Рабочы рух: Віктар Бабарыка трапіў у шпіталь са слядамі збіцця і пнеўматораксам


Увечары 26 красавіка ў тэлеграм-канале Рабочага руху з’явілася інфармацыя пра тое, што экс-кандыдат на прэзідэнта і палітычны вязень Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў шпіталь з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Гэта адбылося ў ноч на 25 красавіка.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

З калоніі Віктара Бабарыку даставілі ў Наваполацкую цэнтральную гарадскую больніцу.

Пазней тэлеграм-канал удакладніў, што Бабарыка застаецца ў аддзяленні хірургіі. Ягоны стан сярэдняй ступені цяжкасці, вядома, што ў яго пнеўматоракс (назапашванне паветра паміж грудною сценкай і лёгкім). Паводле звестках крыніцы, Бабарыка быў так збіты, што дактары адразу яго нават не пазналі, пакуль не пабачылі прозвішча.

Святлана Ціханоўская ўжо выказалася з гэтай нагоды, запатрабаваўшы паказаць, у якім стане Віктар Бабарыка, і дапусціць да яго адваката:

«Сёння ўначы з’явілася інфармацыя, што Віктар Бабарыка трапіў у лякарню са слядамі збівання. Мы патрабуем публічна прадэманстраваць, у якім ён стане. Мы патрабуем допуску адвакатаў і сваякоў да яго. Любыя іншыя дзеянні будуць тлумачыцца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю».

Нагадаем, што Віктара Бабарыку арыштавалі 18 чэрвеня 2020 года напярэдадні прэзідэнціх выбараў. У 2021-м Вярхоўны Суд прыгаварыў палітычнага вязня да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 235 («Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам») і арт. 430 («Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры»).

У канцы сакавіка паведамлялі, што адміністрацыя ПК № 1 ужывае ў дачыненні палітвязня неабгрунтаваныя дысцыплінарныя захады. Нядаўна стала вядома, што палітыку абвесцілі вымову. Тады яму пагражалі паўторным пакараннем, змяшчэннем у ШІЗА і новаю крымінальнаю справаю.

Таксама, паводле блогера Аляксандра Кабанава, вакол Віктара Бабарыкі ў калоніі створаныя «асаблівыя ўмовы», якія перашкаджаюць камунікацыі з ім іншых палітычных вязняў. «Вакол яго створаны інфармацыйны вакуум. Людзі, якія спрабуюць з ім размаўляць, хаця б нават павітацца, – гэта ШІЗА», – распавядаў блогер. Пры гэтым сам Бабарыка, паводле яго, у размовах з начальнікам калоніі спрабаваў абараніць вязняў, якіх каралі за кантакты з ім.

зона.бел
«Камбінат перапрацоўвання чалавечыны». Расказваем пра калонію № 1 у Наваполацку, дзе сядзіць Бабарыка
2022.10.23 13:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў