Тры гады таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Што цяпер з Віктарам, невядома


Банкір Віктар Бабарыка збіраўся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Імаверна, ён быў самым папулярным кандыдатам. 18 чэрвеня 2020 года яго разам з сынам затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Праз год яго асудзілі на 14 гадоў калоніі нібыта за хабар і адмыванне грошай. Ягонага сына судзяць проста цяпер, а сам Віктар Бабарыка знік пасля чутак пра збіццё.

Віктар Бабарыка на прэс-канферэнцыі. 11 чэрвеня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Хто такі Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка нарадзіўся 9 лістапада 1963 года ў Менску. Адвучыўся ў звычайнай школе, скончыў Механіка-матэматычны факультэт БДУ, пазней – Акадэмію кіравання і магістратуру Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту. Пачынаў працаваць у прадпрыемстве парашковай металургіі, але ў 1995 годзе пайшоў у банк «Алімп», які праз два гады быў ператвораны ў «Белгазпрамбанк». У 2000 годзе Бабарыка, якому было толькі 36 гадоў, стаў старшынём праўлення «Белгазпрамбанку».

Бабарыка атрымаў вядомасць не столькі як банкір, колькі як мецэнат, філантроп і публічны выступовец. Ён арганізаваў фонд, які дапамагаў лекаваць хворых дзяцей, ініцыяваў фінансаванне выдання кніг Святланы Алексіевіч і адкрыццё культурнай прасторы «Oк16», спрыяў вяртанню ў Беларусь арыгіналу Бібліі Францішка Скарыны, карцінаў Марка Шагала, Хаіма Суціна і іншых вядомых мастакоў. У адрозненне ад большасці беларускіх топ-менеджараў, Бабарыка даволі актыўна даваў інтэрв’ю на грамадска-палітычныя тэмы, не звязаныя з ягоным бізнесам.

Наведніца суду ў справе Віктара Бабарыкі і «Белгазпрамбанку». Менск, Беларусь. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

12 траўня 2020 года Бабарыка звольніўся з «Беглазпрамбанку» і абвясціў, што збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Ён выступаў з тым, што называлі «пазітыўнай павесткай»: казаў, што выбары не змогуць фальсіфікаваць, калі большасць прагаласуе супраць Лукашэнкі, а ў магчымасць масавых рэпрэсіяў не верыў.

Ён хутка сабраў вялізную ініцыятыўную групу – каля 9 тысяч чалавек (больш было толькі ў Аляксандра Лукашэнкі, калі верыць заявам чыноўнікаў). Да пунктаў збору подпісаў за яго і іншых апазіцыйных кандыдатаў выстройваліся доўгія чэргі. Ягоны штаб заяўляў, што сабралі рэкордныя для апазіцыйнага кандыдата 425 тысяч подпісаў за вылучэнне, а ў Цэнтральную выбарчую камісію падалі 365 тысяч правераных подпісаў.

З інтэрнэт-апытанняў незалежных медыяў вынікала, што Бабарыка – самы папулярны патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты або прынамсі другі пасля Святланы Ціханоўскай. У тых жа апытаннях нарадзіўся мэм пра «Сашу 3 %» – галасоў за дзейнага кіраўніка дзяржавы было блізка да статыстычнай хібнасці што на выразна прадэмакратычнай «Нашай ніве», што на TUT.by з вельмі шырокай аўдыторыяй, што на Onliner.by з вялікай масай апалітычных чытачоў. Сярод чытачоў «Белсату» ў Telegram у траўні 2020 года за Бабарыку было 22 %, за Ціханоўскую 40 %, за Лукашэнку – 1 %.

Яшчэ адным мэмам пратэстаў стала Суціна «Ева» – яна ўваходзіла ў карпаратыўную калекцыю «Белгазпрамбанку», арыштаваную за чатыры дні да затрымання Бабарыкі. «Еву» і астатнюю калекцыю вызвалілі і змясцілі на выставе праз год.

Арыштаваную калекцыю «Белгазпрамбанку» вярнулі ў галерэю. Галерэя Арт Беларусь. Менск, Беларусь. 23 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Як яго затрымалі і за што асудзілі

11 чэрвеня 2020 года ў галаўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, ператрусы праводзілі таксама ў людзей, звязаных з Бабарыкам. Сам Бабарыка заявіў, што гэта ціск на яго ў сувязі з удзелам у выбарах. ДФР распачаў крымінальную справу нібыта за «Ухіленне ад аплаты падаткаў» і «Легалізацыю сродкаў, атрыманых крымінальных шляхам у асабліва буйным памеры». Бабарыка працягваў кампанію, нягледзячы на гэта.

18 чэрвеня знікла сувязь з Віктарам Бабарыкам і ягоным сынам Эдуардам Бабарыкам, які ўзначальваў ініцыятыўную групу бацькі. Выявілася, што яны ехалі здаваць чарговую порцыю подпісаў у ЦВК, але былі затрыманыя супрацоўнікамі ДФР. Адвакатаў да іх не пусцілі, але дзяржаўныя медыі заяўлялі, што яны «даюць паказанні». Беларускія праваабаронцы неўзабаве прызналі затрыманых палітычнымі зняволенымі, таксама іх прызналі вязнямі сумлення праваабаронцы «Amnesty International».

Віктар і Эдуард Бабарыка. Фото: Viktarbabarykaofficial / Telegram

Гэта было ўжо не першае затрыманне патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. 29 траўня пасля загадзя спланаванай правакацыі затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў – ягоную кампанію працягнула жонка. На той момант за кратамі былі таксама палітыкі Мікола Статкевіч і Павел Севярынец, прэс-сакратар Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў і шэраг іншых актывістаў.

Затрыманне Бабарыкі выклікала сярод беларусаў абурэнне – за дзень за ягонае вызваленне сабралі сотню тысяч подпісаў. Людзі выйшлі на акцыі салідарнасці ў розных гарадах, у тым ліку ў сталіцы ўсталі ў «ланцуг салідарнасці». Чэргі да пунктаў збору подпісаў толькі павялічыліся – ім працягвалі перашкаджаць сілавікі, але прыхільнікі альтэрнатыўных кандыдатаў дзейнічалі падкрэслена мірна.

За краты ўжо пасля выбараў трапілі таксама іншыя паплечнікі Віктара Бабарыкі: Марыя Калеснікава, якая ўзначаліла ягоны штаб і падтрымала штаб Ціханоўскай, адвакаты Максім Знак і Ілля Салей, шэраг валанцёраў штабу Бабарыкі.

Марыя Калеснікава і Максім Знак. Менск, Беларусь.
Фота: Виктор Бабарико / Facebook

У час паслявыбарчых пратэстаў Лукашэнка сустракаўся са зняволенымі апанентамі ў следчым ізалятары Камітэту дзяржаўнай бяспекі – на сустрэчы былі ў тым ліку Бабарыка і Ціханоўскі.

Вынікі сустрэчы невядомыя, аднак пасля яе на волю выйшаў Юрый Васкрасенскі, які кіраваў зборам подпісаў за Бабарыку ў Першамайскім раёне Менску. Ён казаў, што КДБ пабачыў у ім «агромны патэнцыял» – неўзабаве ён стане адкрыта праўладным актывістам.

Віктара Бабарыку і шэраг супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» пачалі судзіць у лютым 2021 года. Бабарыка адрынаў абвінавачванні і казаў, што за свае дзеянні яму не сорамна. 6 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну суддзя Ігар Любавіцкі абвясціў прысуд Віктару Бабарыку: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, 46 млн рублёў «у кошт пагашэння нанесенай шкоды» і штраф памерам 5 тысяч базавых. Суд над Эдуардам Бабарыкам на момант публікацыі трывае, ідзе ўжо месяц.

Што з ім цяпер, невядома. Але вядома, як з яго здзекаваліся

Ад Віктара Бабарыкі, як і ад шэрагу іншых палітвязняў, даўно нічога не чуваць – да яго не пускаюць блізкіх і сваякоў, ад яго не даходзяць лісты. Больш як 50 дзён невядома нават тое, дзе ён. На суд над сынам яго не даставілі, хоць той падаваў хадайніцтва аб выкліку бацькі ў якасці сведкі, а дзяржаўныя медыі пісалі, што Віктара нават зацвердзілі ў спісе сведкаў.

Віктар Бабарыка ў судзе
Віктар Бабарыка ў судзе. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Алексей Матюш / Sb.by

26 красавіка 2023 года з’явіліся чуткі, што днём раней Бабарыка трапіў у шпіталь у стане сярэдняй ступені цяжкасці пасля збіцця, што ў яго пнеўматоракс (назапашванне паветра паміж грудною сценкай і лёгкім). Сцвярджалася, што дактары яго адразу не пазналі. Былы палітвязень Аляксандр Кабанаў ад сваіх крыніцаў даведаўся, што ў Бабарыкі ў выніку збіцця можа быць зламанае рабро і прабіта лёгкае.

«Самае важнае: на думку тых, хто знаходзіцца там, дадзена каманда зверху па максімуме ўзмацніць жорсткасць рэжыму ўтрымання такіх знакавых фігур, пачаць жорстка з імі абыходзіцца», – сцвярджаў Кабанаў.

Лекары расказалі «Белсату», што Бабарыку паставілі дрэнажную прыладу. Пасля навінаў пра стан Бабарыкі пачаліся масавыя звальненні лекараў, магчыма, звязаныя з выцекам звестак аб стане палітвязня.

Калі не вызваліць Віктара Бабарыку, то прынамсі расказаць пра ягоны стан заклікалі беларускія і замежныя палітыкі, у тым ліку Святлана Ціханоўская і эксперты Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Улады тым часам амаль не рэагуюць на ўвагу да стану Бабарыкі, а калі рэагуюць, кажуць толькі, што ён «жывы і здаровы».

Аналітыка
Пра палітычных вязняў моваю лічбаў. Шокавыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі
2023.05.28 07:00

На Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, як і на шмат якіх палітвязняў, і да таго чынілі асаблівы ціск у няволі. Віктара Бабарыку прымушаюць насіць жоўтую бірку «схільнага да захопу ўлады», каралі штрафным ізалятарам нібыта за «размову на падвышаных танах». На ўлік яго паставілі за падрапанае падваконне. За любыя кантакты з Бабарыкам вязням калоніі пагражае штрафны ізалятар, расказваў Кабанаў. Адвакатаў, якія баранілі Бабарыку, пазбаўлялі ліцэнзіяў.

Да меркаванага збіцця Бабарыка ў Наваполацкай калоніі працаваў на выпальванні драўнянага вугалю. Поўны працоўны дзень у палітвязня працягваўся 9 гадзінаў. У выніку 6 дзён на тыдзень ён працаваў на вуліцы, без доступу да памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Да таго ён працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў – памяшканні, дзе ён працаваў, не было вентыляцыі, а тэмпература перакрочвала +30 градусаў. У пэўны момант яму плацілі за працу 1 рубель 60 капеек на месяц, пазней паднялі заробак аж да 50 рублёў.

Былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў, які сядзеў з Бабарыкам у наваполацкай калоніі, расказваў, што Бабарыку прапаноўвалі заклікаць людзей спыніць пратэсты, выказацца добра аб Васкрасенскім і падтрымаць Расею – ды Бабарыка адмовіўся, за што цяпер і церпіць.

Кабанаў жа лічыў, што адзінае, што можа зрабіць грамадства ў гэтай сітуацыі, гэта распавесці пра катаў у турмах.

Рэпартаж
Ціханоўская: Мая маленькая дачка збірае грошы на танк, каб тату ісці вызваляць
2023.06.14 19:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў