У Беларусі плануюць увесці адміністратыўную адказнасць за прапаганду ЛГБТ і чайлдфры


Рэжым у Беларусі вырашыў увесці шэраг рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да сексуальнай сферы. Адпаведныя захады, як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, ухваліў Аляксандр Лукашэнка.

Генеральны пракурор Андрэй Швед.
Фота: prokuratura.gov.by

У прыватнасці, вырашана прапрацаваць пытанні, што датычаць узмацнення адказнасці бацькоў; устанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных сексуальных стасункаў, змены полу, педафіліі і чайлдфры; укаранення ў адукацыйны працэс абавязковага курсу на тэму палавога выхавання дзяцей і моладзі; узмацнення кантролю за раней судзімымі асобамі, у т.л. з выкарыстаннем электронных бранзалетаў.

Таксама зацверджаныя план захадаў для абароны дзяцей ад сексуальнага гвалту і эксплуатацыі і механізм рэабілітацыі ахвяраў сексуальнага гвалту.

Апроч таго, падрыхтаваныя змены ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць прымусовае лячэнне асуджаных за педафілію, і распрацаваны адпаведны клінічны пратакол.

Прынятыя захады для развіццю даступнай сексалагічнай дапамогі насельніцтву, заявілі ў Генпракуратуры.

Адзначым, што пра сваю ініцыятыву ў Генеральнай пракуратуры заявілі ў месяц, калі ў свеце адзначаецца месяц гонару асобаў ЛГБТ. Раней тэлеграм-канал «Ник и Майк» называў генеральнага пракурора Андрэя Шведа адным з галоўных прадстаўнікоў «гей-лобі» ў ведамстве.

Забарона ЛГБТ-прапаганды ў чарговы раз зблізіць беларускае заканадаўства з расейскім.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў