«Ён прапаноўваў пакінуць сябе ў закладніках». Былы палітвязень распавёў пра адмову Віктара Бабарыкі ад кампрамісу ўладаў


Улады прапанавалі Віктару Бабарыку кампраміс, ад якога ён адмовіўся. Палітык хацеў, каб вызвалілі ўсіх палітвязняў, акрамя яго, і толькі тады быў гатовы абмяркоўваць далейшыя дзеянні. Пра гэта ў эфіры «Белсату» распавёў былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў, які сядзеў з Бабарыкам у наваполацкай калоніі.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

Гарадзенец Вадзім Хіжнякоў адбыў 2,5 года паводле абвінавачвання ў гвалце ў дачыненні супрацоўніка міліцыі. У эфіры «Белсату» ён распавёў, што пазнаёміўся з Віктарам Бабарыкам у каранціне ў калоніі:

«Часам удавалася пагаварыць у курылцы. Пасля таго, як мы некалькі разоў пагаварылі ў курылцы, мяне выклікалі на гутарку і жорстка папярэдзілі, што я не мушу, не маю права і наогул забаронена, і я буду пакараны, калі яшчэ будуць такія размовы».

Агулам, паводле Хіжнякова, размовы з Бабарыкам занялі гадзіны тры, калі скласці разам.

«Гаварылі пра ўсё. І пра асабістае жыццё, і пра тое, што яго прывяло ў кандыдаты ў прэзідэнты, чаму ён на гэта наважыўся, што ён думае аб агульнапалітычным становішчы, як ён бачыць развіццё падзеяў у краіне», – сказаў былы палітвязень.

Ён сцвярджае, што Бабарыка не шкадуе аб падзеях 2020 года, калі абвесціў аб удзеле ў выбарах прэзідэнта:

«Ён не шкадаваў абсалютна, гаварыў, што зрабіў усё слушна, што ягоны выбар правільны, што здзейсніў учынак. Ён казаў, што мужчына ад асобіны мужчынскага полу адрозніваецца тым, што прымае рашэнні і мусіць іх ажыццяўляць. Вось ён прыняў рашэнне і яго ажыццяўляў».

Суразмоўца «Белсату» ведае, што Віктару Бабарыку прапаноўвалі кампраміс, аднак «ён не пагадзіўся і ніколі на гэта не пагодзіцца»:

«Яму прапаноўвалі добра выказацца аб Васкрасенскім. Тады акурат ішла такая акцыя, калі Васкрасенскі заклікаў людзей пісаць прашэнні аб памілаванні. Другое: ён павінен быў публічна выступіць і заклікаць людзей спыніць супраціўляцца, спыніць пратэсныя дзеянні і жыць, як жылі раней».

Трэцяя прапанова – заклік да падтрымкі Расеі, да заявы пра тое, што «Расея – наш найлепшы саюзнік, што толькі з Расеяй мы зможам развівацца».

«Ён не пагадзіўся. І праз гэта да сёння, як мне стала вядома, цярпіць за ўсё гэта. Ён сказаў ім, што пойдзе на кампраміс толькі ў адным выпадку: калі выпусцяць усіх палітзняволеных. А ён у якасці закладніка можа застацца ў зняволенні, і пасля гэтага можна штосьці абмяркоўваць», – распавёў Хіжнякоў.

Hавiны
«Дапамажыце сабе – пакажыце Бабарыку». Святлана Ціханоўскай звярнулася да пасобнікаў Лукашэнкі
2023.04.28 21:50

Дзе цяпер Віктар Бабарыка і ў якім ён стане, невядома. 26 красавіка з’явілася інфармацыя пра ягоную шпіталізацыю. Паводле звестак паплечнікаў палітыка, ён быў у стане сярэдняй цяжкасці, са слядамі збіцця.

Сёння сваякі Бабарыкі намагаліся трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, каб даведацца пра месцазнаходжанне спадара Віктара і ягоны стан. Аднак сустрэча не адбылася.

29 красавіка ў адміністрацыі наваполацкай калоніі заявілі, што Бабарыка «жывы ды здаровы і працягвае адбываць сваё пакаранне».

Hавiны
Прадстаўнік калоніі распавёў пра стан Віктара Бабарыкі двума словамі: «Жывы і здаровы»
2023.04.29 19:58

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў