news
Агляд

Вы не паверыце, на якую лухту вядуцца беларусы. Яны вераць махлярам і губляюць гіганцкія сумы

Ад «дэкларавання» ашчаджэнняў і перадаплаты за няіснае да нейра-Азаронка. Як абараніцца?
27.05.202406:11

За мінулы год у Беларусі зарэгістравалі 85 тысяч злачынстваў, з іх амаль 12 тысячаў былі звязаныя з махлярствам. Колькі б ні заклікалі не верыць махлярам, беларусы пастаянна губляюць сотні тысяч рублёў праз сваю даверлівасць, а махляры знаходзяць усё новыя спосабы выцягнуць грошы. «Белсат» расказвае, як падманваюць беларусаў – і як абараніцца.

З 1 сакавіка ў Беларусі запрацавала новая сістэма барацьбы з кібермахлярамі, якая мусіць выяўляць і спыняць несанкцыянаваныя плацежныя аперацыі, блакаваць нетыповыя і падазроныя плацяжы. Ды махляры ўмеюць пераканаць аддаць грошы так, каб абысці ўсе такія сістэмы, а кліентам банкаў часам даводзіцца даказваць праз суд, што яны сталіся ахвярамі махляроў.

У Беларусі па-ранейшаму дзеюць фальшывыя знахары-чараўнікі або фальшывыя памочнікі ў атрыманні візаў. Па-ранейшаму спрацоўвае спосаб «вы выйгралі, увядзіце свае звесткі, каб атрымаць выйгрыш». На беларусаў даўно цэляцца і замежныя махляры – дзякуючы онлайн-перакладнікам, «нігерыйскія прынцы» і «мальтыйскія фінансісты» нават засвоілі беларускую мову.

Але махляры ўвесь час прыдумляюць новыя спосабы. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, цяпер актуальныя куплі-продажу няісных тавараў (асабліва праз Instagram), тэлефанаванні ад імя працаўнікоў банкаў і прапановы інвеставаць у крыптавалюты. Новая мода – тэлефанаванні ад імя мабільных аператараў.

Вось толькі некаторыя гісторыі пра махляроў, якія расказвалі з пачатку 2024 года. Звярніце ўвагу: гэта толькі выкрытыя выпадкі махлярства, а могуць быць і зусім новыя схемы, пра якія яшчэ не стала вядома сілавікам і медыям!

Hавiны
Беларусь – у топе Сусветнага індэксу кіберзлачыннасці
2024.04.12 16:29

Тэлефануюць ад імя сілавікоў і прапануюць застрахаваць або задэклараваць грошы 

Пераконваюць, што незаконна трымаць вялікія сумы наяўнымі або папярэджваюць, што грошы спрабуюць скрасці махляры, таму іх трэба перавесці на «бяспечны» рахунак (сапраўдным махлярам). Могуць паказваць фальшывыя пасведчанні ці дакументы аб крымінальных справах. Могуць пераканаць прадаць усе каштоўнасці і нават жытло.

Гэтак, пенсіянерка з Менску мела ашчаджэнні на больш як (гэта не памылка набору!) 760 тысяч еўраў наяўнымі. Праз мэсэнджар ёй патэлефанаваў «працаўнік Дэпартаменту фінансавых расследаванняў» і сказаў, што ейнымі грашыма хочуць завалодаць махляры, таму грошы трэба прывезці і задэклараваць. Праз век жанчына не здолела прыехаць, дык па грошы прыйшоў кур’ер. Яна не захацела адчыняць дзвярэй кур’еру, таму скінула яму грошы з гаўбца.

Ад імя сілавікоў або працаўнікоў банку засцерагаюць, што на чалавека ўзялі крэдыт 

Могуць пераканаць, што, каб грошы «не дасталіся махлярам», трэба перадаць пашпартныя звесткі – якімі і скарыстаюцца сапраўдныя махляры. А могуць і проста папрасіць перавесці грошы на «бяспечны» рахунак, «каб не скралі» (і скрасці).

Гэтак, віцябляніну тэлефанавалі «праваахоўнікі» і апавялі, што на ягонае імя злачынцы ўзялі крэдыты, а для выкрыцця злачынцаў трэба ўзяць яшчэ крэдыты. Ён перавёў «праваахоўнікам» 23 тысячы рублёў, нягледзячы на тое, што махляры тэлефанавалі нават не з беларускага, а з украінскага нумару.

Hавiны
Махляры прадстаўляюцца сілавікамі і выманьваюць грошы ў беларусаў. Чаму гэта стала магчымым?
2024.02.01 23:02

Падманваць могуць ад імя каго заўгодна: хоць «Белтэлекаму», хоць «Белпошты» 

Могуць казаць, што канчаецца SIM-картка, што на рахунку ўзнікла раптоўная запазычанасць, што трэба ўсталяваць праграму правярання якасці паслуг ці што трэба паставіць антывірус, што прыйшла нейкая пасылка і што для дастаўкі трэба ўпісаць асабовыя звесткі.

Могуць дзеяць як актыўна, гэтак і пасіўна. Напрыклад, ад імя заводу «Прамень» махляры пісалі тым, хто цікавіўся лімітаванымі серыямі гадзіннікаў, і прапаноўвалі набыць гадзіннікі з насамрэч ужо распрададзенай калекцыі. Іншыя махляры стварылі фальшывы сайт «аплаты камунальных паслуг» – салігарчанка сама знайшла гэты сайт і заплаціла ўсімі грашыма на рахунку.

Махляры ствараюць фальшывыя акаўнты кіраўнікоў кампаніяў і пішуць «падначаленым» 

Могуць выдаваць «падначаленым» заданні або распытваць пра кліентаў кампаніі. Могуць прасіць «дапамагчы праваахоўнікам» ці, наадварот, пужаць ператрусамі.

Як піша «Альфа-банк», зламыснікі могуць падрабляць таксама голас і відэа начальніка. Няясна, гаворка пра тэарэтычную магчымасць ці пра рэальныя злачынствы. Але махляры ўжо рабілі нейрасеткамі фальшывую рэкламу ад імя прапагандыста Грыгорыя Азаронка, які заклікаў інвеставаць у фальшывыя акцыі «Газпрома».

Hавiны
Пенсіянер зразумеў, што яго падманваюць махляры, але не разгубіўся
2024.03.04 13:10

Фальшывыя брокеры паказваюць прыбыткі, якіх няма, і не вяртаюць грошай 

Махляры працуюць з фальшывымі біржамі крыптавалютаў, акцыяў і каштоўных папераў, выдаюць сябе за трэйдараў, могуць камбінаваць гэты спосаб махлярства з «тэлефанаваннямі з міліцыі» ды іншым.

Напрыклад, мянчук уклаў тысячы рублёў у фальшывую крыптабіржу, не змог вывесці грошай, знайшоў у інтэрнэце кампанію, якая абяцала ўсё вярнуць ад махляроў, заплаціў той 3000 рублёў – і «памочнікі» зніклі.

Перад сумнеўнаю пакупкаю просяць перадаплату – і знікаюць 

Гэтак, напрыклад, «прадаюць» і «здаюць» кватэры. «Перадаплату» могуць прасіць за што заўгодна: транспартавыя сродкі, тэлефоны, фены, садовыя арэлі, журавіны… Падманваць могуць як фальшывыя прадаўцы, гэтак і махляры-пакупнікі. Паводле звестак банкаўскага працэсінгавага цэнтру, махляры апошнім часам менш займаюцца сацыяльнай інжынерыяй (падманам даверлівых з выцягваннем асабовых звестак) і больш – гэткім махлярствам у электроннай камерцыі.

Схема з «перадаплатаю» працуе не толькі ў інтэрнэце, але і офлайн. Аднойчы замежнік ехаў машынаю па горадзе, заўважыў мінака, прапанаваў купіць яму будаўнічыя інструменты, бо іх не возьмуць у ручную паклажу на самалёт, атрымаў ад пакупніка больш за 1700 рублёў, аддаў толькі гарантыйны талон і інструкцыю на бензапілу – і з’ехаў.

Hавiны
Бралі тавар у доўг і знікалі. У Менску падманулі дастаўнікаў на 3 млн рублёў
2024.03.18 09:16

Махлярамі могуць быць як незнаёмцы, гэтак і знаёмыя 

Знаёмыя могуць пазычыць грошы або тэхніку і прайграць іх, могуць папрасіць аформіць крэдыт і не аддаць грошай, могуць падказаць «спосаб лёгкага заробку»… Гэтак, у Смаргонскім раёне жанчына абяцала знаёмым купіць для іх машыны ў Еўропе і Штатах, падманула аж 36 чалавек і здабыла амаль 1,4 мільёна рублёў.

Махляры могуць выдаваць сябе за знаёмых – асабліва за сваякоў у бядзе 

Могуць узламаць акаўнт сапраўднага чалавека і прасіць у сяброў грашовай дапамогі. А могуць імітаваць галасы родзічаў: калі заплаканы голас праз кепскую сувязь крычыць «Алё, мама, са мной бяда, дай грошай!», маці можа і не звярнуць увагі на тое, што голас чужы. Сілавікі заяўлялі, што пік такой схемы прыпаў на 2022 год і цяпер хвалю збілі, але толькі за студзень – люты 2024 года і толькі за «Алё, мама» распачалі 63 крымінальныя справы.

У сакавіку ў Менску адбылася кур’ёзная гісторыя: за схему «Алё, мама» судзілі групу махляроў, дык адна з падсудных пайшла на наступную «справу» – забраць 20 тысяч долараў у пенсіянеркі – проста з залы суда. Штосьці пайшло не так, давялося ісці пад суд паводле новага абвінавачвання.

Hавiны
Махляры скарысталіся практыкай беларускіх сілавікоў, каб абкрадаць настаўнікаў
2024.05.01 14:39

Ёсць безліч іншых спосабаў махлярства 

Напрыклад, мянчанка хацела зарабіць, знайшла абвестку з прапановай атрымаць грошы за спампоўванне праграмаў і пакіданне водгукаў, але каб атрымаць аплату і зарабіць больш, яе папрасілі ўвайсці са свайго «iPhone» у іншы ўліковы запіс: калі ўвайшла – тэлефон заблакавалі і запатрабавалі 300 долараў за разблакаванне.

Мянчук пазнаёміўся з дзяўчынай у інтэрнэце, першае спатканне прызначылі ў кавярні, дзяўчына папрасіла зарэзерваваць столік, скінула спасылку – «рэзервацыя» нечакана каштавала хлопцу 2400 рублёў, а спаткання не адбылося. Летась такім чынам запрашалі на стэндап.

Віцяблянка пазнаёмілася з «брытанцам» – яна яму так спадабалася, што ён хацеў перадаць ёй свае медалі, але за перасылку давялося заплаціць больш за 33 тысячы долараў.

Гэта далёка не ўсе схемы махлярства, выкрытыя з пачатку года, але галоўны прынцып ува ўсіх такі: махляры знаходзяць людзей, якія не думаюць, што робяць і для каго.

Як не трапіць у пастку махляроў 

0. Перадусім: памятаць, што век не абароніць. Найчасцей ахвярамі махляроў становяцца пенсіянеры, але нярэдкія выпадкі і з асобамі 20–30 гадоў. Пенсіянераў, вядома ж, трэба інструктаваць наконт новых тэхналогіяў і новых спосабаў махлярства. Але і маладым нельга забываць пра наступныя парады.

1. Не верыць званкам у мэсэнджары. Сілавікі запэўніваюць: следчыя, міліцыянты, банкаўскія працаўнікі ці прадстаўнікі мабільнага аператара не стануць тэлефанаваць у мэсэнджары. Гэта не зусім праўда: сілавікі праз мэсэнджары кантактуюць з фігурантамі палітычных справаў, а ваенкаматы спрабуюць высылаць такім шляхам позвы. Але кім бы ні называліся, лепш не слухаць, а самастойна звязацца з адпаведным банкам ці аператарам праз афіцыйныя кантакты, якія можна самастойна адшукаць на афіцыйных сайтах. Або, калі гаворка пра сілавікоў, дык тыя самі заклікаюць набраць 102 – расказваць, хто тэлефанаваў і пра што казаў, прасіць спраўдзіць.

2. Не ўсталёўваць ніякіх праграмаў з неафіцыйных крыніцаў. Калі прадстаўнік банку ці мабільнага аператара просіць усталяваць праграму, варта зайсці на афіцыйны сайт банку ці аператара і знайсці там спасылкі на афіцыйныя праграмы. І тым больш не даваць незнаёмцам дыстанцыйнага доступу да свайго тэлефона ці камп’ютара.

3. Не ўводзіць сваіх звестак на падазроныя сайты. Гаворка не толькі пра сайты, якія абяцаюць выйгрыш. Махляры могуць зрабіць дакладныя копіі сайтаў і нават назваць іх падобна, як то Faecbook.com, Belarysbank.by ці Belpost.be (прыклады выдуманыя). Могуць ствараць фальшывыя канцэртавыя агенцтвы. Перад уводам асабовых звестак, асабліва звязаных з плацяжамі, лепш некалькі разоў праверыць, куды іх просяць увесці і ці прапануе такую паслугу сапраўдная кампанія або сапраўдная пляцоўка ці артыст.

4. Правяраць знаёмых, калі яны просяць незвычайныя рэчы. Калі сяброўка піша нешта кшталту «прагаласуй за мяне ў конкурсе, вось спасылка», варта спытаць штосьці, што будзе ведаць толькі гэтая сяброўка і што раней не згадвалася ў гэтым ліставанні. Калі сябра піша, «глядзі, тут пра цябе апублікавалі, вось спасылка», лепш па спасылцы не пераходзіць, а зноў жа пераканацца, што піша сапраўды той сябра. Калі нават сын ці дачка заплаканым голасам просяць дапамогі з незнаёмага нумару, лепш спраўдзіць, што гэта сапраўды сын ці дачка.

5. Не набываць тавараў з перадаплатаю з падазроных месцаў. Калі гаворка не пра буйную і вядомую пляцоўку, лепш дамаўляцца на аплату па атрыманні тавару. Калі невялікая кампанія так не працуе, пачытаць водгукі пра яе – чытаць найгоршыя водгукі і ацэньваць іх адэкватнасць. Нават калі прапанова прывабная, напрыклад, здача кватэры за вельмі выгадную цану, не верыць, калі кажуць, што без перадаплаты аддадуць прапанову іншым.

6. Не ўвязвацца ў біржы і крыптавалюты без глыбокіх ведаў справы. Гуляць на біржы і разбагацець цалкам магчыма, як магчыма і паспяхова спекуляваць на крыптавалютах. Але ў пачаткоўца не толькі высокія шанцы трапіць на махляроў, але і большая імавернасць прайграць на сапраўдным рынку.

7. І наагул – скептычна ставіцца да «халявы» і пагрозаў. Ці то новае футра за 50 рублёў, лёгкая праца з заробкам тысяча долараў на месяц ці закаханы багацей, ці то пагроза ператрусу ад ДФР, засцярога перад махлярамі ад следчага ці крык пра дапамогу ад быццам бы сваяка – лепш сто разоў праверыць, чымся перадаваць свае грошы і асабовыя звесткі.

Hавiны
Статыстыка: кожны чацвёрты беларус станавіўся ахвярай махлярства
2023.11.18 10:39

Алесь Наваборскі belsat.eu