Каманда Віктара Бабарыкі пацвердзіла, што ён у шпіталі


Раніцай 27 красавіка каманда Віктара Бабарыкі пацвердзіла, што ён быў шпіталізаваны ў больніцу Наваполацку. Інфармацыю пра гэта апублікаваў тэлеграм-канал «Виктор Бабарико».

Віктар Бабарыка.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Сябры. Учора з’явіліся чуткі, што Віктар Бабарыка цяпер у шпіталі Наваполацку. Нам удалося пацвердзіць гэтую інфармацыю. На жаль, іншых падрабязнасцяў пакуль не вядома», – сказана ў запісе.

Увечары 26 красавіка тэлеграм-канал «Рабочы Рух» напісаў, што Бабарыка шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне наваполацкай больніцы ў стане сярэдняй цяжкасці з пнеўматораксам (гэта назапашванне паветра паміж грудной сценкай і лёгкім). Пнеўматоракс можа з’яўляцца ў выніку траўмы грудной клеткі. Таксама, са звестак крыніцы, Бабарыка быў так збіты, што дактары адразу яго нават не пазналі, пакуль не пабачылі прозвішча. Гэта адбылося ў ноч з 24 на 25 красавіка.

Святлана Ціханоўская ўжо выказалася з гэтае нагоды, яна запатрабавала паказаць, у якім стане цяпер Віктар Бабарыка, і дапусціць да яго адваката і родных.

Нагадаем, што Віктара Бабарыку арыштавалі 18 чэрвеня 2020 года напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У 2021 годзе так званы Вярхоўны суд прыгаварыў палітвязня да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 235 («Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») і арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры»).

У канцы сакавіка паведамлялася, што адміністрацыя ПК № 1 ужывае ў дачыненні палітвязня Віктара Бабарыкі неабгрунтаваныя дысцыплінарныя захады. Нядаўна стала вядома, што палітыку абвесцілі вымову. Тады яму пагражалі паўторным пакараннем, змяшчэннем у ШІЗА і новай крымінальнай справай.

Таксама, паводле блогера Аляксандра Кабанава, вакол Віктара Бабарыкі ў калоніі створаныя «асаблівыя ўмовы», што перашкаджаюць камунікацыі з ім іншых палітвязняў. «Вакол яго створаны інфармацыйны вакуум. Людзі, якія спрабуюць з ім размаўляць, хаця б нават павітацца – гэта ШІЗА», – распавядаў блогер. Пры гэтым сам Бабарыка, паводле Кабанава, у размовах з начальнікам калоніі спрабаваў абараніць вязняў, якіх каралі за кантакты з ім.

Hавiны
Рабочы рух: Віктар Бабарыка трапіў у шпіталь са слядамі збіцця і пнеўматораксам
2023.04.27 09:03

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў