У Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам


Былому суперніку Аляксандра Лукашэнкі Віктару Бабарыкі, які з калоніі трапіў у больніцу, паставілі дрэнажную прыладу. Пра гэта нам распавяла наша крыніца ў Наваполацкай больніцы.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / Instagram

Паводле крыніцы, палітык ходзіць сам:

«Раніцай ішоў сам, яго кудысьці везлі з лякарні. Выглядае збітым, але ягоны дыягназ я не ведаю».

Таксама паведамляецца, што палітыка раніцай вывезлі з бальніцы Наваполацку. Яго забралі з хірургічнага аддзялення трое супрацоўнікаў калоніі ў форме і некалькі чалавек у цывільным.

Тым часам у камандзе Бабарыкі кажуць, што палітык усё яшчэ знаходзіцца ў цэнтральнай гарадской больніцы Наваполацку. Яму правялі абследаванне, адводзяць вадкасць з лёгкіх. Стан палітвязня ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці.

«Любое транспартаванне на сённяшні момант можа быць спалучанае са смяротнай пагрозай жыццю і здароўю», – заявілі ў камандзе.

Увечары 26 красавіка з’явілася інфармацыя пра тое, што ў ноч на 25 красавіка экс-кандыдат на прэзідэнта і палітычны вязень Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў шпіталь з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1.

Адзначалася, што ягоны стан сярэдняй ступені цяжкасці, вядома, што ў яго пнеўматоракс (назапашванне паветра паміж грудною сценкай і лёгкім). Паводле звестках «Рабочага руху», Бабарыка быў так збіты, што дактары адразу яго нават не пазналі, пакуль не пабачылі прозвішча.

Святлана Ціханоўская ўжо выказалася з гэтае нагоды, яна запатрабавала паказаць, у якім стане цяпер Віктар Бабарыка, і дапусціць да яго адваката і родных.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў