«Кіберпартызаны» распавялі, як абыходзіць блакаванні інтэрнэту для ўдзелу ў выбарах у КР


«Кіберпартызаны» пацвердзілі «Белсату» звесткі пра блакаванні інтэрнэту ў Беларусі, якія ўзніклі ў дзень пачатку галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга склікання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Нам паведамляюць падпісчыкі з Беларусі, што блок датычацца мабільнага трафіку. На стацыянарных камп’ютарах усё працуе», – заявілі «Кіберпартызаны».

Паводле іх, блакуюць, верагодна, толькі папулярныя vpn, пра якія сілавікі ведаюць.

«Варта спрабаваць менш папулярныя, альбо выкарыстоўваць іншыя сродкі ананімізацыі трафіку, напрыклад, Tor. Дарэчы, ужо пайшлі паведамленні, што ўсё працуе», – адзначылі «Кіберпартызаны».

Абноўлена. Пазней «Кіберпартызаны» ўдакладнілі, што ў Беларусі не працавалі нават прыватныя VPN. Таму, на іх думку, адбывалася не блакаванне асобных сэрвісаў. Магчыма, улады блакавалі на падставе DPI. У такім разе абыходзіць абмежаванні можа дапамагчы абфускацыя, якая ёсць у некаторых VPN.

Выбары ў КР пачаліся апоўначы 25 траўня і, згодна з першапачатковым планам, мусяць завяршыцца а 23:59 27 траўня. Хутка пасля запуску галасавання адбылася масаваная DDoS-атака на платформу для галасавання. Спробу парушыць працу сістэмы адбілі. Пра тое, што «нічога страшнага не адбылося», заявіў кіраўнік IT-платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер, каманда якога распрацавала інфраструктуру для верыфікацыі выбарнікаў і онлайн-галасавання «Belarus ID».

Карыстальнікам у Беларусі таксама прыходзілі падазроныя спасылкі з заклікам узяць удзел у галасаванні на выбарах у Каардынацыйную раду (КР) трэцяга складу. У Выбарчай камісіі раілі па іх не пераходзіць. Апроч таго, у Беларусі пачаліся праблемы з доступам да VPN-сэрвісаў, патрэбных для таго, каб прагаласаваць незаўважна для сілавікоў.

Раней рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў усе 12 выбарчых спісаў экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пазней Следчы камітэт адкрыў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданне балатавацца ў КР.

Тэст
Выбары ўжо блізка. Прайдзі тэст і абяры свайго кандыдата ў Каардынацыйную раду
2024.05.23 10:06

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў