Як сілавікі сачылі за Ціханоўскім да ягонага затрымання. Публікуем дакументы спецданосаў


Грамадзянка з сумнеўнаю рэпутацыяй, «збітыя» міліцыянты, Дзмітрый Фурманаў, якога разам з крэслам неслі ў міліцэйскі бусік: тры гады таму ў Горадні прайшоў той самы пікет, пасля якога ўлады надоўга ізалявалі Сяргея Ціханоўскага ад беларускага грамадства. А як гэтыя падзеі выглядалі ў «сусвеце МУС»?

У распараджэнні Альянсу расследавальнікаў Беларусі ёсць выбарка з базы спецыяльных аператыўных данясенняў МУС пра Сяргея Ціханоўскага: рапарты, якія мясцовыя «праваахоўныя органы» скіроўвалі высокаму начальству ў Менск. З базы вынікае, што шчыльна Сяргеем заняліся ў сакавіку 2020 года: кантралявалі, сачылі, падрабязна апісвалі і запісвалі практычна кожны крок, практычна штодня адпраўлялі справаздачы ў цэнтральны апарат.

Першы «палітычны» артыкул, паводле базы МУС, Сяргей Ціханоўскі атрымаў за ўдзел і асвятленне акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй у Менску 20 снежня 2019 года. На пачатку студзеня 2020-га суд Савецкага раёну Гомля адправіў яго пад адміністрацыйны арышт на 15 содняў паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі»). Але адбываць гэтыя содні Ціханоўскага тады не адправілі, іх прытрымалі на больш зручны час. Гэты дзень надышоў 6 траўня 2020 года: Сяргея затрымалі каля Магілёва, адправілі ў ІЧУ за папярэднія «грахі», у выніку чаго той не здолеў падаць дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для вылучэння кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах. Замест яго сваю групу зарэгістравала ягоная жонка Святлана Ціханоўская, і далейшая актыўнасць Ціханоўскага, аж да затрымання, была звязаная з пікетамі для збору подпісаў за жонку.

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Белсат

Пакуль Ціханоўскі заставаўся ў ізалятары, адбыліся яшчэ два судовыя працэсы: усё той жа Савецкі суд Гомля абодва разы вынес па 15 содняў за несанкцыянаваныя акцыі ў Берасці, Воршы, Салігорску і Мёрах. Прычым ужо тады ў спецданясенні вялікая ўвага надавалася прэсе: падрабязна апісвалася, якія медыі асвятлялі працэс, хто з журналістаў прысутнічаў.

На судовым пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі СМІ: карэспандэнт газеты «Комсомольская правда в Беларуси», журналіст TUT.by, карэспандэнт БелаПАНу.

Сумарна ў ізалятары ў траўні 2020 года Сяргей Ціханоўскі павінен быў правесці 45 дзён, але яго нечакана адпусцілі 20 траўня. Ён працягнуў ездзіць па краіне, праводзіў пікеты для збору подпісаў за жонку, а рапарты і спецданясенні на яго ляцелі ў цэнтр з усіх РАУС Беларусі, каля якіх пралягаў маршрут Ціханоўскага.

Вось адно з шматлікіх спецданясенняў:

25 траўня 2020 года, Слуцкі РАУС.

Каля 13:45 Ціханоўскі С. Л. у складзе 15 неўстаноўленых асобаў прыбыў да будынку Слуцкага РАУС па адрасе: г. Слуцк, вул. Уласаўца, д. 12. Прыбылыя заставаліся на прылеглай да РАУС тэрыторыі. Ціханоўскі С. Л. у суправаджэнні адной неўстаноўленай асобы зайшоў у фае Слуцкага РАУС, дзе яны цікавіліся пра ўтрыманне ў ІЧУ Слуцкага РАУС асобы, якая адбывае адміністратыўны арышт паводле пастановы суда Слуцкага раёну Няронскага Уладзіміра Мікалаевіча, 24.05.1980 года нараджэння, блогера, вядоўцы каналу «Слуцк для жизни» у інтэрнэце на сайце «YouTube». Пасля атрыманых тлумачэнняў Ціханоўскі С. Л. звярнуўся з заявай аб перадачы Няронскаму У. М. харчоў і ахоўных масак. Ва ўстаноўленым парадку заява Ціханоўскага С. Л. была прынятая, пасля чаго апошні пакінуў Слуцкі РАУС.

Самыя падрабязныя справаздачы ў Менск пісаў начальнік УУС Гомельскага выканкаму А. П. Васільеў. Мабыць, да гэтага абавязваў ганаровы статус роднага гораду Ціханоўскага.

У пераказе мясцовых праваахоўнікаў пікет каля будынку гомельскага цырку 28 траўня 2020 года выглядаў гэтак:

У хадзе забеспячэння кантролю за названым мерапрыемствам устаноўленае наступнае: а 16:30 каля Гомельскага дзяржаўнага цырку (далей – цырк) сабраліся каля 20 грамадзянаў; а 16:50 у раёне правядзення пікету сабраліся каля 170 грамадзянаў, да цырку прыбыў Ціханоўскі С. Л.; у перыяд часу з 16:50 да 19:00 каля цырку адначасова прысутнічала найбольшая колькасць грамадзянаў, каля 350 чалавек; у перыяд з 19:00 да 21:52 каля цырку адначасова прысутнічалі 100–150 чалавек.

Усяго ўзялі ўдзел каля 1000 грамадзянаў, у тым ліку апазіцыйна настроеныя: Паплаўны А. У., Раманаў А. Ю., Саламашанка А. А., Канеўская Т. У., Цібароўскі А. М., Думянкош А. А., Смяян У. У., Мініч Д. У., Рапнін У. К. і іншыя.

Падчас правядзення акцыі Ціханоўскі С. Л. карыстаўся мегафонам, вёў трансляцыю на відэахостынгу YouTube у канале «Страна для жизни», інтэрв’юяваў грамадзянаў, а таксама перыядычна ён і ўдзельнікі акцыі выкрыквалі лозунг: «Стоп, таракан».

У вышэй згаданым месцы збор подпісаў выбарнікаў ажыццяўлялі чальцы наступных ініцыятыўных групаў грамадзянаў у справе вылучэння кандыдатаў на прэзідэнта Ціханоўскай С. Г. – 11 чальцоў, Бабарыка В.  Д. – 2, Цапкала В. В. і Дзмітрыева А. У. – па 1.

Правядзенне вышэй указанай акцыі асвятлялі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі: карэспандэнт газеты «Комсомольская правда в Беларуси», карэспандэнт БелаПАНу, грамадзяне, якія асацыююць сябе з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі – Шчыракова Л. Ф., Гатоўчыц А. І., а таксама блогеры Шапараў А. І., Рэмязоўскі І. І. ды іншыя.

Супрацоўнікі АУС фотафіксавалі дзеянні прысутных.

Аб правядзенні акцыі праінфармаваная камісія ў справе выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Цэнтральнага раёну Гомля.

Дакумент перадалі рэдакцыі

Ужо тады ў афіцыйных дакументах заніжалася колькасць грамадзянаў, якія наведвалі пікеты ды іншыя масавыя перадвыбарчыя акцыі.

29 траўня Сяргей Ціханоўскі прыбыў у Горадню. Гэты пікет стаў для яго апошнім днём на волі. Відавочна, што ўжо было прынятае рашэнне яго «закрываць», заставалася пытанне тэхнічнае, і «спецаперацыю» даверылі правесці мясцоваму актыву. Пад канец пікету да Ціханоўскага пачала прыставаць нейкая грамадзянка, а сутыкнуўшыся з ігнараваннем, яна паскардзілася супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія «цалкам выпадкова» прыбылі, што блогер адмаўляецца з ёю размаўляць. Органы спрабавалі затрымаць Ціханоўскага, людзі, якія сабраліся, яго абаранялі, у нейкі момант адзін з праваахоўнікаў апынуўся на асфальце. А далей – людзі ў цывільным, АМАП, Ціханоўскага цягнуць у бусік, а разам з ім і ўсіх, хто апынуўся пад рукою. Даведацца пра лёс блогера ягоныя прыхільнікі спрабавалі ў кіраўніцтва мясцовага УУС і да позняга вечара стаялі ля будынку мясцовай міліцыі, а там ужо пісалі спецданясенне ў Менск, рапартуючы і пераказваючы падзеі ў патрэбным святле:

У пікеце ўзялі ўдзел каля 200 гараджанаў, каля 20:00 падчас правядзення акцыі да супрацоўнікаў АУС адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні старэйшага лейтэнанта міліцыі Казлоўскага У.С. і маёра міліцыі Хвалені А. А., якія ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку, звярнулася жанчына з паведамленнем, што да яе назойліва чапляўся Ціханоўскі С. Л. З мэтаю высвятлення абставінаў міліцыянты зрабілі захады да затрымання грамадзяніна. Падчас затрымання Ціханоўскім С. Л. ды іншымі грамадзянамі ў дачыненні супрацоўнікаў АУС ужыты гвалт, каб перашкодзіць іхнай законнай дзейнасці. У выніку супрацоўнікі міліцыі з цялеснымі пашкоджаннямі былі дастаўленыя ва ўстанову аховы здароўя.

Дакумент перадалі рэдакцыі

Імя «пацярпелай» жанчыны, да якой «чапляўся» Ціханоўскі, нават у спецданясенні пастанавілі не раскрываць. Аднак яе вылічылі на наступны дзень: Алена Кузьміна, якая неаднаразова прыцягвалася да адказнасці за прастытуцыю.

Hавiны
Добрая ў сяброўстве і ў секс-бізнесе. Што вядома пра гарадзенскую «правакатарку» Алену К.
2020.06.15 18:18

Больш за ўсё сярод узгодненых удзельнікаў гэтай пастаноўкі дасталася, мяркуючы з рапартаў, старэйшаму лейтэнанту Казлоўскаму: «Было ўстаноўлена, што 29 траўня 2020 года ў працэсе стасункаў Казлоўскага з Ціханоўскім неўстаноўленая асоба нанесла ўдар Казлоўскаму ў скроневую вобласць злева, пасля чаго іншы неўстаноўлены грамадзянін абхапіў участковага рукамі ззаду і паваліў на зямлю, пры гэтым Казлоўскаму быў нанесены ўдар у вобласць рэбраў злева. Казлоўскаму надалі медычную дапамогу».

Пазней стала вядома, што нічога сур’ёзнага, нават шпіталізацыя не спатрэбілася. Акрамя фізічных, Казлоўскаму былі нанесеныя і маральныя пакуты: 30 траўня, калі старэйшы лейтэнант раптам прачнуўся знакамітым, ён у сетцы «УКантакце» знайшоў паведамленні ад невядомых асобаў з абразамі і пагрозамі фізічнай расправы. Такія паведамленні атрымала і ягоная жонка. Самае цікавае, што дапамагчы калегу ў Горадні ніхто не здолеў: «Падчас правярання ўстанавіць асобаў, якія адпраўлялі паведамленні на адрас Казлоўскага У. і Казлоўскай Т., не ўяўлялася магчымым».

Дакумент перадалі ў рэдакцыю

Сяргей Ціханоўскі пасля пікету ў Горадні на волю так і не выйшаў.

Дакумент перадалі ў рэдакцыю
Дакумент перадалі ў рэдакцыю

30 траўня 2020 года Ціханоўскага прызналі палітычным вязнем, ён першы атрымаў такі статус падчас кампаніі-2020. 14 снежня 2021-га Сяргею прысудзілі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сяргея Ціханоўскага прызналі вінаватым у арганізацыі масавых закалотаў, арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, перашкодзе ажыццяўленню выбарчых правоў і распальванні нянавісці. Ціханоўскі адбывае тэрмін у турме № 8 у Жодзіне. Сувязі з ім няма ўжо больш за два месяцы.

Альянс расследавальнікаў Беларусі. З нашаю дапамогаю таемнае становіцца відавочным. Іншыя расследаванні АРБ можна паглядзець тут.

У тэлеграм-канале АРБ будуць апублікаваныя справаздачы ды іншыя дакументы з базы МУС «Аператыўныя спецданясенні і рапарты МУС», якія не ўвайшлі ў гэтае расследаванне.

Дзякуем кіберпартызанам за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

Стужка навінаў