У Менску пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам. Палітвязень не прызнае сваёй віны


Праз амаль тры гады пасля затрымання ў Менску распачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам, сынам прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнтства Віктара Бабарыкі. За гэтыя гады ў няволі, што Эдуард чакаў суду, гэтак званае “следства” выставіла яму 4 крымінальных артыкула. На першым паседжанні Эдуард не прызнаў сваёй віны ні па адным з іх.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пазітыўны, спартовы, з усмешкаю – так Эдуард Бабарыка выглядае на лаве падсудных. Менскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы супраць сына экс-банкіра і магчымага суперніка Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі.

«Эдуарда судзяць за тое, што ягоны бацька не ўпісаўся ў палітычныя каардынаты рэжыму Беларусі, за тое, што ён у 2020 годзе зрабіў выклік сістэме, гэтаму рэжыму, пайшоў ці паспрабаваў пайсці прыняць удзел у выбарчай кампаніі і насамрэч зрабіў вялікі перапалох», – тлумачыць дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

На судзе Эдуард Бабарыка заявіў, што выстаўленае супраць яго абвінавачанне яму не зразумелае ў поўным аб’ёме і сваёй віны ён не прызнае. Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года, калі ён разам з Віктарам Бабарыкам нёс подпісы ў Цэнтрвыбаркам. Эдуард кіраваў зборам подпісаў у штабе свайго бацькі, а таксама платформамі «Улей» і «МолаМола», праз якія збіраліся грошы. У тым ліку на культурніцкія праекты.

Толькі праз год няволі Эдуарду выставілі абвінавачанне. Спачатку ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, а пазней дадалі яшчэ 3 артыкулы, у тым ліку арганізацыю масавых беспарадкаў. Яму пагражае да дваццаці гадоў турмы.

«Эдуард Бабарыка – гэта палітычны вязень, больш падобны да вайсковага закладніка, якога трымаюць без прававых падставаў дзеля таго, каб аказваць ціск на ягонага бацьку», – выказваецца прававы дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк.

Тым часам пра бацьку Эдуарда, якога пазбавілі волі на 14 гадоў, нічога не вядома цэлы месяц. 26 красавіка з папраўчай калоніі нумар адзін палітвязень трапіў у хірургічнае аддзяленне наваполацкай больніцы. Ананімныя крыніцы сцвярджалі, што ў яго шматлікія сляды збіцця.

Пра будні самога Эдуарда ў няволі нам распавёў былы палітвязень Аляксандр Дземідовіч:

«Эдзік, вядома ж, – велічыня, глыба, ён – сын свайго бацькі, ён стаічна выносіць усю гэтую сітуацыю, ён абсалютна разумее ўсё, у яго няма нейкай азлобленасці на рэжым, на дыктатара».

Пранамсі дваіх адвакатаў Эдуарда Бабарыкі пазбавілі ліцэнзіі: Ірыну Варанкову і Уладзіміра Пыльчанку. Былы сукамернік Аляксандр Дземідовіч сведчыць, што Эдуарда моцна абмяжоўваюць у ліставанні, аднак, нягледзячы на ўсё, Эдуард пазітыўна ставіцца да жыцця: трымаецца сам і дапамагае трымацца іншым вязням.

«Мае дні сапраўды напоўненыя аптымізмам, добрымі думкамі і пазітыўнымі адчуваннямі. Не жартую і не хітрую. Літаральна кожны дзень напоўнены новымі адкрыццямі і захапленнямі. Канца і краю ім няма. Ды і людзі прыгожыя, усе без выключэння, нават чые ўчынкі нельга назваць добрымі. Гэта любоў да ўсіх і ўся таксама надае шмат сілаў. А падтрыманне з вашага боку даказвае, што ўсё будзе добра», – пісаў Эдуард Бабарыка ў лісце з-за кратаў.

Камера, у якой утрымліваецца Эдуард, штодзень робіць зарадку, а таксама бегае падчас прагулак. Эдуард дадаткова займаецца ёгай і шмат чытае.

«З таго, што ён усім рэкамендаваў прачытаць, – Пінкера. Гэта кніга пра паходжанне гвалту, уласна, паходжанне і прыроду гэтага ўсяго. Вельмі дзіўна, што яна, па-першае, ёсць у гэтай бібліятэцы, а па-другое, што яе рэальна можна ўзяць пачытаць», – кажа былы палітвязень Аляксандр Дземідовіч.

«Дзеці для мяне заўсёды – “запредзельна” і вы гэта ведаеце, дзеці не павінны за бацькоў несці такую адказнасць», – некалі казаў Аляксандр Лукашэнка.

Браць сваякоў апанентаў рэжыму ў закладнікі – звычайная справа для рэжыму Лукашэнкі. Як кажа палітык Анатоль Лябедзька, чыйго сына Арцёма паводле крымінальнага артыкулу трымаюць у СІЗА, такім чынам рэжым Лукашэнкі помсціць за падзеі 2020 года:

«Наперадзе ж нейкія мусяць быць палітычныя выбарчыя кампаніі, трэба трымаць градус страху, а гэта можна рабіць толькі дзякуючы рэпрэсіям».

Працяг суда над Эдуардам Бабарыка чакаецца заўтра, маюць выступіць сведкі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»