Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»


Пра палітвязня Віктара Бабарыку доўгі час не было навінаў – і 26 красавіка раптоўна высветлілася, што ён трапіў у лякарню. Месяцамі нічога не чуваць пра тое, што адбываецца з палітвязнямі Міколам Статкевічам, Ігарам Лосікам, Максімам Знакам… Праваабаронцы падазраюць, што іх трымаюць у штрафных ізалятарах ці памяшканнях камернага тыпу. Што рабіць сваякам зняволеных, калі пра лёс родных нічога не чуваць?

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
Папраўчая калонія № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Каардынатарка ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава сказала «Белсату», што не ведае, наколькі часта сваякі пазбаўляюцца ўсялякай сувязі з палітвязнямі, але з той інфармацыі, што яна мае, вынікае, што даволі рэгулярна.  Гэта, падкрэслівае яна, калі ў зняволенага яшчэ ёсць блізкія, якія дапамагаюць і цікавяцца станам.

«Калі ад чалавека не паступае аніякіх навінаў, то ён, хутчэй за ўсё, у ШІЗА, бо толькі там нельга пісаць і атрымоўваць лісты, а таксама тэлефанаваць, – тлумачыць Касінерава. – Калі чалавек шпіталізаваны і ён фізічна не можа пісаць, то таксама могуць адсутнічаць навіны, але гэта выключныя выпадкі. ШІЗА – даволі часты захад ціску на палітычных зняволеных, каб змясціць іх у яшчэ больш дрэнныя ўмовы: у холад, без магчымасці выйсці на прагулку, без перапіскі і гэтак далей».

Яна адзначае, што тое, як абыходзяцца са зняволенымі, парушае і беларускія законы, і Канстытуцыю, і міжнародныя канвенцыі. Напрыклад:

– Змяшчэнне ў карцар больш, чым на 10 содняў – парушае арт. 33 закону «Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай».

– Свядомае прынясенне зняволенаму фізічных і маральных пакутаў праз рэпрэсіі – парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў, арт.7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ч.3 арт.25 Канстытуцыі РБ, ч.3 арт. 3 Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ.

– Адсутнасць пасцельных рэчаў, штодзённых прагулак і фізічных практыкаванняў – парушае пункты 10, 19, 21, 31 і 32 Мінімальных стандартных правілаў абыходжання са зняволенымі, прынятых на першым Кангрэсе Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў.

Што рабіць сваякам, калі сувязь са зняволеным знікае?

Былы палітвязень Аляксандр Кабанаў ў размове з «Белсатам» казаў, што ў грамадства сёння практычна няма рычагоў ціску, каб уплываць на адміністрацыю калоніі, каб паказалі, у якім стане зняволены.

Але за палітвязняў могуць пазмагацца сваякі. Касінерава раіць ім:

– Запісацца на прыём да начальніка калоніі, дзе адбывае пакаранне іх блізкі чалавек;

– Напісаць звароты ў Генеральную пракуратуру, Дэпартамент выканання пакаранняў па вобласці, дзе знаходзіцца калонія, з патрабаваннем спыніць ціск і катаванні  і правесці праверку парушэнняў у дачыненні да зняволенага;

– Адправіць адваката. Часта адвакатаў не пускаюць, але гэта не абгрунтавана ніякімі законамі: у ШІЗА не дазволены толькі перапіскі. Права на абарону чалавек мае заўсёды, і адміністрацыя павінна выдаць яму асадку і паперу, каб чалавек напісаў заяву аб парушэнні права. Касінерава дадае: «Мы ведаем, што вельмі мала засталося адвакатаў, якія займаюцца палітычнымі справа ці гатовы рызыкаваць і спрачацца, але калі гэта магчыма зрабіць, то варта спрабаваць»;

– Прыцягваць увагу грамадскасці да праблемаў. Заўсёды можна знайсці спосаб данесці інфармацыю бяспечна для сваякоў, таму не трэба баяцца звяртацца да праваабаронцаў;

– Шукаць тых, хто сядзіць у гэтай калоніі, каб атрымаць ускосную інфармацыю пра сваяка.

«Вядома, што гэтыя дзеянні патрабуюць шмат высілкаў, у першую чаргу маральных, – прызнае Касінерава. – Але ніхто акрамя блізкіх людзей не зможа зрабіць для зняволенага ці зняволенай болей.

Таксама хацелася б нагадаць, што ў Беларусі пасля 2020 года здарыўся татальны прававы калапс. Гэта значыць, што не варта спадзявацца на тое, што закон спрацуе ў дачыненні да палітычных апанентаў існай улады. Таму не варта баяцца ці шукаць чалавечнасці ў выканаўцаў – суддзяў, адміністрацыі СІЗА або калоніі, канваіраў і гэтак далей. Трэба шукаць праваабаронцаў, бо яны штодня аналізуюць рэпрэсіі і распавядуць вам, якая зараз рэальнасць, аднадумцаў, а таксама тых, хто ўжо праходзіць выпрабаванні, бо толькі разам іх магчыма пераадолець».

***

Ініцыятыва «Dissidentby» на момант публікацыі называе палітычнымі зняволенымі 1763 чалавек – нават больш, чым налічваюць «Вясна» і шэраг іншых арганізацыяў. Але нават гэта няпоўная колькасць палітвязняў: не ўся інфармацыя трапляе да праваабаронцаў, а шэраг сваякоў зняволеных не хочуць расказваць публічна аб палітычных справах.

Каментар
Аляксандр Кабанаў: Адзінае, што можа зрабіць грамадства, – распавесці пра катаў у турмах
2023.04.27 14:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў