«Дапамажыце сабе – пакажыце Бабарыку». Святлана Ціханоўскай звярнулася да пасобнікаў Лукашэнкі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская запісала відэазварот, у якім заклікае сілавікоў – памагатых Лукашэнкі, выйсці на сувязь з дэмакратычнымі сіламі і распавесці, дзе Віктар Бабарыка, падумаць пра сваю будучыню і заставацца людзьмі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Святлана Ціханоўская падкрэслівае, што дагэтуль ні адвакаты, ні сваякі Віктара Бабарыкі не ведаюць, што з ім, не могуць убачыць, у якім ён стане.

«І такая сітуацыя не адзіная. Пасобнікі Лукашэнкі сёння не ўсведамляюць наступствы гэтага ціску на палітвязняў, – кажа беларуская лідарка. – Зразумейце, пры любым змяненні сітуацыі Лукашэнка будзе ратаваць толькі сябе. Калі прыйдзе час несці адказнасць, кожны, хто цяпер яго атачае, апынецца сам па сабе».

Ціханоўская пералічвае пайменна сілавікоў, якія цяпер выконваюць загады Лукашэнкі і катуюць палітвязняў.

«Сам па сабе будзе Алег Маткін, на якога Лукашэнка зваліць усю паўнату адказнасці за нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваліся палітвязні. Сам па сабе будзе Андрэй Швед, які будзе расплочвацца за ўсе абвінавачванні і запатрабаваныя тэрміны. Сам па сабе будзе Дзмітрый Гора, калі ўсе гэтыя расследаванні справядліва назавуць сфабрыкаванымі. Сам па сабе будзе Іван Кубракоў, бо за шматразовае перавышэнне паўнамоцтваў, катаванні і смерці звычайных грамадзянаў, якія ў выніку за імі ішлі, хтосьці павінен будзе адказаць», – кажа абраная прэзідэнтка Беларусі.

Перамены ўсё роўна адбудуцца, кажа Святлана Ціханоўская, але «месцаў у самалёце не хопіць на ўсіх».

«Толькі вы самі можаце сабе дапамагчы. Пачынайце рабіць гэта цяпер. Выходзьце з намі на сувязь. Дзяліцеся інфармацыяй. Зрабіце гэта не толькі дзеля сваёй будучыні, але і дзеля таго, каб заставацца чалавекам», – рэзюмуе лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.

Увечары 26 красавіка з’явілася інфармацыя, што Віктар Бабарыка трапіў у Наваполацкую лякарню ў стане сярэдняй цяжкасці. 28 красавіка ні супрацоўнікі лякарні, ні калоніі не змаглі пацвердзіць, што палітвязень у іх. Месцазнаходжанне Бабарыкі і ягоны стан невядомыя.

Hавiны
Месцазнаходжанне Віктара Бабарыкі і ягоны стан невядомыя
2023.04.28 18:21

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў