Карпенка: Адсутнасць выбарчых участкаў за мяжой не парушае правоў грамадзянаў


Цэнтрвыбаркам не будзе фармаваць выбарчыя ўчасткі за мяжой для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2024 годзе. Пра гэта заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка. З ягоных словаў, гэта «не парушае правоў грамадзянаў, якія выехалі з тых ці іншых прычынаў за мяжу».

Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

«У свой час у нас былі за мяжой выбарчыя ўчасткі. І ўсе яны, як правіла, былі прыпісаныя да аднаго з участкаў Ленінскага раёну гораду Менску – менавіта на тэрыторыі гэтага раёну размешчанае Міністэрства замежных справаў. У адпаведнасці з новым выбарчым заканадаўствам мы не фармуем выбарчых участкаў за мяжой. Але гэта не парушае правоў грамадзянаў, якія выехалі з тых ці іншых прычынаў за мяжу», – заявіў кіраўнік ЦВК.

Ігар Карпенка заявіў, што беларусы, якія пражываюць за мяжой, могуць прыехаць у краіну і прагаласаваць у перыяд датэрміновага галасавання з аўторка да суботы ці ў адзіны дзень галасавання, 25 лютага 2024 года.

Для галасавання патрэбны дакумент, што пацвярджае асобу (пашпарт). Аднак ЦВК вызначаецца, якія яшчэ дакументы могуць сведчыць асобу грамадзяніна, напрыклад, калі пашпарт застаецца на афармленні або пададзены на атрыманне візы.

Ад выбарчых участкаў за мяжой улады Беларусі адмовіліся пасля 2020 года, калі на большасці з іх галасы былі аддадзеныя за кандыдатку ад дэмакратычных сілаў Святлану Ціханоўскую. Беларусы за мяжой стваралі тады доўгія чэргі для галасавання.

Раней старшыня ЦВК Ігар Карпенка заяўляў, што ў Беларусі разглядаецца магчымасць увядзення электроннага галасавання на выбарах.

Hавiны
У Беларусі разглядаецца магчымасць увядзення электроннага галасавання на выбарах
2023.09.17 23:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў