Віктар Бабарыка трапіў у шпіталь Наваполацку. Штаб палітыка пацвердзіў гэтаю інфармацыю «Белсату». Але іншых звестак наконт стану здароўя і прычынаў трапляння палітвязня ў больніцу няма. Былыя палітвязні ў размове з «Белсатам» кажуць, што ў грамадства сёння практычна няма рычагоў ціску, каб уплываць на адміністрацыю калоніі.
Жыццё і здароўе Віктара Бабарыкі пад пагрозаю, з наваполацкай калоніі яго перавялі ў цэнтральную гарадскую больніцу. Вядома, што Бабарыку змясцілі ў аддзяленні хірургіі. Ён у стане сярэдняй ступені цяжкасці. Паведамляецца, што палітвязень мае пнеўматоракс (назапашванне паветра паміж грудною сценкай і лёгкім). Паводле звестках крыніцы, Бабарыка быў так збіты, што дактары адразу яго нават не пазналі, пакуль не пабачылі прозвішча.
Як пазней паведаміла крыніца «Белсату» ў наваполацкай больніцы, у Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, але стан здароўя дазваляе хадзіць самастойна. «Раніцай ішоў сам, яго кудысьці везлі з больніцы. Выглядае збітым, але ягонага дыягназу я не ведаю», – паведаміла нашая крыніца.
Святлана Ціханоўская запатрабавала паказаць, у якім стане Віктар Бабарыка, і дапусціць да яго адваката.
Былы палітвязень Аляксандр Кабанаў у размове з «Белсатам» прызнаў, што ў цяперашняй сітуацыі грамадства ніяк не можа паспрыяць таму, каб паказалі, у якім стане палітвязень.
«Мы можам зладзіць акцыі, падняць шум у міжнародных СМІ, але гэта не працуе. Рэальна трапіць да яго ў больніцу проста немагчыма, рэальна даведацца пра ягоны стан здароўя – немагчыма, рэальна спыніць тое, што адбываецца ў калоніі ў Наваполацку, – немагчыма», – кажа Аляксандр Кабанаў.
Паводле словаў былога палітвязня, адзінае, што цяпер можа грамадства зрабіць, – распавесці пра катаў у турмах.
«Назваць імёны працаўнікоў калоніяў, агучыць інфармацыю пра іхных родных і паказаць, дзе яны жывуць. Мы мусім агучыць імёны дактароў, бо там працуюць не дактары, а садысты. Я ўсё гэта прайшоў. Гэтым садыстам абсалютна напляваць на ўсё. Яны больш здзекуюцца з людзей, чым лечаць іх. Гэта максімум, што мы можам зрабіць. Трэба, каб гэтыя асобы ведалі, што пра іх грамадства ведае, што ім у любым выпадку давядзецца несці адказнасць», – кажа былы палітвязень.
Аляксандр Кабанаў дадае, што менавіта гэтыя асобы чыняць сваімі рукамі злачынствы і менавіта яны ў турме дзень і ноч з вязнямі. Яны катуюць, збіваюць людзей у турмах.
«У першую чаргу адказнасць за злачынствы ў наваполацкай калоніі нясе былы начальнік Андрэй Пальчык. Ён пайшоў з пасады кіраўніка, але пасля яго сістэма не змянілася, бо цяпер, наколькі я ведаю, часовым выканаўцам абавязкаў начальніка калоніі стаў падпалкоўнік Журко. Гэта той жа Пальчык, толькі яшчэ больш цынічны, з тымі ж садысцкімі схільнасцямі. Пры мне яны ўдвух у камеры збівалі чалавека, а я тым часам стаяў на расцяжцы тварам да сцяны, мяне трымалі супрацоўнікі, а за спінай я чуў, як крычаў ад болю чалавек. Пры гэтым Пальчык патрабаваў, каб чалавек не крычаў на працаўніка адміністрацыі. І яны смяяліся», – узгадвае Аляксандр Кабанаў.
Што да сітуацыі з Бабарыкам, Аляксандр Кабанаў кажа, што бадай кожны дзень, калі ішлі на працу, ён бачыў палітыка. Былы палітвязень кажа, што Віктар Бабарыка амаль ні з кім не меў размоваў, але ў яго не было прыгнечанага выгляду.
«Я ведаю, што яшчэ пры мне на яго пачаліся наезды. Вакол яго паставілі стукачоў. Забаранілі стасункі з усімі навокал. Ён працаваў на вуглях. Гэта цяжкая праца, брудная і самая чорная. У людзей, якія працуюць на вуглях, чорная ад пылу скура, гэты пыл вымыць практычна немагчыма», – кажа Кабанаў.
Што да інфармацыі наконт збіцця і трапляння Віктара Бабарыкі ў шпіталь, Аляксандр Кабанаў кажа, што не можа зразумець, як гэта адбылося. Адміністрацыя калоніі намагаецца, каб нічога не здарылася і каб не выйшлі вонкі нейкія факты. Нават калі збіваюць, намагаюцца зрабіць так, каб было меней гематомаў, каб не было магчымасці паскардзіцца.
«Яны баяцца розгаласу, а тут адразу ж дайшло да таго, што палітвязня вывезлі з турмы. Я ведаю, што Віктар Бабарыка пераважна быў у штрафным ізалятары, яго не выпускалі адтуль. Я дапускаю, што яго маглі пасадзіць у камеру, дзе змясцілі неадэкватных асобаў. Маглі справакаваць канфлікт з іншымі зняволенымі, бо гэта таксама адзін з інструментаў ціску адміністрацыі калоніі», – выказвае свае думкі Аляксандр Кабанаў.
Былы палітвязень не ведае, што адбылося ў турме, але выказвае здагадку, што менавіта адміністрацыя калоніі і нацкавала на Віктара Бабарыку іншых вязняў. Бо малаімаверна, што палітвязня збілі менавіта працаўнікі адміністрацыі.
Іншыя былыя зняволеныя таксама кажуць«Белсату», што няма рычагоў уплыву ў такіх сітуацыях з палітвязнямі. Беларусы апынуліся ў сітуацыі, калі яны бяссільныя і нічога не могуць зрабіць. Адміністрацыя мае развязаныя рукі і выконвае ўсе загады, што паступаюць зверху. Пры гэтым кіраўніцтва калоніі і турмаў не зважае на заканадаўства.
Грамадскасці вядома, што апошнія два месяцы ад Віктара Бабарыкі няма лістоў, яго ўвесь час трымаюць у ШІЗА. Адвакат палітвязня таксама не можа працаваць, бо яго затрымалі.
Мікалай Каткоў belsat.eu