Педафілы ў Беларусі не перавядуцца? Чаму расце колькасць няпоўнагадовых пацярпелых


На мінулым тыдні сур’ёзныя асобы са Следчага камітэту Беларусі выступалі перад журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, інфармуючы пра такую сацыяльную хваробу ў грамадстве, як педафілія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Следственный комитет Беларуси / Telegram

Вуснамі намесніка старшыні Следчага камітэту Сяргея Аземшы да прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі была даведзеная вельмі трывожная статыстыка:

«Назіраецца сталы рост такіх злачынстваў, як педафілія. …За апошнія сем гадоў колькасць такіх выпадкаў вырасла больш як утрая. За 2022 год зарэгістравана больш за тысячу эпізодаў падобнага гвалту над дзецьмі, паводле чаго заведзеныя крымінальныя справы супраць больш як 420 асобаў, пяць з якіх – жанчыны. А больш як палова тых, хто здзейсніў такое правапарушэнне, – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Ёсць нават і 21 няпоўнагадовы. А каля 10 % абвінавачаных былі раней пад судом за здзяйсненне аналагічных ці іншых злачынстваў».

Чаму расце колькасць выпадкаў проціпраўных дзеянняў супраць непаўналетніх з парушэннем іхнай палавой недатыкальнасці?

Кіраўнік аб’яднання сілавікоў Беларусі «ByPol» Аляксандр Азараў у інтэрв’ю «Белсату» выказаў меркаванне, што раней, гадоў восем таму, гэтая катэгорыя злачынстваў не вылучалася як асобная. Толькі цяпер ёй мэтанакіравана пачалі займацца працаўнікі падраздзяленняў наркакантролю і процідзеяння гандлем людзьмі.

«То бок, цяпер ёсць супрацоўнікі, якія выяўляюць менавіта гэткія злачынствы. І гэта правільна. Бо, калі ўлічваць, што такія здарэнні адносяцца да катэгорыі латэнтных (схаваных) – патрэбныя адмысловыя веды, а таксама метадалогія і тактыка выяўлення гэтых злачынстваў».

Таксама адной з прычынаў росту, паводле Аляксандра Азарава, можна назваць факты, калі юнакі, якім толькі споўнілася 18 гадоў, уступаюць у палавыя зносіны з нібыта полавасталымі дзяўчатамі, што яшчэ не дасягнулі 16 гадоў, і гэта таксама цягне крымінальную адказнасць. І вельмі значная частка злачынстваў менавіта такога складу.

Але і гэта не мінімальная мяжа ўзросту ахвяраў. Паводле намесніка старшыні Следчага камітэту Беларусі, у практыцы сустракаюцца выпадкі, калі пацярпелымі ад сексуальнага гвалту станавіліся нават дзеці ва ўзросце да года!

Пераважная большасць тых, хто сутыкнуўся з гвалтаўнікамі, – гэта дзяўчаткі

Падсумаваўшы статыстыку 2022 года, Сяргей Аземша адзначыў: толькі паводле злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці ці палавой волі пацярпелымі прызнаныя 840 дзяцей, з якіх амаль палова (384) – падлеткі ва ўзросце да 14 гадоў. І, зразумела, пераважная большасць тых, хто сутыкнуўся з гвалтаўнікамі, – гэта дзяўчаткі (695, ці 80 %). Прычым у параўнанні з 2021 годам колькасць няпоўнагадовых пацярпелых павялічылася больш чым на 20 %.

Калі, паводле прамоўцы, наяўнасць у злачынцаў псіхічнага разладу ў форме педафіліі – не на першым месцы (за апошнія шэсць гадоў толькі ў 88 асобаў з больш як 2200 абвінавачаных выяўлены гэты разлад палавой перавагі) – тады што?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Разбіраць нетры недастатковай бацькоўскай увагі, уплыву вуліцы, сумнеўных сяброў, альбо няўвагі школьных настаўнікаў, якія таксама, хоць у нейкай ступені, павінныя ўдзельнічаць у палавым выхаванні навучэнцаў, – следчыя, зыходзячы з афіцыйнага паведамлення, не сталі. Сярод асноўных умоваў, якія спрыяюць здзяйсненню такіх злачынстваў, службоўцы на першае месца паставілі інтэрнэт. Дакладней, «шырокае распаўсюджванне інфармацыі пра разнастайныя формы інтымных паводзінаў». А таксама:

– неабазнанасць пра крымінальную адказнасць за некаторыя формы ўласнай актыўнасці ў гэтай сферы;

– адсутнасць належнага ўзроўню тлумачальнай працы ў частцы палавога выхавання няпоўнагадовых;

– незабеспячэнне належнага кантролю з боку бацькоў (апекуноў) за тым, як дзеці бавяць свой час;

– адсутнасць арганізацыі вольнага часу дзяцей;

– віктымныя паводзіны няпоўнагадовых (паводзіны пацярпелага, якія ствараюць рэальныя магчымасці здзяйснення супраць яго правапарушэння праз псіхалагічныя хібы. Іншымі словамі, правакуюць злачынства);

– дзіцячая даверлівасць.

Таксама Аземша прывёў такую лічбу: «У адносінах больш як 80 % згаданыя злачынствы здзейсненыя з дапамогаю інтэрнэту, альбо гэтак званага інтэрнэт-грумінгу (гэта калі фармуюцца даверлівыя стасункі з дзіцем дзеля далейшай сексуальнай эксплуатацыі або гвалту. Мэта – атрымаць інтымныя фота і відэа дзіцяці дзеля далейшага шантажу і вымагальніцтва грошай альбо яшчэ больш інтымных матэрыялаў і нават далейшых сустрэчаў).

«Дзеці не маюць аніякіх правоў у Беларусі ўвогуле»

Гомельскі псіхолаг Ала Марціновіч у нашай размове, разбіраючы рост гэтай праблемы канкрэтна ў Беларусі, адкідае пададзеную следчымі першасную прычыну – інтэрнэт.

«Я б градацыю правяла зусім іншую. Галоўнай я б назвала такую менавіта беларускую прычыну – дрэнная ці слабая абарона правоў дзяцей. Калі глабальна, то дзеці не маюць аніякіх правоў у Беларусі ўвогуле, калі яны сёння забіраюцца гвалтоўна ў бацькоў, змяшчаюцца ў нейкія прытулкі, альбо нават у псіхбальніцы, пра што ў студзені паведамляў канал чыгуначнікаў @belzhd_live. То бок, дзеці ёсць прадметам, аб’ектам скрыўлення рэальнасці праз тыя ж праваахоўныя органы.

І на гэтым тле ўсе маньякі, педафілы, людзі з анамальнымі сексуальнымі фантазіямі, гледзячы на тое, у што ператвараюцца дзеці ў руках праваахоўных органаў, – хіба стануць сябе ў нечым стрымліваць? Вядома, не! І гэта будзе прагрэсаваць».

Намеснік міністра ўнутраных справаў, начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч апісаў сацыяльны партрэт педафіла, складзены агульнымі сіламі ў МУС.

«Чвэрць усіх асобаў, якія затрымліваюцца за злачынствы дадзенага віду, раней ужо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. У тым ліку 4,5 % менавіта за злачынствы супраць палавой волі і недатыкальнасці. Значная частка – беспрацоўныя, 60 % маюць рабочыя спецыяльнасці, а ў 9 % выпадкаў педафілы – самі навучэнцы спецыяльных і найвышэйшых навучальных установаў. Каля 2 % агулам тых, хто працаваў ці працуе ў сістэме адукацыі альбо аховы здароўя. У 20 % такія злачынствы здзяйсняліся жанатымі мужчынамі, і ў 76 % – нежанатымі альбо разведзенымі».

Паводле Казакевіча, 100 % такіх злачынстваў на тэрыторыі Беларусі – раскрытыя.

«Ненавязліва спраўджвайце – пра што і з кім вядзе ліставанне дзіця ў сацсетках, размаўляйце з ім аб небяспецы зносінаў, а тым больш сустрэчаў з незнаёмымі людзьмі, – звяртаючыся да бацькоў, сказаў Сяргей Аземша. – Прасіце распавядаць пра любыя незвычайныя паводзіны ў дачыненні сына ці дачкі чужых людзей. Дайце зразумець дзіцяці, што яго чуюць, яму гатовыя дапамагчы, каб яно заставалася ў бяспецы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

«Асноўная сутнасць педафіліі ў тым, што гэта сексуальнае адхіленне»

Так ці сапраўды вінаваты інтэрнэт? Аляксандр Азараў парыруе гэтае сцвярджэнне наступным чынам:

«Пытанне аб прычынах узнікнення гэтых злачынстваў нельга ставіць такім чынам, што вінаваты толькі інтэрнэт, узровень жыцця або іншыя фактары. Яны ёсць спадарожнымі і ў нейкай меры могуць выступаць каталізатарам альбо вызначаць падыход да праблемы. Асноўная сутнасць педафіліі ў тым, што гэта сексуальнае адхіленне – і ў традыцыйным разуменні можа лічыцца хваробаю. Пытанне лячэння ў дадзеным выпадку – другаснае».

Паводле спадара Азарава, педафілія – праблема не асобна ўзятых краінаў альбо культураў. Яна глабальная. Але можа адрознівацца падыход да выяўлення праблематыкі, устаранення наступстваў, пакарання і гэтак далей.

Спадар Азараў падкрэслівае, што цяпер (са словаў Андрэя Шведа, генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь) збіраюцца ўводзіць абавязковую працу псіхіятраў з затрыманымі. Але якім чынам тое будзе ажыццяўляцца, пакуль не вядома. А турма не ёсць фактарам, які спрыяе развязанню псіхічных праблемаў чалавека. І яна наўрад ці здолее неяк выправіць сітуацыю – не толькі ў сэнсе вылекаваць, але і папярэдзіць наступныя злачынствы асуджанага пасля вызвалення.

«Рост злачынстваў у дадзеным кантэксце, – падсумоўвае Аляксандр Азараў, – гэта гульня лічбамі з боку ўнутраных органаў і пракуратуры. Паколькі і дасюль у міліцыі існуе гэтак званая «палачная сістэма», якая робіць гонку за паказнікамі вызначальным фактарам. Што ж датычыць злачынстваў на сексуальнай глебе ў адносінах дзяцей, то яны як здзяйсняліся, так, на жаль, і будуць здзяйсняцца. І гэта суворая праўда».

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў