За любыя кантакты з Бабарыкам вязням калоніі пагражае ШІЗА – блогер Кабанаў


Блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў, які пасля адбыцця свайго тэрміну ў калоніі эвакуяваўся ў Вільню, распавёў у эфіры праграмы «Тыдзень» на «Белсаце» пра ўмовы, у якіх у калоніі ўтрымліваецца былы апанент Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 года, банкір Віктар Бабарыка.

Паводле Аляксандра Кабанава, вакол Віктара Бабарыкі ў калоніі створаныя «асаблівыя ўмовы», якія перашкаджаюць камунікацыі з ім іншых палітвязняў.

«Вакол яго створаны інфармацыйны вакуум. Людзі, якія спрабуюць з ім размаўляць, хаця б нават павітацца – гэта ШІЗА», – распавёў блогер.

Кабанаў згадаў, як прыблізна на 50 содняў у ШІЗА быў скіраваны вязень, які паспрабаваў дапамагчы паднесці торбы Бабарыкі, калі той толькі прыехаў у калонію.

«Вакол яго ствараюць вакуум, і зэкі ведаюць, што ад гэтага чалавека трэба трымацца падалей», – адзначыў былы палітвязень.

Пры гэтым сам Бабарыка, паводле яго, у размовах з начальнікам калоніі спрабаваў абараніць вязняў, якіх каралі за кантакты з ім.

У іншых вязняў такіх абмежаванняў, як у былога апанента Лукашэнкі, няма.

  • 12 траўня 2020 года Віктар Бабарыка паведаміў пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. За кароткі тэрмін Бабарыка стварыў другую па колькасці ініцыятыўную групу (каля 9 тысяч асобаў супраць 11 тысяч у Лукашэнкі). Таксама ён паставіў рэкорд у колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
  • 18 чэрвеня 2020 года Бабарыку разам з сынам Эдуардам затрымалі, калі яны накіроўваліся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. З таго часу яны знаходзяцца ў зняволенні.
  • Суд Маскоўскага раёну Менску 6 ліпеня 2021 года прысудзіў палітыку 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў