Ля амбасады Беларусі ў Вільні апаганілі народны мемарыял ахвярам рэпрэсіяў


У нядзелю, 26 траўня, каля амбасады Беларусі ў Вільні невядомы мужчына раскідаў нагамі знічы і партрэты ахвяраў палітычных рэпрэсіяў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

Невядомы мужчына раскідаў нагамі знічы і партрэты рэпрэсаваных ля амбасады Беларусі ў Вільні.
Фота: Ілля Міронаў / Facebook

Інцыдэнт каля амбасады Беларусі здарыўся каля 11 гадзінаў 26 траўня.

LRT.lt паведамляе, што мужчына, які апаганіў народны мемарыял, паводзіў сябе неадэкватна. Ён раскідаў нагамі знічы і партрэты рэпрэсаваных, а потым спрачаўся з ахоўнікам. Уцячы ён не спрабаваў.

Як паведамляе Delfi са спасылкай на прадстаўніцу віленскай паліцыі Юлію Самаракоўскую, падазраванага затрымалі.

«Цяпер ён знаходзіцца ў камісарыяце паліцыі, у дачыненні яго, хутчэй за ўсё, будзе распачатая адміністратыўная справа за парушэнне грамадскага парадку», – сказала Юлія Самаракоўская.

Па словах прадстаўніцы паліцыі, праваахоўнікі высвятляюць, ці не знаходзіўся мужчына пад уздзеяннем алкаголю ці наркотыкаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў