news
Агляд
Як рэжым спрабуе спаскудзіць жыццё беларусаў за мяжою. Што ўжо зроблена і што можа быць
З 2020 года з Беларусі з’ехалі 350 тысяч асобаў.
20.11.202307:00

Нават эміграцыя не ратуе беларусаў ад дробнага і не вельмі паскудства з боку кіроўнага рэжыму на радзіме. Улады спрабуюць усяляк нашкодзіць «беглым», як яны, нібы ў час прыгонніцтва, называюць палітычных эмігрантаў. Заадно пад гэта трапляюць і іншыя катэгорыі грамадзянаў, якія выехалі з краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці адбылася ў Вільні ў трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Фота: Белсат

Паводле намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, толькі з 2020 года з Беларусі з’ехалі 350 тысяч асобаў, нязгодных з фальсіфікацыямі, гвалтам, вайной, і проста тых, хто не бачыць перспектываў у лукашэнкаўскай Беларусі. Гэта цэлы абласны цэнтр. І колькасць эмігрантаў толькі расце, бо сітуацыя ў краіне лепшаю не робіцца.

Аднак, замест таго каб змяніць становішча ў Беларусі на больш прывабнае, улады, наадварот, спрабуюць усяляк ускладніць жыццё тым, хто ўжо з’ехаў або яшчэ толькі збіраецца зрабіць гэта.

«Нягледзячы на ўсю рыторыку пра нацыянальнае адзінства і перагортванне старонкі, на практыцы мы бачым акурат адваротнае. Улады імкнуцца максімальна адмежавацца ад тых, каго яны лічаць сваймі палітычнымі праціўнікамі. Тых, хто не ў Беларусі, наагул запісваюць у страчаных і тых, хто ніякім чынам да Беларусі не адносіцца», – заявіў у каментары «Белсату» Вадзім Мажэйка, рэдактар «Беларусского ежегодника».

Пры гэтым пад гэтыя абмежаванні «за кампанію» ў выніку трапляюць і іншыя беларусы, якія яшчэ да 2020 года не з палітычных прычынаў з’ехалі з Беларусі і ні ў якіх пратэстах не бралі ўдзелу.

Без выбарчых правоў

Адным з першых абмежаванняў у дачыненні беларусаў за мяжою сталася пазбаўленне іх выбарчых правоў. Пасля актыўнага ўдзелу дыяспары ў выбарах 2020 года пастанавілі іх там больш не праводзіць. Спачатку на рэферэндуме 2022-га, пакуль яшчэ было не да законаў, выбарчыя ўчасткі за мяжою проста не адкрылі, а пасля гэтую адсутнасць ужо прапісалі і на заканадаўчым узроўні. Вядома, пазбаўленне выбарчых правоў «не парушае правоў грамадзянаў, якія выехалі з тых ці іншых прычынаў за мяжу». Пагатоў заўсёды можна прыехаць у Беларусь і прагаласаваць там, калі цябе яшчэ не паспеюць затрымаць.

Гісторыі
«Балюча хаваць роднага чалавека праз тэлеграм». Беларусы пра перажыванне смерці блізкіх у эміграцыі
2023.03.21 07:00

Нажыцца на апастылі

У сакавіку 2022 года, калі рэзка ўзмацніўся адток беларусаў за мяжу, «у звязку з тэхнічнымі непаладкамі» ўлады спынілі прыём дакументаў на апастыль, патрэбны для пацвярджэння афіцыйных папераў за мяжою. Тэхнічныя праблемы адразу развязаліся, калі ўрад у 10 разоў узняў кошт легалізацыі дакументаў з дапамогай апастылю.

Завочныя суды

21 ліпеня Лукашэнка ўвёў у Беларусі завочнае следства і суды над абвінавачванымі, калі тыя застаюцца за межамі Беларусі. Судзіць завочна могуць паводле 48 артыкулаў, парушэнне якіх нібыта нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы. Завочныя крымінальныя справы, перадусім у дачыненні палітычных актывістаў, якія жывуць за межамі краіны, дазваляюць уладам Беларусі выносіць прысуды, а таксама канфіскоўваць маёмасць у краіне. Сярод ужо асуджаных завочна – абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, палітыкі Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Валер Цапкала, адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі», былыя сілавікі і дыпламаты, праваабаронцы, журналісты, блогеры і актывісты. Неўзабаве пачнуць судзіць чальцоў арганізацыі «BYPOL».

Непрызнаныя дыпломы

25 кастрычніка Савет Міністраў Беларусі спыніў дзеянне міжурадавага пагаднення з Польшчай аб узаемным прызнанні дакументаў аб вышэйшай адукацыі і ступеняў у навуцы ды мастацтве. У прапагандысцкіх рэсурсах тады радаваліся, што беларусы не здолеюць вучыцца і працаваць у Польшчы, дзе толькі беларускіх студэнтаў – 11 тысячаў. Аднак у снежні 2022 года Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў пра дамоўленасць, што Польшча і надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уручэнне дыпломаў у БНТУ.
Фота: static.bntu.by

Пазбаўленне грамадзянства

5 студзеня 2023 года Лукашэнка падпісаў змяненне Закону аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь. Дакумент прадугледжвае магчымасць страты асобаю беларускага грамадзянства паводле нараджэння – у звязку з наяўнасцю прысуду ў Беларусі, які набыў моц за ўдзел гэтай асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, калі такая асоба застаецца за яе межамі.

Зменены закон таксама абавязвае грамадзяніна Беларусі паведаміць кампетэнтным органам пра наяўнасць у яго грамадзянства ці віду на жыхарства замежнай дзяржавы або іншага дакументу, які дае права на атрыманне ільготаў і пераваг за мяжою, напрыклад, карты паляка. Прадстаўнікі МУС пагражаюць адказнасцю тым, хто не данясе на сябе. Але пакуль законаў, што прадугледжваюць пакаранне за невыкананне такога абавязку, няма. Аднак у чатах ужо пачалі з’яўляцца чуткі, што тых, хто не паведаміў згаданых звестак, могуць не пусціць на радзіму.

Без права на адтэрмінаванне

16 траўня былі апублікаваныя папраўкі ў Закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе. Яны скасавалі адтэрмінаванне ад службы для ўсіх беларусаў, якія навучаюцца за мяжой. Адзінае выключэнне – тыя, хто вучыцца там паводле накіравання беларускіх дзяржаўных органаў у межах дзяржаўных праграмаў.

Інтэрв’ю
«Не трэба забіраць у чалавека мару пра вяртанне дамоў». Размова з псіхолагам пра перажыванне эміграцыі
2022.10.11 08:00

Без пашпартоў і даверанасцяў

7 верасня набыў моц указ Лукашэнкі, паводле якога беларускія амбасады і консульствы перасталі выдаваць ці абменьваць пашпарты, іх можна атрымаць толькі ў Беларусі на месцы прапіскі. Гэта таксама датычыць прастаўлення апастылю і выдачы шэрагу іншых дакументаў. А даверанасці беларусаў, складзеныя за мяжою, страцілі моц, у выніку чаго немагчыма прадаваць кватэры, дамы ці аўтамабілі. Такія новаўвядзенні ставяць беларусаў перад выбарам: застацца без пашпарта і магчымасці распараджацца сваёй маёмасцю або ехаць у краіну, рызыкуючы з яе не выехаць.

Без сім-картак і сувязі

З 6 кастрычніка ў Беларусі пачала дзеяць пастанова Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, якая забараніла дыстанцыйны спосаб ідэнтыфікацыі кліентаў для тых, хто жадае скарыстацца роўмінгам. Цяпер для яго падключэння трэба прыходзіць да аператара асабіста. Аператар «life:)» пайшоў яшчэ далей і закрыў для падлучэння і падаўжэння паслугу «У роўмінгу як удома», што дазваляла карыстацца таннымі званкамі ў Беларусь з-за мяжы, у тым ліку з Літвы і Польшчы.

З’ехаў? Заплаці

Як выявілася, Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі вядзе ўласную базу дармаедаў. У яе штомесяц залучаюць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу больш як на 30 дзён. І вось 1 лістапада на прававым партале з’явілася новая пастанова, якая забавязала беларусаў, якія з’ехалі за мяжу і трапілі ў спіс дармаедаў, аплочваць камунальныя паслугі паводле поўных тарыфаў нават за тыя месяцы, калі яны яшчэ не былі залучаныя ў базу.

Фізічныя пагрозы

Таксама існуюць беспасярэднія фізічныя пагрозы тым, хто застаецца за мяжою. Нярэдка актывістаў сілавікі з Менску абвяшчаюць у міжнародны крымінальны вышук, і тых часам затрымліваюць, нават у еўрапейскіх краінах, не кажучы ўжо пра Расею. Апроч таго, улады, не маючы магчымасці дацягнуцца да тых, хто з’ехаў, помсцяць іхным сваякам у Беларусі.

2 лістапада Лукашэнка ўнёс змены ва Указ аб пытаннях вонкавай выведкі. Цяпер у яе задачы ўваходзіць і «рэалізацыя папераджальных захадаў для недапушчэння шкоды нацынальным інтарэсам і бяспецы Рэспублікі Беларусь з боку спецыяльных службаў і арганізацыяў замежных дзяржаваў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыяў, арганізаваных злачынных групаў і асобных асобаў». Як мяркуе аглядальнік Аляксандр Кныровіч, дакумент можа прадугледжваць спробы ліквідацыі апанентаў за мяжою.

Што яшчэ адбяруць?

Таксама ў Беларусі прапанавалі забіраць дыпломы ў медыкаў, якія не працуюць паводле спецыяльнасці. Доктар Станіслаў Салавей мяркуе, што гэта выклікана жаданнем спыніць іхны ад’езд за мяжу. Апроч таго, прапрацоўваецца пытанне абмежаваць доступ беларусаў, якія стала жывуць за мяжою, да бясплатнай планавай медычнай дапамогі. З 2022 года чыноўнікі вырашаюць, якія віды медычных паслуг зрабіць платнымі, каб «закрыць гэтую лавачку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтральная паліклініка ў Горадні.
Фота: Белсат

Яшчэ ў 2021 годзе  ГУБАЗіК прапаноўваў пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія з’ехалі за мяжу. Таксама асобе, якая страціла грамадзянства Беларусі, планавалася забараніць уезд у краіну на тэрмін да 30 гадоў. Але пакуль гэтыя ініцыятывы не атрымалі развіцця.

Вадзім Мажэйка не выключае, што ў будучыні нядзейнасць выдадзеных за мяжою даверанасцяў могуць распаўсюдзіць не толькі на нерухомасць і транспарт, але і на іншыя сферы, каб «любы подпіс беларуса, пастаўлены за мяжою, прызнаць несапраўдным». Таксама, на ягоную думку, у пытанні пашпартоў улады могуць ануляваць некаторыя пашпарты, каб «пры спробе іх прачытаць на розных міжнародных дэвайсах выпадала памылка, што гэты пашпарт ануляваны». У прыватнасці, гэта можа кропкава выкарыстаць, каб «спаскудзіць людзям жыццё».

Аднак у якасці найбольш верагоднай захады, якая наўпрост выцякае з указу пра даверанасці, Мажэйка чакае «адцісканне ў людзей маёмасці»:

«Напрыклад, прымусіць усіх перарэгістраваць уласнасць на ўсе кватэры і машыны цягам двух гадоў. А хто гэтага не зробіць, той кватэру страціць. Адпаведна зрабіць гэта можна будзе толькі ў Беларусі, бо даверанасці не працуюць».

На думку аналітыка, менавіта дзеля гэтага і ўводзіўся ўказ пра даверанасці.

Апроч таго, эксперт лічыць верагодным увядзенне аплаты для тых, хто хоча прыязджаць у Беларусь дзеля атрымання медычных паслуг ці адукацыі, у тым ліку ў дачыненні іхных дзяцей. Мажэйка адзначыў, што ўжо ў правілах на новы навучальны год беларусы, якія прынамсі два апошнія гады жывуць за мяжою, былі вынесеныя ў асобную катэгорыю. Пакуль гэта не стварыла для іх ніякіх абмежаванняў у пытанні адукацыі за бюджэтны кошт, але сам факт прапісвання такой катэгорыі «намякае на патэнцыйны напрамак абмежаванняў», падкрэсліў эксперт.

Вядома, ёсць варыянт вяртання ў Беларусь асобаў, якія «здзейснілі адміністратыўныя правапарушэнні або злачынствы пратэснага кірунку і асцерагаюцца вяртання ў краіну ў звязку са сваім магчымым дачыненнем да здзяйснення такіх правапарушэнняў». Для гэтага трэба звярнуцца ў адыёзную камісію для вяртання, распавесці ўсё пра сябе, раскаяцца, публічна папрасіць прабачэння і пакрыць нанесеную шкоду. Праўда, у самой камісіі пры гэтым няма ніякіх паўнамоцтваў, якія б ахоўвалі ад сілавых органаў, і чалавеку, як кажуць, усё адно давядзецца спачатку «адбыць тэрмін строга ў адпаведнасці з працэсуальнымі заканадаўчымі нормамі краіны».

Hавiны
Чаго эмігрантам не стае за мяжой і што яны хочуць забраць назад у Беларусь? Спыталі чытачоў
2022.08.07 15:33

Макар Мыш belsat.eu