Беларуская кніга запатрабаваная – гэта факт. Што паказаў кніжны кірмаш у Варшаве


Стэнд незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь» на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве цягам чатырох дзён збіраў самую вялікую колькасць наведнікаў.

«Зэкамерон» Максіма Знака на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве.
Фота: Белсат

Ад самага ранку 23 траўня да абеду 26-га беларусы прыходзілі нават сем’ямі, каб набыць тую ці іншую кніжку. Выдавецтвы «Miane Niama», «SkarynaPress», «Chabor», «Янушкевіч», «Słowianka», «Полацкія лабірынты», «hochroth Minsk», Fundacja Kamunikat.org, «Gutenberg Publisher» і іншыя прэзентавалі навінкі. Арганізатары, а гэта Інстытут беларускай кнігі, не чакалі сёлета такога попыту на беларускую кнігу.

«Зэкамерон» Максіма Знака набывалі нават не па адным асобніку, але яшчэ і для сяброў. Аўтар кнігі за кратамі. 6 верасня 2021 года яго пакаралі зняволеннем на 10 гадоў, абвінаваціўшы ў змове з мэтай захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Пакупнікі казалі, што дачакаюцца выхаду палітвязня на волю і дадуць яму кніжку на подпіс. Усе маюць спадзеў, што чакаць аўтограф-сесіі Максіма Знака давядзецца нядоўга.

Таццяна Нядбай, кіраўніца Беларускага ПЭНу, прадавала яго кнігі. Увесь час падносілі новыя асобнікі.

Распрадалі ўсё, што было ў наяўнасці. Чаму такая актыўнасць? Таццяна адказала на гэтае пытанне «Белсату»:

«Трэба мець на ўвазе, што сюды з’ехалі збольшага дастаткова актыўныя людзі. Яны хочуць і далей заставацца ў беларускай павестцы. Хочуць адчуваць гэтую супольнасць. Кніга дапамагае заставацца беларусамі і культурна згуртавацца. Але ёсць праблема ў тым, што мы добра выдаем кнігі ў замежжы, а ў самой Беларусі гэта ўжо амаль немагчыма.

Застаюцца яшчэ фарматы электроннай кнігі, якія, на жаль, не такія папулярныя ў Беларусі. На іх выдаўцы не могуць кампенсаваць сваіх выдаткаў. Але і электронныя кнігі могуць з меркаванняў бяспекі падштурхнуць людзей адмовіцца ад іх».

Таццяна Нядбай канстатуе, што гэта заганяе Беларусь на расейскі кніжны рынак і рынак той беларускай кнігі, якую сёння выдаюць афіцыйныя выдавецтвы.

«А гэта ідэалагізаваныя кнігі, якія апраўдваюць рэпрэсіі, гвалт, даюць толькі ідэалагічную версію таго, што адбывалася ў часы Другой сусветнай вайны. Такімі кнігамі насычаюцца бібліятэкі, з якіх потым выкідаюць кнігі незалежных аўтараў, нелаяльных да ўладаў. Усё гэта стварае дысбаланс і робіць сітуацыю ўнутры самой Беларусі складанай», – тлумачыць яна.

Таццяна Нядбай кажа, што ў замежжы адрадзіліся выдавецтвы, якіх выціснулі з Беларусі, і нават з’явіліся новыя. Але беларускі рынак невялікі. Наклады малыя, не такія, як у Польшчы – дзясяткі і сотні тысячаў, – і гэта робіць кнігу больш дарагой. «А ў замежжы беларусы вымушаныя адкладаць грошы на першаснае: жытло, ежа, легалізацыя. А трэба яшчэ пераязджаць з кватэры на кватэру, а гэта таксама складае нязручнасці. Нам у школе казалі, што веды не цягнуць, а тут мы бачым, што кнігі цягнуць і яшчэ як ускладняюць пераезды», – заўважае яна.

Тым не менш, нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, наведнікі набывалі кнігі. Я падышла да жанчыны, якая трымала ў руках некалькі кніжак. Яна назвалася – Вольга Пінчук, працаўніца ІТ-кампаніі.

Працаўніца IT-кампаніі Вольга Пінчук на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве.
Фота: Белсат

«Я ішла мэтанакіравана купляць. Знайшла ўсё, што хацела. Вядома, хацелася паглядзець, ці шмат людзей будзе на стэндзе. Бо ў мінулым годзе было няшмат. Выдаўцы такія сумотныя хадзілі, глядзелі адзін на аднаго. А сёлета столькі народу прыйшло, што не прапхнуцца, каб дабрацца ўсярэдзіну стэнду паглядзець, што там за кнігі. Людзі ідуць-ідуць-ідуць, і гэта вельмі прыемна. Я разумею, што тут такія ж, як я, вымушаныя перасяленцы. Прыемна, што людзі сочаць за выдавецтвамі, якія кнігі выходзяць у свет, якія перакладаюць, скупляюць навінкі. Вядома, можна набыць праз інтэрнэт, але людзі прыходзяць сюды. Напэўна, хочуць яшчэ і пабачыць адзін аднаго. Паглядзець у вочы гэтым мужным людзям, якія працягваюць выдаваць кнігі на беларускай мове.

Я набыла «Валадара пярсцёнкаў», аб якім марыла некалькі гадоў, чакала новы пераклад. Стывэна Кінга некалькі кніжак набыла, ну і выдавецтва «Gutenberg» набыла зборнік вершаў, які перакладаў мой вельмі любімы чалавек, мой сябар. Вядома, не магла прайсці міма», – расказвае пакупніца.

Яраслаў Іванюк, кіраўнік Фонду «Kamunikat.org».
Фота: Белсат

Каля стэнду Яраслава Іванюка, кіраўніка Фонду «Kamunikat.org», таксама ўвесь час шматлюдна. Пакупнікі бяруць кніжкі, уважліва разглядаюць. Якія кніжкі карыстаюцца попытам? Чаму некаторыя гадамі ляжаць на паліцах незапатрабаваныя, а іншыя, нягледзячы на тое, што ва ўсім свеце змяншаецца колькасць ахвочых набываць папяровыя кнігі, разбіраюць як гарачыя піражкі?

Яраслаў Іванюк як выдавец добра ведае адказ на гэтае пытанне:

«Я магу спаслацца на польскі YouTube наконт продажаў кніг ад пачатку 2024 года. Не прыгадаю прозвішча аўтаркі, але яе кніжка прадалася колькасцю 450 тысяч. Гэта кніга навуковая пра гісторыю жанчын-сялянак у розных рэгіёнах Польшчы, пра якую ніколі раней не пісалася. Мая сяброўка сказала мне, калі яе прачытала: «Я адчувала, што ўсё было кепска для жанчын, але не думала, што да такой ступені».

У чым прычына такой папулярнасці? Трэба ведаць, што ў Польшчы прынята было ўвесь час пісаць пра гісторыю шляхты, а гэта ж 2-3 % ад колькасці ўсяго грамадства. Ледзь не 90 % грамадзянаў Польшчы з’яўляюцца нашчадкамі сялян, а не шляхты. І гэтаму не вучаць у школе. Разумею чаму, бо ёсць жа не толькі гісторыя, але і гістарычная палітыка.

Таму і ў беларускай літаратуры найбольшым попытам карыстаюцца кнігі на тэмы, пра якія не пісалася раней. Вось мы выдалі тры гады таму кнігу Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном». Два наклады кнігі разышліся поўнасцю. Няма больш ніводнага асобніку. А яе ж не сталі друкаваць у Беларусі ні ў водным выдавецтве. У гэтай кнізе Някляеў імкнуўся разгадаць прычыны смерці Янкі Купалы. У нас ёсць кніга, выдадзеная «Свабодай», Змітра Бартосіка пра Маладзечаншчыну часоў Другой сусветнай, пра антысавецкі супраціў беларусаў. Таксама карыстаецца попытам».

Што тычыцца дзіцячай літаратуры, то яна вельмі патрэбная, але яе няшмат, канстатуе Яраслаў Іванюк:

«Вось тут, на кірмашы, заходзіш на польскі стэнд з дзіцячай літаратурай і бачыш, што кніга ў цвёрдай вокладцы, у якой ёсць 10 старонак, каштуе 10 злотых. Бо тыраж не меншы за 10 тысяч асобнікаў. А ў нас такая кніжка каштавала б 50-60 злотых. Таму і выдавец мусіць думаць, ці акупіцца гэта, ну і галоўнае, што і перад пакупніком няёмка прадаваць дзіцячую кніжку за такія грошы».

Сёння, у апошні дзень кірмашу, больш за ўсё наведнікаў заўважана каля беларускага стэнду. Ён месціцца напрыканцы выставачнай залі ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве. Польскія наведнікі таксама падыходзяць да стэнду пацікавіцца, чаму тут столькі людзей. Між тым, на паліцах кніг становіцца ўсё менш і менш. Задаволеныя і выдаўцы, і пакупнікі: у адных ёсць стымул выдаваць новыя кнігі, у другіх – чакаць цікавыя навінкі.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў