Ціск праз сваякоў – ганебны «інструмент» беларускага рэжыму


Днямі стала вядома пра тое, што сілавікі затрымалі брата палітолага Валера Карбалевіча, які пасля пачатку рэпрэсіяў 2020 года вымушаны быў выехаць з Беларусі. Алега Карбалевіча затрымалі разам з жонкай, але пасля затрымання выпусцілі, аддаўшы позвы ў суд. Гэта адзін з найбольш «свежых» выпадкаў, калі беларускія ўлады, не маючы магчымасці дацягнуцца да тых, хто з’ехаў, помсцяць іхным сваякам. На каго яшчэ спрабуюць «націснуць» праз родных і блізкіх?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: aif.ru

Шантаж «сваякамі»

Пасля 2020 году за межамі Беларусі апынулася вялікая колькасць актыўных беларусаў, дзейнасць якіх на той ці іншай ніве (палітычнай, вайсковай, культурніцкай) муляе вока беларускаму рэжыму. У адказ з’явіліся завочныя суды – як над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Вадзімам Пракоп’евым і іншымі, продаж канфіскаванай маёмасці – як у Святланы Ціханоўскай, немагчымасць распараджацца сваёй маёмасцю на падставе даверанасцяў, падпісаных не ў Беларусі, або немагчымасць замяніць пашпарт па-за межамі краіны – як гэта датыкнулася тысячаў беларусаў, якія апынуліся за межамі краіны. Але калі ўсе пералічаныя вышэй метады не даюць неабходнага «выніку», улады не супраць выкарыстаць і такія сродкі ўздзеяння, як шантаж блізкімі і сваякамі.

Якога выніку хацеў дасягнуць рэжым у гісторыі з братам Валера Карбалевіча, можна толькі здагадвацца. Але, па ўсім відаць, яна яшчэ не скончаная. Выглядае на тое, што затрыманне было спланаваным, бо яго зладзілі супрацоўнікі САХР з Менску ў рамках «антытэрарыстычных» вучэнняў, што праводзіліся ў Рэчыцкім раёне. Сямейную пару цягам 72 гадзін пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, іх спрабавалі прымусіць запісаць «пакаяннае» відэа, але сваякі  адмовіліся гэта рабіць. У той жа час, сцвярджаецца, што ў братавай забралі тэлефон – у акаўнце ў «Аднакласніках» у ім знайшліся падпіскі на «Радыё Свабода». Сужэнцам уручылі позвы ў суд на 10 лістапада.

Затрыманні сваякоў палітыкаў: брат Паўла Латушкі

Сярод вядомых палітычных дзеячаў, у якіх былі затрыманыя сваякі, – намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і старшыня Аб’яднанага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Анатоль Латушка. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

31 студзеня 2022 года міліцыя затрымала стрыечнага брата палітыка – Анатоля Латушку – разам з Ліліяй Ананян і Аленай Маліноўскай нібыта за маляванне праз трафарэты на паштовых скрынках герба «Пагоня». Паводле словаў родных, Анатоля збівалі ў міліцэйскім пастарунку, патрабуючы ад яго пароль да тэлефона. Вядома, што яму было нанесена не менш за 50 удараў, таксама міліцыянты надзявалі яму на галаву поліэтыленавы пакет.

«Я бачу, што ўжо ў адносінах да сям’і Латушкі здзяйсняюцца масіраваныя дзеянні, накіраваныя на тое, каб рэпрэсаваць чальцоў сям’і па прыкмеце прыналежнасці да яе», – так пракаментаваў затрыманне свайго брата Павел Латушка.

20 верасня над мужчынам адбыўся суд: суддзя Цэнтральнага раёна горада Менска Дзмітрый Карсюк прысудзіў яму 6 гадоў зняволення ў калоніі. Праваабаронцы прызналі Анатоля Латушку палітзняволеным.

Алена Латушка (жонка стрыечнага брата Паўла Латушкі – Анатоля).
Фота: Polskieradio.pl

Акрамя таго, у жніўні была затрыманая і жонка Анатоля Латушкі – Алена. 10 кастрычніка менскі суд прыгаварыў яе да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» (без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Алена таксама была прызнаная палітзняволенай.

Затрыманне сына Анатоля Лябедзькі

28 сакавіка стала вядома пра затрыманне сына палітыка, дарадцы беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоля Лябедзькі.

Арцём Лябедзька ў Менскім гарадскім судзе. 21 жніўня 2023 года.
Фота: Максім Гучак / БелТА

Спачатку маладому чалавеку далі двойчы па 15 содняў арышту. Але пасля выставілі абвінавачанне па крымінальным артыкуле 361-2 КК РБ («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»).

Сам Анатоль Лябедзька так пракаментаваў затрыманне свайго сына: «Сёння забралі майго сына. Толькі за тое, што ён Арцём Лябедзька, што ён мой сын. Самае мярзотнае, калі пачынаюць распраўляцца з роднымі, бяруць у закладнікі тваіх блізкіх», – напісаў ён у сябе ў «Фэйсбуку».

Разгляд справы Арцёма пачаўся 21 жніўня. Згодна з судовымі матэрыяламі, Арцём пераводзіў грошы тром арганізацыям са свайго банкаўскага рахунку, а таксама з дапамогаю мабільнай праграмы. Акрамя таго, як сцвярджае следства, у яго былі знойдзеныя выпадкі плацяжоў праз унутраную сістэму Facebook.

У судзе малады чалавек не прызнаў сваёй віны і заявіў, што яму зусім незразумелая сутнасць выстаўленых абвінавачанняў. Тым не менш суддзя Раман Пісарэвіч прысудзіў яму той тэрмін, які прасіў пракурор – 3,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арцём быў прызнаны палітзняволеным.

Затрыманні актывістаў: брат адміністратара тэлеграм-канала чыгуначнікаў

У той жа час КДБ не грэбуе выкарыстоўваць у сваіх мэтах і няпоўнагадовых закладнікаў. Так, у лютым 2023 года стала вядома аб тым, што супрацоўнікі камітэту дзяржбяспекі затрымалі 15-гадовага брата адміністратара тэлеграм-канала «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», які на пачатку вайны дзяліўся важнай інсайдарскай інфармацыяй аб перамяшчэннях расейскай тэхнікі па Беларусі.

Фота пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, апублікаванае ў тэлеграм-канале «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».
Фота: «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» / Telegram

Наўзамен на вызваленне брата сілавікі патрабавалі ад адміністратара выдаліць канал з  Telegram.

«Тэрарыстычная арганізацыя КДБ Беларусі захапіла і ўтрымлівае ў закладніках няпоўнагадовага роднага брата адміністратара @belzhd_live. Тэрарысты з КДБ выставілі патрабаванне выдаліць Telegram-канал і спыніць дзейнасць», – так пракаментаваў сітуацыю сам адміністратар супольнасці чыгуначнікаў.

Паводле словаў уладальніка тэлеграм-канала, 15-гадовага юнака трое содняў трымалі на Акрэсціна па крымінальнай справе аб вымагальніцтве, не дапускаючы да яго ані адвакатаў, ані бацькоў. А пасля хлопца змясцілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках, дзе ўтрымлівалі, узяўшы падпіску аб нявыездзе. Пазней стала вядома, што хлопца перавялі ў СІЗА на Валадарскага і выставілі яму абвінавачанне па крымінальнай справе, па якой яму пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення.

Затрыманні сваякоў беларускіх добраахвотнікаў

Прадстаўнікі палка Каліноўскага ўвесь час знаходзяцца «пад прыцэлам» прадстаўнікоў беларускіх спецслужбаў. Таму рэжым не ўпускае магчымасці «адпомсціць» ім за іхную дзейнасць. Нават тады, калі саміх байцоў ужо няма ў жывых.

Так, у 2022 годзе сілавікі затрымалі ажно чатырох сваякоў добраахвотніка Васіля Парфянкова, які загінуў улетку 2022-га пад Лісічанскам. У лік затрыманых трапілі брат, сястра і маці байца. Пры гэтым маці і сястру затрымлівалі, пакуль Васіль быў яшчэ жывы. Усім ім прысудзілі «содні» па абсалютна надуманых прычынах. Стрыечнага брата Васіля – Сяргея Бандарэнку – затрымлівалі двойчы ўжо пасля смерці байца. Яго збівалі падчас допытаў, што ён нават трапіў у шпіталь, з якога здолеў уцячы ў Польшчу.

Сяргей Франчук. Скрыншот з відэа сілавікоў пасля затрымання

9 жніўня 2022 года быў жорстка затрыманы менскім АМАПам стрыечны брат намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма КабанчукаСяргей Франчук. Яго абвінавачвалі ў напісанні паклёпніцкіх каментароў, якія ён пакінуў у адным з тэлеграм-каналаў у адрас Юрыя Караева і Аляксандра Лукашэнкі. У выніку мужчыну асудзілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі, абраза прадстаўніка ўлады, распальванне варожасці і арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія  груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх) да 3 гадоў зняволення.

29 верасня 2022 года сілавікі прыходзілі таксама да бацькі добраахвотніка палка Каліноўскага Яна Мельнікава. Яго затрымалі наўпрост на працы, а пазней прыехалі з ператрусам дадому. Акрамя таго, сястра Яна Мельнікава Вікторыя Навіцкая была затрыманая 21 чэрвеня 2022 года, пасля двух адміністрацыйных арыштаў, яна так і не выйшла на волю. Увосень яе асудзілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу і адправілі на 1,5 года ў калонію.

Прымусіць замаўчаць

У траўні 2022 года стала вядома пра тое, што сілавікі прыходзілі з ператрусам да бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, якія жывуць у вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёну. Паводле словаў Маргарыты, ейнага бацьку сілавікі паклалі тварам на падлогу і надзелі кайданкі. Над бацькамі спявачкі адбыўся суд, які пакараў кожнага з іх штрафам у 2240 рублёў. Маргарыта расказала, што ад бацькоў сілавікі патрабавалі запісаць відэа, каб заклікаць дачку спыніць займацца палітыкай.

Спявачка Маргарыта Ляўчук.
Фота: ГР / Белсат

Зусім нядаўна на канале «Ток» выйшла інтэрв’ю прадстаўніка арганізацыі сілавікоў «Белпол» Мацвея Купрэйчыка, у якім ён таксама расказваў аб тым, што прадстаўнікі ГУБАЗіКу затрымлівалі ягоную маці, сястру і бабулю. Праз іх яны спрабавалі ціснуць на Мацвея. У лістападзе 2022 года сілавікі зноў заявіліся да сям’і Купрэйчыка і сказалі, што на ягоную маці будзе заведзеная справа за ўдзел у плане «Перамога» (нягледзячы на тое, што на ейным тэлефоне ніколі не стаяла аплікацыі «Telegram», неабходнай для гэтага). У выніку дзеля таго, каб бацькоў не арыштавалі, Купрэйчыку прыйшлося тэрмінова вывозіць іх з краіны. На шчасце, гэта атрымалася, і зараз яны жывуць у Польшчы.

На самой справе гэта далёка не ўсе выпадкі ціску на актыўных беларусаў праз сваякоў. Пра шмат якія з іх, мы, напэўна, яшчэ не ведаем. Але мы ведаем, што такі «інструмент» беларускі рэжым выкарыстоўвае таксама і для таго, каб маральна знішчаць і так ужо зняволеных, але не зламаных «ворагаў» рэжыму – як гэта адбываецца ў выпадку з Эдуардам Бабарыкам, асуджаным на 8 гадоў калоніі, або з Дар’яй Лосік, якая трапіла за краты на два гады.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў