Пракуратура Беларусі змяшала ў адно ЛГБТ, змену полу і педафілію


З 2023 года Генеральная пракуратура Беларусі ўзялася за прасоўванне ідэі забароны «прапаганды» ЛГБТ, змены полу, чайлдфры і педафіліі. Мяркуючы па ток-шоў, што паказалі на дзяржаўным тэлеканале СТВ 16 кастрычніка, сілавікі змяшалі ўсе паняткі ў адно.

Ток-шоў «По существу»
Ток-шоў «По существу» на тэму педафіліі, ЛГБТ, змены полу і чайлдфры. 16 кастрычніка 2023 года. Скрыншот: CTVBY / Youtube

ЛГБТ-супольнасць – людзі сексуальных і гендарных ідэнтычнасцяў, адрозных ад гетэрасексуальнай. Зменай полу называюць трансгендарны пераход, прывядзенне цела і гендарнай ролі ў адпаведнасць з гендарнай ідэнтычнасцю чалавека. Чайлдфры – свядомае нежаданне заводзіць дзяцей, не звязанае з гендарнай ідэнтычнасцю. Фармальна ў Беларусі ўсё гэта законна.

Педафілія – псіхічны разлад, пры якім дарослы адчувае сексуальную цягу да дзяцей перадпубертатнага ўзросту. У Беларусі крымінальным злачынствам лічацца любыя дзеянні сексуальнага характару асобы ўзростам ад 18 гадоў з асобай узростам да 16 гадоў.

Генеральная пракуратура хоча забараніць прапаганду гэтага ўсяго. І ў ток-шоў на СТВ сілавікі выказваліся так, нібы педафілія, ЛГБТ, змена полу і чайлдфры звязаныя між сабою – і іх супрацьпастаўляюць неакрэсленым «традыцыйным каштоўнасцям».

Hавiны
ГУБАЗіК і пенісы. Чаму сілавікі засяроджваюць увагу на сексуальным жыцці затрыманых
2021.12.15 01:33

Так, старэйшы пракурор аддзелу нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх Раман Сідарэнка расказваў, што Міністэрства ўнутраных справаў распрацавала праект закону аб праўках у Адміністрацыйны кодэкс, і там перадусім уводзяць тры артыкулы: забарону прапаганды ЛГБТ, педафіліі і змены полу.

Што прапаганда, а што не прапаганда? Са сказанага на ток-шоў зразумець цяжка. Так, вядоўца СТВ Кірыл Казакоў выказваўся так, нібы прапаганда – гэта «калі чытаеш, што ў Еўропе педафілію перасталі прызнаваць хваробай» (гэта хлусня), а таксама раман «Лаліта» Уладзіміра Набокава.

Сідарэнка растлумачыў, што прапаганда – гэта «любое данясенне да грамадства ў сеціве Інтэрнэт, у публічных выступах, публікацыях» і «менавіта навязванне вось гэтай разбэшчанай ідэі ЛГБТ, педафіліі».

ЛГБТ-супольнасць на самой справе выступае супраць любых формаў педафіліі, хоць у сацсетках праціўнікі існавання ЛГБТ-людзей выдумляюць «прызнанне педасексуалаў» ЛГБТ-супольнасцю. Навукоўцы не знаходзяць сувязі педафіліі з гендарнай ідэнтычнасцю, ды й звыш 95 % педафілаў – гетэрасексуалы (дарэчы, сярод педафілаў трапляюцца прыхільнікі дзейнай улады ў Беларусі).

Сідарэнка таксама казаў, што ў барацьбе з прапагандай будуць улічаныя «праваадносіны, якія адносяцца да мастацтва, рэлігіі». Ён прывёў прыклад: манахі з адмовай ад завядзення дзяцей – гэта не чайлдфры.

Меркаванні
Генпракуратура запускае шчупальцы ў ложкі грамадзянаў
2023.07.03 20:29

Старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Ян Рагаўцоў распавёў, што галоўным трыгерам педафіліі лічыць выпадковы прагляд людзьмі парнаграфіі з удзелам дзяцей: маўляў, «сацыяльнае апытанне» педафілаў нібыта паказала, што злачынцы тлумачаць, што «жылі нармальным жыццём, але тут у інтэрнэце паглядзелі матэрыялы».

Рагаўцоў кажа, што дзіцячае порна трапляе да людзей «нейкім чынам», хоць «на ўмоўнай тэрыторыі беларускага інтэрнэту проста так паглядзець матэрыялы падобнага зместу немагчыма». Казакоў жа заяўляе, што дзіцячую парнаграфію «знайсці лёгка». Сідарэнка падказвае: ёсць жа даркнэт («выпадкова» зайсці ў які на самой справе немагчыма, трэба ўсталёўваць адмысловыя праграмы).

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Алег Дзьячэнка заявіў, што трэба «вяртацца да традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў», якія «грунтуюцца на хрысціянскай маралі». У гэтых каштоўнасцях, паводле яго, «няма кароткіх спадніц». Дэпутат лічыць, што «нашыя бабулі, прабабулі» не станавілася ахвярамі педафілаў.

Вядоўца СТВ Алена Сырова наўпрост заявіла, што ў даўніну «не было згвалтаванняў, не было педафіліі» (гэта хлусня, што прызнае нават само СТВ).

Аналітыка
Педафілы ў Беларусі не перавядуцца? Чаму расце колькасць няпоўнагадовых пацярпелых
2023.03.18 10:00

Дзячэнка згадаў, што Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытанні прымусовае лекаванне педафіліі, так званую хімічную кастрацыю.

«Магчыма, з’явіцца яшчэ добрая ідэя, якую мы юрыдычна аформім і занясем у якасці змен і дадаткаў падчас другога чытання», – дапусціў дэпутат.

Пасля гэтага ён згадаў пра маньяка Андрэя Чыкатылу, расстралянага ў 1994 годзе. Да чаго была згадка серыйнага забойцы, незразумела. Ды прагучала яна ў перадачы, дзе і так у адно змешвалі педафілію, ЛГБТ, змену полу і чайлдфры.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў