі. Мінулы буйны ўдар быў 18 чэрвеня – тады, як пісаў мэр, білі па нафтаперапрацоўчым заводзе і па цеплаэлектрацэнтралі, ужо знядзеяных і зруйнаваных мінулымі абстрэламі.

Расейскія дзяржаўныя медыі, як гэта нярэдка бывае, выстаўляюць розныя версіі: ад «гэта правакацыя ў стылі Бучы» да «знішчаныя ангары з узбраеннем з ЗША і Еўразвязу». Адзін з папярэдніх удараў тлумачылі тым, што «неанацысты размяшчаюць бронетэхніку і артылерыю ў школах».

Як туды дабілі?

Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, удар па гандлёвым цэнтры ў Краменчугу нанеслі савецкімі супрацькарабельнымі ракетамі X-22, якія стаяць на ўзбраенні з канца 1960-х. Гэтыя ракеты часам называюць «лятучым бервяном», але іх максімальная далёкасць – 600 км, хуткасць – звышгукавая.

Ракета X-22.
Фота: missilery.info

Ракеты выпусцілі з дальніх бамбавальнікаў Ту-22 М3, якія ўзляцелі з аэрадрому Шайкаўка на захадзе Калужскай вобласці Расеі, пускі былі зробленыя над Курскай вобласцю. Удар наносілі не ў адзін пункт: паводле Збройных сілаў Украіны, у той жа дзень білі па Палтаве, Адэшчыне, Харкаве… Украінскія палітыкі і вайскоўцы зноў і зноў просяць замежнай дапамогі сістэмамі супрацьпаветранай абароны, якіх ва Украіны бракуе.

Чаму цяпер так шмат забітых?

«Амстор» – адзін з найбуйнейшых гандлёвых пунктаў у цэнтры гораду. Удар нанеслі а 16-й гадзіне дня – прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі кажа, тады ў будынку былі каля тысячы чалавек. Генпракурорка Украіны Ірына Вэнэдзіктава заявіла, што адпрацавала ўзмацненне адказнасці ўласнікаў гандлёвых цэнтраў за невыкананне правілаў эвакуацыі падчас паветранай трывогі.

Гандлёвы цэнтр «Амстор» да разбурэння. Крамянчуг, Украіна.
Фота: focus.ua

Паветраная трывога гучала перад абстрэлам, але эвакуявацца паспелі не ўсе: кажуць, між пачаткам трывогі і выбухам ракеты прайшло замала часу. Мясцовыя жыхары расказваюць, што раней па самым цэнтры гораду не білі, а такіх моцных выбухаў яшчэ не чулі.

Як на гэта адрэагавалі за мяжой?

Лідары краінаў «Вялікай сямёркі» асудзілі атаку і нагадалі, што ўдары без разбору па мірным насельніцтве – гэта ваеннае злачынства, за якое будуць несці адказнасць Уладзімір Пуцін і астатнія датычныя. Украіне паабяцалі далейшую фінансавую, гуманітарную і вайсковую дапамогу «гэтак доўга, як будзе трэба»:

«Мы не спынімся, пакуль Расея не спыніць яе жорсткую і бессэнсоўную вайну супраць Украіны», – гаворыцца ў заяве G7.

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў , што гэтая атака «зноў паказала глыбіню жорсткасці і барбарства, да якіх апусціўся расейскі лідар». Паводле яго, такія атакі «не дадуць нічога, акрамя ўмацавання рашучасці Вялікай Брытаніі і ўсіх іншых краінаў G7».

Атаку назваў «абсалютна непрымальнай» афіцыйны прадстаўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Стэфан Дзюжарык (Stéphane Dujarric). У сувязі з атакай вечарам 28 чэрвеня пройдзе паседжанне Рады Бяспекі ААН.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў