«Узор для беларусаў, як перажываць такія складаныя сітуацыі». Пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам


У панядзелак, 22 траўня, Менскі абласны суд на выязным паседжанні ў судзе Менскага раёну пачаў разгляд справы Эдуарда Бабарыкі, сына патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі. У сукупнасці абвінавачванняў 33-гадоваму палітычнаму вязню пагражае да 20 гадоў зняволення. Згадваем, што вядома пра гісторыю пераследу Эдуарда, размаўляем з былым сукамернікам палітвязня.

Эдуард Бабарыка на судзе. Менск, Беларусь. 22 траўня 2023 года.
Фота: БелТА / Telegram

Дзяцінства, юнацтва і крыніцы натхнення

Эдуард Бабарыка нарадзіўся 30 студзеня 1990 года ў Менску ў сям’і Віктара і Марыны Бабарыкаў. Віктар Бабарыка быў знаным у Беларусі банкірам і мецэнатам, ён не толькі ўзначальваў «Белгазпрамбанк», але стала падтрымліваў важныя культурніцкія праекты ў Беларусі, а ў 2020-м выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцтва нашай краіны.

Марына Бабарыка ўзначальвала апякунскую раду дабрачыннага фонду «Шанц». У 2017 годзе трагічна загінула падчас заняткаў дайвінгам.

У Эдуарда ёсць старэйшая сястра Марыя, якая цяпер жыве ў Аўстраліі.

З дзяцінства Эдуард Бабарыка захапляўся чытаннем. У інтэрв’ю з СІЗА ў 2022 годзе парталу babariko.vision палітычны вязень распавядаў, хто яго натхняў у гады дзяцінства і юнацтва:

«Адказ рызыкуе расцягнуцца на шмат старонак. У дзяцінстве найбольш яскравы літаратурны след пакінулі героі Джэка Лондана. Найцяжэйшыя выклікі, пераадоленне сябе, барацьба да самага канца. А вобраз Марціна Ідэна ўвогуле надоўга замацаваўся ў маім падлеткавым уражанні».

Вышэйшую адукацыю Эдуард атрымаў у БДЭУ паводле спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне прадпрыемствамі».

Ад краўдфандынгавай платформы да кіраўніцтва ініцыятыўнаю групаю Віктара Бабарыкі

Эдуард стаўся вядомы ў публічнай прасторы, калі ў 2015 годзе запусцілася краўдфандынгавая платформа «Ulej», а пазней – фандрэйзінгавая «MolaMola», якімі ён кіраваў. Абедзве платформы былі заблакаваныя за тыдзень да затрымання Эдуарда і ягонага бацькі з мэтаю «перадухіліць легалізацыю даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюду зброі масавага паражэння».

Эдуард любіць спорт, да затрымання вёў актыўны лад жыцця, захапляўся верхавым спортам і дайвінгам.

«Эдзік – лідар у жыцці, ён можа расказаць вам пра новую ідэю за 10 хвілінаў гэтак, што людзі ўскокваюць і кажуць: «Дык чаму ж мы гэтага не робім? Давайце зробім гэта!» Ён заўсёды імкнецца зрабіць нешта карыснае для свету, стварыць прадукт, паслугу, сэрвіс, якія прынеслі б карысць грамадству», – казаў ягоны сябар Міхаіл Азашвілі.

Калі бацька Эдуарда, тагачасны кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка пастанавіў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, Эдуард узначаліў ягоную ініцыятыўную групу.

У чым вінавацяць Эдуарда?

Эдуарда затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі яны ішлі ў ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. У той жа дзень Эдуарда змясцілі ў СІЗА КДБ. У канцы лістапада 2021-га з’явілася інфармацыя пра перавод Эдуарда з СІЗА КДБ у СІЗА № 1.

Hавiны
Эдуард Бабарыка не прызнаў віны ў судзе
2023.05.22 14:15

Праз тры дні пасля затрымання, 21 чэрвеня 2020 года, Эдуарду выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 243 КК РБ – «Ухіленне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры». Пасля дадаліся іншыя артыкулы. Судовая справа будзе разглядацца паводле 4 артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 293 КК РБ – «Арганізацыя масавых закалотаў»;
  • арт. 243 КК – «Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў»;
  • арт. 235 КК – «Легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»;
  • арт. 130 КК – «Распальванне варожасці ці варажнечы».

Амаль тры гады яго ўтрымліваюць у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда палітычным вязнем.

Дэпутат нямецкага Бундэстагу Карл-Гайнц Брунэр стаўся сімвалічным хросным для Эдуарда Бабарыкі.

Эдуард – рэкардсмен у тэрміне ўтрымання пад вартаю падчас папярэдняга следства: амаль тры гады да пачатку суда. Яму некалькі разоў падаўжалі перабыванне пад вартай. Адвакаты ўвесь гэты час падавалі скаргі на незаконнасць такога працяглага зняволення без суда, але тыя заставаліся без задаволення.

Двух адвакатаў, якія абаранялі Эдуарда Бабарыку, пазбавілі ліцэнзіі – Ірыну Варанкову і Уладзіміра Пыльчанку.

«Турма можа стаць унікальнаю магчымасцю для развіцця сябе»

Цягам трох гадоў у СІЗА Эдуард Бабарыка імкнецца захоўваць добрую фізічную форму, а таксама інтэлектуальна развівацца. Ягоныя сябры, якія мелі магчымасць з ім камунікаваць, распавядалі, што Эдуард займаецца ёгаю, вучыцца маляваць, шмат чытае, прасіў перадаць яму кнігі пра шахматы, ладзіць лекцыі пра розныя сферы для сваіх сукамернікаў. Сын Віктара Бабарыкі захоўвае бадзёры настрой, не падае духам, цалкам адэкватна ўспрымае сітуацыю, не адчувае сябе ў нечым вінаватым і не збіраецца прызнавацца ў тым, чаго не рабіў.

Эдуард Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

«Турма можа быць месцам, якое крадзе жыццё, а можа стаць унікальнаю магчымасцю для развіцця сябе. Прычым у абодвух выпадках турэмная камера будзе заставацца маленькім пустым пакоем, ізаляваным ад вонкавага свету. Дарэчы, гэта справядліва для любой жыццёвай сітуацыі: мы бачым тое, што жадаем бачыць. Апошнія два гады сталі самым інтэнсіўным перыядам з пункту гледжання стварэння сябе на ўсіх узроўнях: фізічным, інтэлектуальным, эмацыйным, маральным, асобасным», – распавядаў Эдуард Бабарыка ў інтэрв’ю babariko.vision.

Азлобленасці на рэжым няма

Пра жыццё Эдуарда Бабарыкі за кратамі «Белсату» распавёў былы палітычны вязень Аляксандр Дземідовіч, які пэўны час сядзеў з ім разам у СІЗА на Валадарскага:

«Калі пасля пераводу з Акрэсціна я трапіў у транзітную камеру на Валадарцы, то думаў, што было б файна сустрэцца з Эдуардам Бабарыкам. І потым адбыўся нейкі цуд – праз 4-5 гадзінаў мяне якраз прывялі ў камеру, дзе сядзеў Эдуард. Эдзік – веліч, глыба, сын свайго бацькі. Стаічна выносіць сітуацыю, выдатна ўсё разумее».

Паводле Дземідовіча, у сына Віктара Бабарыкі няма азлобленасці на рэжым, «на дыктатара за тое, што адбылося»:

«У яго вельмі добрая жыццёвая ўстаноўка, якой ён дапамагае ўсім астатнім затрыманым, не толькі палітычным – гэты час нам дадзены, каб мы правялі яго эфектыўна, таму ён актыўна развіваецца, шмат чытае, праводзіць духоўныя практыкі, шмат займаецца ёгай, падтрымлівае фізічную форму. Гэта ўзор для беларусаў таго, як выходзіць з такіх складаных сітуацыяў».

Эдуард чытае кнігі з бібліятэкі СІЗА – даволі добрай, паводле Аляксандра:

«Ён рэкамендаваў усім прачытаць кнігу Стывэна Пінкера аб прыродзе і гісторыі гвалту. Я за некалькі дзён яе праглынуў і цяпер таксама ўсім раю».

Аляксандр Дземідовіч: Камунікацыя з Эдзікам мяне ўзбагаціла

Яшчэ адна аддушына ва ўмовах камеры СІЗА – спорт. Раніцай, як распавядае Дземідовіч, яны рабілі размінку, потым на шпацыры ў дворыку бегалі, перад вячэраю рабілі планку і ўвесь час павялічвалі нагрузку.

Эдуарда Бабарыку, са словаў Аляксандра Дземідовіча, паважалі і сукамернікі, і супрацоўнікі з ахоўнікамі СІЗА. У дачыненні яго не было жорсткіх дзеянняў, хоць ціснулі: амаль не даходзілі лісты. На Валадарку Эдуард прывёз з сабою вялікую торбу лістоў, якія прыйшлі яму, калі ён быў яшчэ ў СІЗА КДБ. Ён вядзе ўлік сваёй карэспандэнцыі ў адмысловым сшытку.

«Мы з Эдзікам стала практыкавалі англійскую мову, разважалі пра штучны інтэлект, будучыню сістэмы адукацыі, тэлебачання. Для мяне гэтая камунікацыя была ўзбагачэннем. Мы былі на сувязі яшчэ нейкі час пасля майго вызвалення, але потым сувязь перарвалася», – кажа Аляксандр Дземідовіч.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў