Эдуарду Бабарыку вынеслі прысуд – 8 гадоў калоніі


5 ліпеня суддзя Менскага абласнога суда Уладзімір Арэшка агучыў вырак палітычнаму вязню Эдуарду Бабарыку, сыну патэнцыйнага кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі. Згадваем, што вядома пра Эдуарда, справу супраць яго, у чым сутнасць абвінавачвання, як палітзняволены правёў тры гады ў СІЗА – рэкордны тэрмін перабывання пад вартаю на этапе папярэдняга следства.

Эдуард Бабарыка. Крыніца: viktarbabarykaofficial / Telegram

Дзяцінства і юнацтва

Эдуард Бабарыка нарадзіўся 30 студзеня 1990 года ў Менску ў сям’і Віктара і Марыны Бабарыкаў. Віктар быў знаным у Беларусі банкірам і мецэнатам, узначальваў «Белгазпрамбанк», адначасова стала падтрымліваў важныя культурніцкія праекты ў Беларусі.

Марына кіравала апякунскаю радаю дабрачыннага фонду «Шанц». У 2017 годзе яна трагічна загінула падчас заняткаў дайвінгам.

У Эдуарда ёсць старэйшая сястра Марыя, якая цяпер жыве ў Аўстраліі.

Агляд
Тры гады таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Што цяпер з Віктарам, невядома
2023.06.18 07:01

З дзяцінства Эдуард захапляўся чытаннем. У інтэрв’ю з СІЗА ў 2022 годзе парталу babariko.vision палітычны вязень апавядаў, хто яго натхняў у гады дзяцінства і юнацтва:

«Адказ рызыкуе расцягнуцца на шмат старонак. У дзяцінстве найбольш яскравы літаратурны след пакінулі героі Джэка Лондана. Найцяжэйшыя выклікі, пераадоленне сябе, барацьба да самога канца. А вобраз Марціна Ідэна ўвогуле надоўга замацаваўся ў маім падлеткавым уражанні».

Вышэйшую адукацыю Эдуард атрымаў у БДЭУ, вывучаў эканоміку і кіраванне прадпрыемствамі.

«Ulej», «MolaMola» ды ініцыятыўная група бацькі

Эдуард Бабарыка стаўся вядомы ў публічнай прасторы, калі ў 2018 годзе запусцілася краўдфандынгавая платформа «Ulej», а ў 2019 – фандрэйзінгавая «MolaMola». Абедзве былі пад кіраўніцтвам Эдуарда.

На «MolaMola», сярод іншага, збіраліся сродкі на дапамогу медыкам падчас пандэміі Covid-19. Таксама з дапамогаю платформаў сталася магчымаю рэалізацыя шмат якіх беларускіх культурніцкіх праектаў.

Эдуард Бабарыка падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Фота: Паша Крычко

Абедзве платформы былі заблакаваныя за тыдзень да затрымання Эдуарда і ягонага бацькі, каб «перадухіліць легалізацыю даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансаванне распаўсюду зброі масавага паражэння».

У 2020 годзе Эдуард стаўся кіраўніком ініцыятыўнай групы бацькі, калі той вырашыў балатавацца ў прэзідэнты.

«Ён вельмі добра ўпісаўся, гэта быў найлепшы дуэт, – апавядаў Дзмітрый Жардзецкі, школьны сябар Віктара Бабарыкі. – Эдзік казаў Віктару: «Калі ты вырашыў, то я цябе падтрымаю, чаго б гэта ні каштавала. Я цябе буду падтрымліваць заўсёды». У яго была свая праца, усё ў яго добра ішло. Але трэба было гэтую працу кінуць, каб праводзіць час у штабе. Актыўнасць была вельмі высокая».

Затрыманне і зняволенне

Эдуарда затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі яны ішлі ў ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Затрымліваў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. У той жа дзень Эдуарда змясцілі ў СІЗА КДБ. У канцы лістапада 2021-га з’явілася інфармацыя пра перавод Эдуарда з СІЗА КДБ у СІЗА № 1.

Hавiны
«Хацелі зрабіць Беларусь краінаю, якой можна ганарыцца». Абраная прэзідэнтка – пра Віктара і Эдуарда Бабарыкаў
2023.06.18 11:01

Праз тры дні пасля затрымання, 21 чэрвеня 2020 года, яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ – «Ухіленне ад платы падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры». Пасля дадаліся іншыя артыкулы:

  • ч. 1 арт. 293 КК РБ – «Арганізацыя масавых закалотаў»;
  • арт. 243 КК – «Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў»;
  • арт. 235 КК – «Легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»;
  • арт. 130 КК – «Распальванне варожасці ці варажнечы».

26 чэрвеня адвакаты ўпершыню пасля затрымання здолелі наведаць Эдуарда ў СІЗА. На ўмовы ўтрымання ён не скардзіўся.

Віктар Бабарыка з сынам Эдуардам перад пасяджэннем ЦВК у справе рэгістрацыі каманды актывістаў для збору подпісаў на падтрыманне ягонай кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Менск, Беларусь. 20 траўня 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Сувязь з Эдуардам на той момант падтрымлівала ягоная дзяўчына Аляксандра Зверава, яна пераказвала навіны ад палітычнага вязня. 21 верасня, праз тры месяцы пасля затрымання, яна пісала:

«Эдзік займаецца ёгаю, чытае, вучыцца маляваць, замовіў сабе кнігі пра шахматы. Піша лісты і кожны раз просіць не перажываць. Не дазваляюць глядзець нічога, акрамя БТ. Але ён усё роўна трымаецца».

Пра што Эдуард Бабарыка пісаў у лістах з СІЗА

У лістах на волю палітзняволены зазначаў, як мінаюць дні ў СІЗА, што дапамагае вытрываць:

«Гуляць, гуляць, гуляць і размаўляць. Шмат гаварыць. Тут са шпацырамі і размовамі праблемы. Ужо месяц я ў камеры з адным чалавекам. Агулам я з ім усе 4,5 месяца. Але цяпер мы тулімся. У маленькай камеры ўдвох, а да гэтага жылі ўтрох. Максімум нас было 5 чалавек. Гэта я да таго, што камунікацыя тут вельмі абмежаваная, і мы часам адзін аднаму надакучваем. Вось пару дзён таму паспрачаліся. І амаль два дні правялі ў маўчанні. Нічога страшнага, але пацешная ўласна сітуацыя».

Пасля двух тыдняў у адзіночнай камеры, куды яго перавялі з невядомых прычынаў, палітычны вязень, наадварот, быў рады вярнуцца да людзей:

«З раніцы да ночы маляваў і чытаў. Потым, па вяртанні да суседзяў, не мог нагаварыцца».

Эдуард Бабарыка ўвесь час імкнуўся выкарыстоўваць як мага больш прадуктыўна. За першыя 10 месяцаў у СІЗА навучыўся маляваць «ад узроўню «ручкі – ножкі – агурочак» да ўзроўню, калі ён можа намаляваць чалавека», адзначала Аляксандра.

«Адчуваю я сябе добра. Фізічна, псіхічна, эмацыйна, ментальна – усё на найвышэйшым узроўні. Кожная хвіліна турэмнага заключэння скіраваная на развіццё. У побытавым плане таксама ўсяго хапае. Вялізны вам дзякуй за клопат і турбаванне! Спадзяюся, што і вам удаецца атрымліваць асалоду ад жыцця і заўважаць добрае, нягледзячы ні на што», – пісаў Эдуард у пачатку 2022 года.

«Вялізны шлях ад абсалютнай пусткі да дзіўнага сусвету, поўнага магчымасцяў»

У адным з лістоў Эдуард пісаў, што рэгулярна ладзіць лекцыі пра квантавую механіку, фізіку, хімію ды іншыя натуральныя навукі з малюнкамі ды мадэлямі з агуркоў і памідораў:

«Мне падаецца важным данесці да людзей, што час заключэння можа стаць унікальным канцэнтратам ведаў і досведу, развіцця асобы і руху наперад. Бальшыня адчувае сябе ахвярамі, у якіх забралі жыццё. З такімі поглядамі я змагаюся, спрабуючы перавярнуць іхнае ўяўленне з ног на галаву. Гэта сталася для мяне своеасабліваю заменаю «стварэння», якога я вось ужо два гады пазбаўлены».

23 ліпеня 2022 года Эдуард даў інтэрв’ю з-за кратаў парталу babariko.vision. У ім шмат распавядаў пра стаўленне да няволі, пра жыццё за кратамі:

«За апошнія 24 месяцы я зрабіў вялізны шлях ад абсалютнай пусткі да дзіўнага сусвету, поўнага магчымасцяў. Гэта шмат маленькіх крокаў, якія эвалюцыйна дапаўняюць адзін аднаго. Кожны новы дзень здзіўляе новымі магчымасцямі».

Hавiны
«Узор для беларусаў, як перажываць такія складаныя сітуацыі». Пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам
2023.05.22 15:07

Рэкардсмен ва ўтрыманні пад вартаю

17 снежня 2021 года споўнілася роўна 18 месяцаў з моманту затрымання Эдуарда. Згодна з дзейным на той момант беларускім заканадаўствам, гэта максімальны тэрмін, цягам якога чалавек можа заставацца пад вартай на этапе папярэдняга следства. Але Бабарыку-малодшага на волю не адпусцілі. Праз тры дні, 20 снежня, стала вядома, што ён стаўся падазраваным у новай крымінальнай справе. Гэта дазволіла ўладам далей утрымліваць Эдуарда ў СІЗА.

Эдуард Бабарыка і Марыя Калеснікава падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Фота: Паша Крычко

Адвакаты Эдуарда неаднаразова падавалі скаргі на незаконнасць утрымання пад вартаю без суда, аднак усе яны заставаліся без здавальнення. Двух адвакатаў, якія абаранялі Эдуарда Бабарыку, пазбавілі ліцэнзіі – Ірыну Варанкову і Уладзіміра Пыльчанку.

Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда палітычным вязнем. Дэпутат нямецкага Бундэстагу Карл-Гайнц Брунэр зрабіўся сімвалічным хросным Эдуарда Бабарыкі.

22 траўня 2023 года Бабарыку-малодшага пачалі судзіць. Працэс адбываўся ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні суда Менскага раёну. Стала вядома, што ў абвінавачванні супраць палітычнага вязня дадаўся яшчэ адзін артыкул – ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэксу («Легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»).

Аб’ектыў
У Менску пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам. Палітвязень не прызнае сваёй віны
2023.05.22 22:53

«З дапамогаю платформаў «Ulej» і «MolaMola» зарганізаваў размяшчэнне дэструктыўных праектаў»

Паводле версіі абвінавачання, Эдуард Бабарыка спрыяў Сяргею Ціханоўскаму, затрыманаму 29 траўня 2020 года, у арганізацыі масавых закалотаў. Таксама яму ставяць у віну ўхіленне ад выплаты падаходнага падатку ў перыяд з 2012 да 2022 года.

«Ціханоўскі ды іншыя асобы, перабываючы, у прыватнасці, у Гомлі і Менску, у 2019–2020 гадах з мэтаю павялічыць колькасць асобаў, гатовых браць удзел у пратэстах, рост сацыяльнай напружанасці, дыскрэдытацыю дзяржаўных органаў, нарошчваць антыдзяржаўныя настроі праз інтэрнэт распаўсюджвалі матэрыялы дэструктыўнага характару. Пры гэтым выкарыстоўвалася дапамога паліттэхнолагаў, псеўдаабаронцаў. Пры гэтым Бабарыка, будучы дасведчаным пра характар размешчанай інфармацыі ды мэты яе размяшчэння, з дапамогаю платформаў «Ulej» і «MolaMola» размясціў адпаведныя дэструктыўныя праекты з названай інфармацыяй і збор з нявызначанага кола асобаў сродкаў на падтрыманне ўдзельнікаў масавых закалотаў», – перадавала БелТА версію абвінавачвання.

Эдуард Бабарыка ў судзе 22 траўня 2023 года.
Фота: belta.by

Акрамя таго, палітычнага вязня вінавацяць у наданні дапамогі ў наўмысных дзеяннях, скіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асобаў па папярэдняй змове. Адзначаюць, што гэтыя дзеянні пацягнулі іншыя цяжкія наступствы ў выглядзе ўзнікнення масавых закалотаў, прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры.

Эдуард Бабарыка не прызнаў віны ў поўным абʼёме. Ён заявіў, што не разумее сутнасці выстаўленага яму абвінавачвання. Таксама ён падкрэсліў, што асабіста не быў знаёмы з Ціханоўскім. Эдуард на судзе пастанавіў даваць паказанні:

«Я не здзяйсняў ніводнага злачынства, у якіх мяне вінавацяць. Следства не здабыло ніводнага доказу маёй віны».

Бабарыка-малодшы таксама адзначыў, што тыя Br 1,8 мільёна, якія фігуруюць у справе і лічацца атрыманымі незаконным шляхам, падарылі яму бацькі.

Віктар Бабарыка мусіць выступіць на судзе як сведка, аднак на паседжанні ён гэтак і не з’явіўся. З 26 красавіка няма інфармацыі, дзе Бабарыка-старэйшы ды ў якім ён стане.

Ганна Ганчар belsat.eu

 

Стужка навінаў