Сілавікі пайшлі глядзець «OnlyFans»? Беларуска расказала пра пераслед за «распаўсюд порна»


Беларускія сілавікі рэгулярна – некалькі разоў на месяц – хваляцца «выкрываннем порнастудыяў» і пакараннямі за «распаўсюд парнаграфіі». Пры гэтым вызначэння, што такое дазволеная эротыка, а што порна, у беларускім заканадаўстве няма. «Белсат» паразмаўляў з мадэлькай сайту «OnlyFans» пра ейнае затрыманне і пераслед беларусаў за стварэнне порна і эротыкі.

Дзяўчына ў кайданках
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчына ў кайданках.
Фота: Pickpik.com

Калі порна не знойдуць, то яго ўявяць?

«Белсат» паразмаўляў з беларускай мадэлькаю «OnlyFans», у якой сілавікі нібыта выявілі «порнастудыю», адабралі ноўтбук і вызвалілі, але праз паўгода распачалі супраць яе крымінальную справу, якой пахваліліся ў афіцыйных каналах. Дзяўчына цяпер у іншай краіне, але не хоча раскрываць імя з меркаванняў бяспекі.

Сайт «OnlyFans» вядомы платным эратычным і парнаграфічным кантэнтам, ды нашая суразмоўца заяўляе, што парнаграфіі не вырабляе, нават голага цела там не паказвае. Сайт, тлумачыць яна, дазваляе выкладаць любыя фота і відэа, не абавязкова порна: кажа, садоўнік можа паказваць, як прыгожа стрыжэ газон, і за гэта атрымліваць грошы ад тых, каму такі кантэнт падабаецца.

Ейнае затрыманне стала першым вядомым выпадкам пераследу за «OnlyFans» у Беларусі. Ці сапраўды гэта першы такі выпадак, мадэль не ведае, але раней не чула пра тое, каб за «OnlyFans» саджалі. Ды і мала мадэляў «OnlyFans» застаюцца ў Беларусі:

«Там можна зарабляць вельмі шмат грошай – і няма сэнсу заставацца ў Беларусі, ёсць больш прывабныя краіны. Урэшце, можна проста падарожнічаць, – разважае мадэль. – Але сапраўды магу сказаць, што мадэлям „OnlyFans“ небяспечна заставацца ў Беларусі. У Беларусі сілавікам трэба зарабіць прэмію ці зорачку – знойдуць, за што і як пасадзіць. Вельмі шмат знаёмых, якіх асудзілі паводле розных артыкулаў. Многія ўцяклі».

Сама яна не жыла ў Беларусі працяглы час, але ў траўні прыехала на радзіму. Яе затрымалі, адвялі ва ўчастак міліцыі, а падчас гэтага без ордару і панятых зладзілі ў яе ўдома ператрус, забралі ноўтбук. Сталі вінаваціць яе ў вырабе і распаўсюдзе порна – яна даводзіла, што не займаецца такім, сілавікі ж казалі, што «усё ёсць на ноўтбуку».

У аддзяленні яе трымалі пяць гадзінаў і прымушалі напісаць чыстасардэчнае прызнанне, расказвае мадэль. Але ейны ноўтбук пры ёй нават не чапалі, а нешта праглядалі і запісвалі на ўласным камп’ютары, пры тым хваляваліся, ці не «атрымаюць» за гэта. Пагражалі выправіць у турму, калі не падпіша нейкіх папераў, якіх не далі пачытаць. Яна падпісала паперы – і яе адпусцілі, не даўшы ніякіх дакументаў аб затрыманні і канфіскацыі ноўтбука. Як яна пазней даведалася, яе вызвалілі, бо не знайшлі падставаў для пераследу.

Праз паўгода яна даведалася з прэс-рэлізу сілавікоў, што супраць яе распачалі крымінальную справу за «распаўсюд парнаграфіі». На той момант яна ўжо была за мяжой – кажа, нават не думала звяртацца да адвакатаў, бо не бачыла ў гэтым сэнсу.

Hавiны
ГУБАЗіК і пенісы. Чаму сілавікі засяроджваюць увагу на сексуальным жыцці затрыманых
2021.12.15 01:33

Што такое порна

Артыкул 343 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае пакаранні за «Выраб і распаўсюд парнаграфіі»: ад штрафу ці папраўчых працаў за «распаўсюд, захаванне з мэтай распаўсюду» да абмежавання ці пазбаўлення волі на тэрміны ад 2 да 4 гадоў за «выраб, распаўсюд або захаванне з мэтай распаўсюду з карыслівых памкненняў або групай асобаў».

Што такое парнаграфічныя матэрыялы, законы і кодэксы не тлумачаць. Пра гэта вядома хіба са словаў прадстаўніцы Следчага камітэту Юліі Ганчаровай: у 2017 годзе яна казала ў эфіры «Альфа-Радыё», што эротыка – гэта «акультураны і прадстаўлены як духоўная цяга інстынкт працягу роду», а порна – «непрыстойная, вульгарная і амаральная выява ці ж слоўнае апісанне палавога акту з мэтай дасягнуць сексуальнай узрушанасці».

Ды сілавікі вольна трактуюць тое, за што хочуць пакараць: так, нядаўна пракуроры змяшалі ў адно ЛГБТ, змену полу і педафілію. Не выключана, што так сама вольна трактуюць тое, што такое парнаграфія: напрыклад, у 2017 годзе за «распаўсюд парнаграфіі» судзілі блогера Эдуарда Пальчыса – «распаўсюд» быў у тым, што ў сваім блогу ён расказаў пра антыбеларускую суполку «УКантакце», у якой абразы беларусаў суправаджаліся парнаграфічнымі калажамі. Вытворчасць порна рэгулярна «знаходзяць» у палітычных актывістаў, акцэнтуюць увагу на інтымным жыцці затрыманых.

Былы аднакласнік правакуе дзяўчат на прастытуцыю?

Са словаў мадэлі, справу супраць яе вядзе былы аднакласнік, у якога яна нават была на вяселлі. Зямляк расказаў дзяўчыне, што следчы Ягор Панкевіч займаецца тым, што ловіць дзяўчат, якія займаюцца «эскортам». Паводле гэтага земляка, следчы стварае ва «УКантакце» фальшывыя акаўнты, з якіх прапаноўвае небагатым дзяўчатам заняцца сексам (за аральны секс прапаноўвае ўсяго 20–40 рублёў), доўга ўгаворвае і абяцае высылаць больш грошай пазней. Калі дзяўчына пагаджаецца, то займаецца з ёй сексам, а калі не, то пачынае іх пераследаваць, пагражаць турмой. Пра гэта зямляк мадэлі ведае, бо, як сцвярджае, Панкевіч сам гэтым хваліцца, ганарыцца калекцыяй «пакаянных відэа» дзяўчат і распавядае нападпітку, што любіць «вяршыць лёсы».

Наўпроставых пацверджанняў гэтай гісторыі няма. Ды мадэль паказала «Белсату» скрыншоты перапіскі Панкевіча з нейкай Вольгай, у якой той пытае, што за дзяўчына была ў Масалянах (аграгарадку ў Бераставіцкім раёне), якая магла за грошы «ўлагодзіць пацана».

Аналітыка
Альянс расследавальнікаў Беларусі: Супрацоўнікі КДБ, МУС і Генпракуратуры карысталіся паслугамі банды педафілаў, якую стварылі самыя сілавікі
2023.04.12 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў