У Беларусі затрымалі бацьку Яна Мельнікава, які ваюе ў палку Каліноўскага


Сілавікі працягваюцца затрымліваць родных беларусаў, якія ваююць ва Украіне на ўкраінскім боку. Сёння, 29 верасня, праваабаронцам стала вядома, што быў затрыманы бацька ваяра палку Каліноўскага Яна Мельнікава.

Ян Мельнікаў. Крыніца: Белсат

Да мужчыны, якога завуць Віктар, сілавікі прыйшлі проста на працу. Там яго затрымалі і пазней правялі ператрус дома. За што менавіта быў затрыманы бацька вайскоўца – пакуль невядома.

Бацьку Яна Мельнікава затрымлівалі і раней: пасля пачатку вайны яго пакаралі 15 соднямі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у антываенным пікеце. «Беларускае грамадства масава выступала супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне. Асабісты прыклад майго бацькі, які быў затрыманы на 15 содняў за тое, што выйшаў на акцыю супраць удзелу Беларусі і выкарыстання яе тэрыторыі ў гэтай вайне», – распавядаў Ян Мельнікаў на брыфінгу ў Кіеве.

Раней, 21 чэрвеня, затрымалі і змясцілі ў СІЗА таксама сястру Яна, палітзняволеную Вікторыю Навіцкую. Пасля двух адміністрацыйных арыштаў яна не выйшла на волю, а была перазатрымана па крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Мянчук Ян Мельнікаў ужо браў удзел у баявых дзеяннях – ваяваў на ўсходзе Украіны з 2014 да 2017 году. Ён быў залічаны ў шэрагі тэрытарыяльнай абароны, уступіў у яе яшчэ да пачатку баявых дзеянняў, бо адчуваў, што вайна неўзабаве пачнецца.

Таксама вядома, што месяц таму супраць Сяргея Франчука, стрыечнага брата Вадзіма Кабанчука – намесніка камандзіра палка Каліноўскага, распачалі крымінальную справу за грубае парушэнне парадку (арт. 342 КК). Праваабаронцы паведамлялі, што пры затрыманні Сяргея моцна збілі.

Hавiны
На стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага распачалі крымінальную справу
2022.08.26 12:09

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў