Віктар Бабарыка не з'явіўся на судзе над сынам Эдуардам як сведка


Палітвязня Віктара Бабарыкі не было на судовым паседжанні па справе сына Эдуарда Бабарыкі. Апошні падаваў хадайніцтва аб выкліку свайго бацькі для дачы тлумачэнняў адносна падораных яму як сыну грошай, паведамляе тэлеграм-канал «Виктор Бабарико».

Эдуард Бабарыка і Віктар Бабарыка. Крыніца: viktarbabarykaofficial / Telegram

У пачатку чэрвеня падчас судовага паседжання па справе Эдуарда Бабарыка праўладнае выданне «Мінская праўда» паведамляла, што дзяржабвінаваўца ўключыў Віктара Бабарыку ў спіс сведкаў, якія будуць даваць паказанні ў судзе. Аднак Віктар Бабарыка так і не з’явіўся ў судзе. Дзе ён знаходзіцца зараз і што з ім – невядома.

«У нас па-ранейшаму няма дакладнай інфармацыі аб месцазнаходжанні Віктара Дзмітрыевіча і стане ягонага здароўя», – адзначаюць у штабе Бабарыкі.

Ужо 50 дзён нічога не вядома пра месцазнаходжанне палітыка. Увечары 26 красавіка стала вядома, што ён быў дастаўлены ў шпіталь з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Гэта адбылося ўначы на 25 красавіка. Паведамленне выклікала вялікі міжнародны рэзананс. Аднак нягледзячы на шматлікія заклікі да ўладаў паказаць, у якім стане палітвязень, гэтага зроблена не было.

Паводле няспраўджаных звестак, у калоніі яго збілі. Блогер, спікер арганізацыі «ByPol» Аляксандр Кабанаў у эфіры «Белсату» раней казаў, што ў Бабарыкі прабітае лёгкае. Гэта значыць, былі зламаныя рэбры, і гэтую інфармацыю пацвердзілі крыніцы з калоніі.

Пасля ў Наваполацкай гарадской больніцы адбыліся масавыя звальненні лекараў. Імаверна, гэта помста за ўцечку інфармацыі пра Бабарыку. Пяцёх лекараў схапілі праз тры тыдні пасля з’яўлення звестак пра шпіталізацыю палітыка, іх асудзілі на содні і штрафы, а пасля звольнілі.

Hавiны
У Наваполацку адбыліся масавыя звальненні лекараў. Імаверна, гэта помста за ўцечку пра Бабарыку
2023.06.06 15:04

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў