Першае прышэсце пуцінізму. 30 гадоў таму ў Маскве скончылася грамадзянская вайна


Гэты дзень мае мноства назваў: «кастрычніцкі путч», «чорны кастрычнік», «ельцынскі пераварот», «падзеі 3–4 кастрычніка 1993 года», «разгон З’езду народных дэпутатаў і Вярхоўнага Савету» і гэтак далей. Але самая папулярная з іх – «расстрэл Белага дому». Як выйшла, што барацьба прэзідэнта-дэмакрата з хаўрусам камуністаў, манархістаў і неанацыстаў запомнілася ў якасці «расстрэлу парламенту»? Чаму тыя, хто прайграў, атрымалі рэванш? Якія ўрокі нам дае той перыяд парламенцкай рэспублікі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Танкі Таманскай дывізіі расстрэльваюць будынак Вярхоўнага Савету Расеі. Масква, Расея. 4 кастрычніка 1993 года.
Фота: ТАСС / wikipedia.org

«Таварышы, падымайце самалёты, ляціце бамбаваць Крэмль!» – крычаў у жывым эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» 2 кастрычніка 1993 года віцэ-прэзідэнт РФ Аляксандр Руцкой. Вярхоўны Савет ужо абвясціў яго прэзідэнтам, і яны яшчэ спадзяюцца перамагчы ў канфлікце з Барысам Ельцыным.

Лётчыкі Руцкога не паслухалі. Але верныя яму ўзброеныя атрады напалі на гатэль «Мір» і мэрыю, атакавалі тэлецэнтр «Астанкіна». У Маскве працягваецца грамадзянская вайна.

Раніцай 4 кастрычніка (пішуць пра 8, 9 і 10 гадзінаў) танкі пачынаюць абстрэл Белага дому ў Маскве, што завяршае супрацьстаянне Вярхоўнага Савету і прэзідэнта – да вечара мяцежнікі склалі зброю і здаліся. Яны прайгралі, і гэта паставіла кропку ў гісторыі савецкай улады. На той момант здавалася, што дэмакратычныя сілы перамаглі, пераможаны паўторны путч і рэваншу таталітарызму не будзе.

Шызафрэнія двоеўладдзя і канстытуцыйны крызіс

Перыяд 1991–1993 гадоў, аж да прыняцця на рэферэндуме Канстытуцыі РФ, даволі складаны для вывучэння. Ён шматслойны.

Напрыклад, краіна ўжо называлася Расеяй і РФ, але да траўня 1992 года герб быў ранейшы, савецкі, з надпісам «РСФСР». А да снежня 1993 года замест «РСФСР» было напісана «Расейская Федэрацыя» – пад пяціканцовай зоркай, над сярпом і молатам, між каласоў, звязаных стужкай з дэвізам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».

Хто ў тыя гады быў галоўнейшым – прэзідэнт ці З’езд народных дэпутатаў? І чым адрозніваюцца З’езд і Вярхоўны Савет? Паводле Канстытуцыі РСФСР з праўкамі 1992 года, З’езд народных дэпутатаў – найвышэйшы орган улады ў РФ, складаецца з 1068 чальцоў і фармуе са свайго ліку Вярхоўны Савет – сталы заканадаўчы орган. А прэзідэнт – найвышэйшая службовая асоба, паўнамоцтвы якой значна абмежаваныя З’ездам. Згодна з той Канстытуцыяй, прэзідэнт не меў права роспуску ні З’езду, ні Вярхоўнага Савету.

Усе гэтыя калізіі, памножаныя на амбіцыі палітыкаў, эканамічны крызіс і іншыя наступствы распаду СССР, прывялі ў выніку да супрацьстаяння. Але пачалося яно яшчэ ў канцы 1991 года.

Спачатку З’езд народных дэпутатаў даў прэзідэнту Ельцыну надзвычайныя паўнамоцтвы ў правядзенні рэформаў. На той час ужо быў гатовы новы праект Канстытуцыі, але абмяркоўваць яго не сталі. Рэйтынг Ельцына перавышаў 50 %, але ў краіне быў і віцэ-прэзідэнт – гэтую пасаду ўвялі разам з прэзідэнцкай, займаў яе генерал-маёр Аляксандр Руцкой. Менавіта ён 30 лістапада 1991 года пачаў супрацьстаянне, выступіўшы супраць эканамічных рэформаў ураду Ягора Гайдара. Мабыць, Руцкога пакрыўдзіла, што не яго прызначылі прэм’ер-міністрам – ягоная пасада не давала рэальнай улады.

Саюзнікам віцэ-прэзідэнта стаў Вярхоўны Савет на чале з Русланам Хасбулатавым, і парламент пачаў заварочваць ініцыятывы прэзідэнта. Былы прафесар эканомікі, Хасбулатоў, напэўна, таксама разлічваў на пасаду кіраўніка ўраду, але выканальнікам абавязкаў прэм’ера стаў Гайдар, які некалі адхіляў артыкулы Хасбулатова ў партыйна-эканамічным часопісе.

Урад Гайдара стаў зручнай мішэнню для Вярхоўнага Савету. З’езд пад кіраўніцтвам Хасбулатова пастаянна крытыкаваў урад і рэформы, дамагаўся адстаўкі Савету Міністраў, абмяжоўваў паўнамоцтвы прэзідэнта, выдаваў бюджэтныя крэдыты прадпрыемствам і галінам, а падкантрольны З’езду Цэнтрабанк друкаваў грошы на яго ініцыятывы, што прывяло да гіперінфляцыі. У гэтым З’езду дапамагала канстытуцыйная норма аб тым, што ён «правамоцны прыняць да разгляду і вырашыць любое пытанне, аднесенае да вядзення РФ» – яна амаль прыраўноўвала З’езд да ўраду.

Здавалася, ёсць выйсце са становішча – рэферэндум аб даверы прэзідэнту, З’езду і саветам, ураду і рэформам. І Ельцын прапаноўваў правесці такое галасаванне. Але рэйтынг Ельцына быў вышэйшы за рэйтынг З’езду (які быў правамоцны абвясціць рэферэндум) і асабіста Хасбулатава, так што ідэя правалілася.

1 снежня 1992 года Вярхоўны Савет паспрабаваў змяніць Канстытуцыю, падпарадкаваўшы сабе ўрад. Спрабуючы дамагчыся кампрамісу, Ельцын ахвяраваў Гайдарам – замест яго дэпутаты выбралі прэм’ерам «моцнага гаспадарніка» Віктара Чарнамырдзіна, – але гэта не дапамагло. Да вясны 1993 года дэпутаты адмовіліся ад забавязанняў, на рэферэндум аб новай Канстытуцыі забыліся, затое пачалі казаць пра імпічмент і дазволілі сабе адмяняць указы прэзідэнта.

Аналітыкі прапанавалі Ельцыну тры варыянты: кампраміс па ўраду і новых выбарах, разгон З’езду і новыя выбары, сілавы разгон З’езду. Ельцын вагаўся: ён звярнуўся да народу праз тэлебачанне, але не падпісаў указу аб увядзенні прамога прэзідэнцкага кіравання. Тым часам Руцкой і кіраўнік Канстытуцыйнага Суда Валерый Зоркін (займае гэтую пасаду дагэтуль) перайшлі на бок Хасбулатава.

Вулічныя баі каля Белага дому. Масква, Расея. 4 кастрычніка 1993 года.
Фота: Wojtek Laski / East News

Да 28 сакавіка Ельцын і Хасбулатаў дамовіліся аб адначасовых выбарах прэзідэнта і парламенту ў лістападзе. Але дэпутаты не прынялі кампрамісу – яны ледзь не адправілі свайго спікера ў адстаўку, і ўсяго некалькіх галасоў ім не хапіла для імпічменту. У выніку З’езд пагадзіўся на рэферэндум у красавіку – які прайграў: пры яўцы 64 % большасць падтрымала прэзідэнта (58,7 %) і працяг рэформаў (53 %), але выказалася супраць датэрміновых выбараў прэзідэнта (за – 31,7 %) і раскалолася паводле пытання датэрміновых выбараў дэпутатаў (за – 43,1 %).

Двоеўладдзе панавала і ў рэгіёнах – абласныя саветы маглі супрацьстаяць губернатарам; некаторыя савецкія партыйныя дзеячы карысталіся рэферэндумам для правядзення незаконных выбараў і аб’яўлялі сябе кіраўнікамі рэгіёнаў.

Маленькая беданосная вайна

1 траўня ў Маскве адбыліся беспарадкі: апазіцыя прэзідэнту пад савецкімі і манархічнымі сцягамі, з камуністычнымі і антысеміцкімі лозунгамі зладзіла спачатку маніфестацыю, а потым пабоішча з міліцыяй, пралілася першая кроў.

Гэты дзіўны саюз манархістаў, праваслаўных актывістаў і камуністаў, да якога далучыліся нацыяналісты і неанацысты, спарадзіў ярлык «чырвона-карычневыя» – менавіта яны ў выніку абаранялі ўладу саветаў і Белы дом.

Улетку працягваліся бясплодныя спробы дамовіцца: адміністрацыя прэзідэнта прыняла распрацаваны Канстытуцыйным нарадай праект асноўнага закону, пабудаванага на балансе галінаў улады, але Хасбулатаў перакрыў каналы прыняцця новай Канстытуцыі. Да канца лета Ельцын прыйшоў да высновы, што альбо рэформы, альбо двоеўладдзе – трэцяга не дадзена. І наважыўся на роспуск саветаў па ўсёй краіне.

Увечары 21 верасня прэзідэнт падпісаў указ № 1400, якім спыніў паўнамоцтвы дэпутатаў і прызначыў выбары на 12 снежня. Затым, атрымаўшы падтрымку з боку Захаду, Ельцын прызначыў прэзідэнцкія выбары на 12 чэрвеня 1994 года. Здавалася б, гордзіеў вузел рассечаны. Але Вярхоўны Савет абвясціў аб адхіленні Ельцына ад улады за парушэнне Канстытуцыі і абвясціў прэзідэнтам Руцкога. Хто ў гэтай сітуацыі меў рацыю, спрачаюцца дагэтуль.

Дэпутаты былі гатовыя да такога рашэння: у будынку парламенту нарыхтавалі запасы ежы і шмат рознай зброі: аўтаматы, пісталеты, кулямёты, гранатамёты, снайперскія вінтоўкі. У Белы дом сцягнуліся ультраправыя і ультралевыя, у тым ліку неанацысты Аляксандра Баркашова – «Русское национальное единство», а таксама ваенізаваныя групы, якія прайшлі Афганістан, Прыднястроўе або Абхазію (правобразы будучага ПВК Вагнэра).

У Крамлі вырашылі ўзяць дэпутатаў зморам – замест сцягвання войскаў адключылі ў Белым доме ваду, электрычнасць, каналізацыю і тэлефонную сувязь. Прэзідэнт асобным указам абяцаў дэпутатам недатыкальнасць, зарплаты, пенсіі і нават кватэры.

23 верасня ўзброеныя прыхільнікі Вярхоўнага Савету напалі на штаб Галоўнага камандавання сілаў СНД, забіўшы двух чалавек. Сутыкненні і перастрэлкі пачаліся і вакол Белага дому. У ім самім заканчваліся салярка, ежа і лекі, дэпутаты патрабавалі зняць блакаду і скасаваць указ № 1400, а Крэмль дамагаўся здачы зброі і вызвалення будынку. Пасярэднікам дэпутаты выбралі патрыярха Алексія II, які быццам бы схіляўся на іх бок. У яго рэзідэнцыі бакі дамовіліся: зброя будзе складзеная, а блакада знятая. Але раніцай 2 кастрычніка выявілася, што ў Белым доме ўзялі верх радыкалы, яны разарвалі дамоўленасці, пачалі ўзводзіць барыкады і рыхтаваць кактэйлі Молатава.

У той дзень у Белым доме быў карэспандэнт «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў, ён вывеў Руцкога ў жывы эфір, і той пракрычаў знакаміты заклік да лётчыкаў бамбаваць Крэмль. Пазней Венядзіктаў успамінаў: «Я блукаў па Белым доме, ад паста да паста. Было непрыемна: людзі, якія прыбылі з Прыднястроўя, пазіралі з падазрэннем на маё неарыйскае аблічча. Яны былі ўжо вельмі гарачыя. Там было вельмі шмат людзей і зброі. Прыязджалі нейкія добраахвотнікі з рэгіёнаў, былі нават падлеткі з Прыднястроўя, дзяўчынкі гадоў 15–16, вельмі агрэсіўныя. Нават у прыёмнай Руцкога людзі паводзілі сябе не па-ваеннаму: елі дзе прыйдзецца, валяліся бутэлькі ад вады і алкаголю, абгорткі ад бутэрбродаў і гамбургераў, якія неяк дастаўлялі. Былі п’яныя, благі пах — каналізацыя была адключаная».

Удзень 3 кастрычніка зноў пачаліся сутыкненні: прасавецкая дэманстрацыя з некалькіх тысячаў чалавек, узброеных арматурай, знесла міліцэйскія кардоны, затым загароды ля Белага дому. Руцкой з балкона заклікаў іх штурмаваць мэрыю і тэлецэнтр «Астанкіна». У міліцэйскім эфіры ён казаў: «Даю на роздум 10 хвілін… Калі не спыняць страляць па людзях — адкрыю агонь… шчэ раз звяртаюся да камандзіраў дывізіі Дзяржынскага: вы носіце слаўнае імя легендарнага чалавека, не ганьбіце пагонаў».

Камандзіру Софрынской брыгады Руцкой загадаў: «Вазьмі гатэль «Мір», пакладзі гэтых сук, я цябе чакаю, я цябе прашу адкрыць агонь па верхніх паверхах гатэлю «Мір» і мэрыі».

Вулічныя баі каля Белага дому. Масква, Расея. 4 кастрычніка 1993 года.
Фота: Wojtek Laski / East News

Мяцежнікі захапілі будынак мэрыі, а вайскоўцы вагаліся, і калі б унутраныя войскі не задушылі штурму «Астанкіна» атрадамі генерала-антысеміта Альберта Макашова, не вядома, як склалася б гісторыя Расеі. Тым часам Ельцын падпісаў указ аб надзвычайным становішчы і звольніў Руцкога з пасады віцэ-прэзідэнта і з вайсковай службы, а ў тэлеэфіры выступілі Гайдар, Лія Ахеджакава, Рыгор Яўлінскі ды іншыя артысты і палітыкі – яны падтрымалі прэзідэнта і заклікалі масквічоў выйсці на вуліцы дзеля абароны дэмакратыі. Некалькі тысяч гараджанаў сабраліся ля Массавету на мітынг па закліку Гайдара, а штурм «Астанкіна» быў адбіты коштам мноства ахвяраў. З мяцяжом змагаліся дрэнна ўзброеныя міліцыя і ўнутраныя войскі, а таксама бяззбройныя гараджане. Вакол Белага дому стралялі неапазнаныя снайперы.

Раніцай 4 кастрычніка баі працягваліся ўжо каля Белага дому. Потым прыйшлі танкі і абстралялі будынак 12 балванкамі. Да вечара супраціў быў задушаны, яго лідары арыштаваныя і адпраўленыя ў СІЗА. Мноства арыштаваных адпусцілі амаль адразу.

Колькі чалавек загінула ў тыя дні, дакладна не вядома дагэтуль – называлі лічбы ад 124 да некалькіх тысяч. На 7 кастрычніка быў прызначаны дзень жалобы, і прэзідэнт сабраўся аб’ехаць могілкі, але яму нібыта адказалі: «Усё не аб’едзеце».

Што ў выніку?

Супрацьстаянне завяршылася не толькі канцом двоеўладдзя ў краіне і ў рэгіёнах, але і адменай указу аб прэзідэнцкіх выбарах у чэрвені 1994 года, а таксама новымі праўкамі ў Канстытуцыю. Краіна атрымала новыя сімвалы – сцяг стаў бела-сіне-чырвоны замест бела-блакітна-пунсовага, а гербам – кампрамісны залаты двухгаловы арол на чырвоным полі з імперскімі сімваламі (урад прапаноўваў на чырвоным полі залатога дзвюхгаловага арла без каронаў, скіпетра і дзяржавы, Вярхоўны Савет схіляўся да дарэвалюцыйнага варыянту – на залатым полі чорны дзвюхгаловы арол з усімі імперскімі сімваламі і гербам Масквы на грудзях). 12 снежня 1993 года прайшлі выбары дэпутатаў Федэральнага сходу (адзіны раз, калі чальцоў Савету Федэрацыі абіралі беспасярэдне) і плебісцыт аб Канстытуцыі.

На выбарах у Дзярждуму лідаравала ЛДПР, за ёй ішлі дэмакратычны «Выбор России» і КПРФ. Праз некалькі месяцаў Дума выкарыстала абвешчаную прэзідэнтам амністыю для вызвалення мяцежнікаў – Руцкой, Хасбулатаў ды іншыя апынуліся на волі і працягнулі свае палітычныя кар’еры.

У Маскве да гэтага часу няма нармальнага помніку перамозе над ГКЧП, затое маецца цэлая мемарыяльная тэрыторыя кастрычніка-1993 і даўно рыхтуецца ўзвядзенне помніку абаронцам Вярхоўнага Савету.

Сілы, якія прайгралі ў тым супрацьстаянні, не былі асабліва папулярныя ў грамадстве, затое наратыў пра «расстрэл парламенту» (хоць ні адзін дэпутат не пацярпеў) жыве дагэтуль.

Урокі Кастрычніка

Сітуацыя крызісу 1991–1993 гадоў і яго развязання можа быць вельмі карыснай для дэмакратычных сілаў як Беларусі, так і Расеі – яна можа паўтарыцца пасля падзення рэжымаў.

У 1990-х у Беларусі было наадварот: адданы рэформам і дэмакратыі Вярхоўны Савет супрацьстаяў прэзідэнту, які адчуваў настальгію па СССР. Але калі яго ўлада нарэшце знікне, унутры краіны не будзе такога легітымнага органу ўлады, абранага на свабодных выбарах. Як і ў Расеі. І паўстануць перад грамадзянскай супольнасцю пытанні з серыі «Што рабіць?».

Напэўна, пасля доўгага траўматычнага досведу прэзідэнцкай рэспублікі ідэальным падасца варыянт рэспублікі парламенцкай – на ўзор Нямеччыны. Але ці гэта панацэя? У той жа Расеі 1990-х парламент быў вельмі моцны, але перашкаджаў рэформам і спрабаваў павярнуць гісторыю назад.

Ельцын адклаў выбары ў парламент і рэферэндум аб новай Канстытуцыі на «пасля рэформаў» – і атрымаў у выніку два гады праблемаў. Дэпутаты не пайшлі на кампрамісы – і іх разагналі, дэ-факта канец кар’еры. Улада атрымала досвед здушэння бунту, які пачаўся з расколу элітаў – напэўна, гэта стала добрым урокам для аматара гісторыі Уладзіміра Пуціна. Расея атрымала моцна пацярпелага ў гэтым канфлікце прэзідэнта, своеасаблівую Канстытуцыю, няўдалы парламент, затым вайну ў Чачэніі, тэракты і запыт на моцную руку, а потым эканамічны рост і апалітычнасць, якая скончылася дзяржмілітарызмам, рэпрэсіямі і вайной.

Хаўрус камуністаў, нацыяналістаў, неанацыстаў, манархістаў і праваслаўных актывістаў, сам па сабе даволі маргінальны, які не мае вагі ў грамадства (гл. нядаўнюю гісторыю правалу партыйнага праекту Захара Прылепіна), актыўна ўдзельнічаў у анексіі Крыму, вайне на Данбасе, а цяпер і ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Можна сказаць, што 30 гадоў таму Расеі ўжо пагражаў пуцінізм – «русский мир» савецкага імперыялізму з ПВК і праваслаўна-паганскім душком. Тады ён прайграў; парадокс, але дэмакратыя выстаяла дзякуючы не выбарам, а стрэлам. Таму Валерыя Навадворская тады пазіравала з плакатам «Дай Бог згарэць Саветам, праваліцца дэпутатам», таму многія дэмакратычна настаўленыя расейцы выкладвалі 4 кастрычніка ў сацсетках мэм «Дзякуй дзеду за перамогу» (адсылка да праўладных лозунгаў 9 траўня і мянушкі Ельцына) з выявай Белага дому ў дыме.

Іван Аляксееў / УК belsat.eu

Стужка навінаў