Школьная настаўніца і ябацька. Маці дзвюх дзяўчынак з Асіповічаў асудзілі за педафілію


У Менску завершыўся суд па справе групы асобаў, што разбэшчвалі няпаўнагадовых, гвалтавалі дзяцей, здымалі і прадавалі парнаграфічныя відэа з імі. Аб гэтым паведамляе БелТА. Як высветлілі карэспандэнты «Белсату», адна з фігурантак справы увесь гэты час працавала настаўніцай і выказвала ў сацыяльных сетках свае палітычныя сімпатыі да Аляксандра Лукашэнкі, фатаграфуючы сваю дачку з хэштэгам #ямыбацька і #любимуюнеотдадим.

Падсудныя па крымінальнай справе за парнаграфію і педафілію ў залі суда.
Фота: Віталь Піваварчык / БелТА / belta.by/

Сутнасць справы

Паведамляецца, што у судзе Савецкага раёна Менска 26 снежня 2022 году абвясцілі вырак па крымінальнай справе аб незаконным вырабе і захоўванні з мэтай распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў з заведама непаўнагадовымі асобамі. Абвінавачанымі па крымінальнай справе праходзілі шасцёра грамадзян.

Генадзь Ахмадулін абвінавачаны ў тым, што з першай паловы 2014 года па 17 лютага 2021 года ўчыніў серыю злачынстваў у складзе арганізаванай групы па вырабе і збыцці парнаграфічных матэрыялаў. Паведамляецца, што ён адпраўляў парнаграфічныя матэрыялы з непаўналетнімі, у тым ліку жыхарам ЗША, за што атрымліваў аплату крыптавалютай.

Ксенія Перфільева, Вольга Козіч, Вольга Бяспанская, Крысціна Шаблоўская, Вікторыя Півавар-Хоміч абвінавачваюцца ў тым, што ўчынілі распусныя дзеянні ў дачыненні да заведама малалетніх, выкарыстоўвалі заведама малалетніх для вырабу парнаграфічных матэрыялаў.

Больша падрабязна, але называючы толькі першыя літары прозвішчаў падсудзімых, пра змест справы расказаў Вярхоўны суд. Важны момант — амаль усе падсудныя не толькі займаліся вырабам парнаграфічных матэрыялаў, але і ўступалі ў незаконныя сексуальныя стасункі з непаўналетнімі. Мабыць, па гэтай прычыне на фатаграфіях з залы суда твары падсудных не бачныя.

Хто такая Ксенія Перфільева

Карэспандэнты «Белсату» звярнулі ўвагу, што адна з падсудных — Ксенія Перфільева была даволі актыўнай у выказванні сваёй грамадзянскай і палітычнай пазіцыі праз сацыяльныя сеткі. У подпісах пад пастамі ў сетцы Instagram Ксенія даволі часта выкарыстоўвае праўладныя хэштэгі. У жніўні 2020 года яна размясціла фатаграфію дачкі з плакатам у руках, на якім напісана #ямыбацька. У подпісе да гэтага паста аўтарка скарыстала яшчэ і хэштэгі #любимуюнеоттадим и #ямыбатькаby.

Фатаграфія ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі з профілю падсуднай за педафілію і дзіцячую парнаграфію.
Фота: Instagram / xeniya_perf

У апісанні профілю ў Instagram Перфільева піша пра сябе, што яна «мама двух прыгажунь, выкладчыца, аматарка ювелірнай справы і менеджэрка студыі fashion_shock_art». Па ўсіх указаных у апісанні адрасах сацыяльных старонак размешчаны фатаграфіі непаўнагадовых дачок Ксеніі.

Шапка профілю падсуднай за педафілію і дзіцячую парнаграфію. Яна размяшчала фатаграфіі дачок у якасці мадэляў. Скрыншот профілю ў Instagram.

Мы звярнулі ўвагу на тое, што абвінавачаная ў педафіліі і дзіцячай парнаграфіі асоба пазіцыянуе сябе як выкладчыца. І з лёгкасцю знайшлі яе профіль на рэсурсе «Инфоурок. Ведущий образовательный портал России».

Настаўніцкі профіль падсуднай за педафілію і дзіцячую парнаграфію. Скрыншот са старонкі «Перфильева Ксения Андреевна»/ infourok.ru

У профілі напісана, што Ксенія Андрэеўна выкладае англійскую мову ў Дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя Школа № 1 імя Б.М. Дзмітрыева» у Асіповічах. Указана таксама, што настаўніца валодае англійскай, нямецкай і кітайскай мовамі. Скончыла Сяміпалацінскі Універсітэт Імя М.О. Ауэзава і школу кітайскай мовы Сіньзянскага педагагічнага універсітэту ў горадзе Урумчы.

Апошні запіс Перфільевай у Instagram зроблены 13 студзеня 2021 года, апошні візіт на платформу «Инфоурок» яна здзейсніла 16 лютага 2021 года, апошні кейс па крымінальнай справе датычыцца 17 лютага 2021 года.

Вырак за гвалтаванні непаўнагадовых

Генадзь Ахмадулін асуджаны да 19 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вольга Бяспанская пакараная 14 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ксенія Перфільева асуджаная да 13 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Крысціна Шаблоўская асуджаная да 16 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вікторыя Півавар-Хоміч асуджаная да 13 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя таго, суд пастанавіў абвінавачаных выплаціць вялікія штрафы.

Вольга Козіч прыгаворана да аднаго года дзевяці месяцаў пазбаўлення волі. Абвінавачанай залічылі ў тэрмін пакарання час знаходжання пад вартай і вызвалілі ў зале суда.

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны на працягу дзесяці дзён з дня яго абвяшчэння.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў