«Der Spiegel» апавёў, пры якіх умовах Польшча і краіны Балтыі скіруюць войскі ва Украіну


Крыніцы «Der Spiegel» сцвярджаюць, што Польшча і краіны Балтыі гатовыя скіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну, калі сітуацыя на фронце рэзка пагоршыцца. Артыкул выдання пад назваю «Страх вялікай вайны» цытуюць украінскія медыі.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

«Der Spiegel» сцвярджае, што на мінулым тыдні на палях канферэнцыі ў Талліне дэпутаты балтыйскіх краінаў папярэдзілі прадстаўнікоў ураду Нямеччыны: калі расейцы дасягнуць стратэгічнага прарыву на фронце, краіны Балтыі і Польшча скіруюць ва Украіну свае войскі.

«Іх аргумент такі: калі расейцы здолеюць учыніць прарыў на ўсходзе Украіны праз тое, што Захад толькі напалову дапамагае Кіеву, сітуацыя можа рэзка абвастрыцца. У такім выпадку краіны Балтыі і Польшча не будуць чакаць разгортвання расейскіх войскаў на сваіх межах, яны самі адправяць войскі ва Украіну. І што гэта будзе азначаць, было зразумела: NATO стане бокам вайны», – піша нямецкае выданне.

Паводле «Der Spiegel», такога сцэнара баяцца і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

«Тыя, хто хоча абмежаваць вайну праз празмерную стрыманасць, насамрэч рызыкуюць вывесці яе з-пад кантролю», – рэзюмуе «Der Spiegel».

Hавiны
Эстонія разглядае магчымасць адпраўкі войскаў ва Украіну
2024.05.13 22:09

Нагадаем, абмеркаванне магчымасці скіраваць войскі краінаў NATO ва Украіну вядзецца ўжо даўно.

У канцы лютага 2024 года прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што выпраўленне вайскоўцаў NATO ва Украіну «не мусіць быць выключана». Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі станоўча ацаніў словы Макрона, зазначыўшы, што «прысутнасць сілаў NATO ва Украіне не ёсць чымсьці неймаверным». Разам з тым, шэраг краінаў NATO (у тым ліку ЗША, Вялікая Брытанія і Нямеччына) выступаюць рэзка супраць такога сцэнара.

У траўні дарадца прэзідэнта Эстоніі ў нацыянальнай бяспецы Мадыс Роль заявіў, што Эстонія аддала б перавагу адпраўленню войскаў ва Украіну ў складзе паўнавартаснай місіі NATO, аднак не выключае, што гэта будзе зроблена ў складзе меншай кааліцыі.

Аналітыка
Мэсідж Крамлю. Выпраўленне войскаў ва Украіну можа стаць для ЕЗ немінучым
2024.02.27 18:29

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў