У Літве адбыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў: перамагае Гітанас Наўседа


26 траўня ў Літве адбыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў, у якім сустрэліся лідар краіны Гітанас Наўседа і прэм’ер-міністарка Інгрыда Шыманіце.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адказвае на пытанні журналістаў пасля галасавання на выбарчым участку ў раёне Новая Вільня. У Літве 12 траўня праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Вільня, Літва. 12 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Як паведамляе Delfi, Гітанас Наўседа лідаруе па ўсёй Літве: паводле дадзеных са 1102 участкаў (усяго 1895), за яго прагаласавалі 81.73% выбарнікаў, а за Інгрыд Шыманіце – 16.78%.

Пазней разрыў трошкі скараціўся: пасля апрацавання дадзеных з 1650 участкаў Наўседа атрымаў 77.17% галасоў, а Шыманіце – 21.28%. Пасля апрацавання звестак з 1723 участкаў паказнікі складалі ўжо 76.36% і 22.1% адпаведна. Аднак агульны вынік змяніцца ўжо не можа.

Шыманіце не стала чакаць канчатковага падліку галасоў і павіншавала свайго апанента на выбарах з перамогай.

«У першую чаргу я хацела б павіншаваць абранага прэзідэнта Літвы, паколькі, хоць яшчэ няма вялікай колькасці галасоў, але, я думаю, што вынік гэта не зменіць», – сказала журналістам Шыманіце.

Галасаванне завершылася ў 20:00 па мясцовым часе. Яўка ў другім туры аказалася не надта высокай: усяго сваю волю выказалі 49,61% выбарнікаў. Пяць гадоў таму падчас другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Літве яўка была вышэй і складала 53,46%.

Нагадаем, сёлета ў першым туры за Гітанаса Наўседу прагаласавалі 43,95 % выбарцаў, а Інгрыда Шыманіце набрала 20,05 % галасоў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў