Двух адвакатаў у палітычных справах выклікалі на пазачарговую пераатэстацыю


Яшчэ двух адвакатаў, Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Мацкевіча, якія ўдзельнічаюць у палітычных матываваных працэсах, выклікалі 1 снежня 2022 года ў Кваліфікацыйную камісію ў пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі для пазачарговай пераатэстацыі, паведамляе праект «Права на абарону».

Уладзімір Пыльчанка і Віктар Мацкевіч. Крыніца: advokat.by

Уладзімір Пыльчанка – адвакат Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыка, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Андрэевай, Лявона Халатрана ды іншых. Віктар Мацкевіч – адвакат Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыка, Алеся Бяляцкага.

З пачатку 2020-га да верасня 2022 года не менш як 38 адвакатаў пазбавіліся статусу, пасля таго як не прайшлі чарговую ці пазачарговую атэстацыю.

«Атэстацыя адвакатаў фактычна выкарыстоўваецца як санкцыя, як інструмент рэпрэсіяў і як форма пераследу за іншадумства», – заяўляюць аўтары праекту.

«Права на абарону» адзначае, што прасочваецца выразная тэндэнцыя: не праходзяць атэстацыі тыя адвакаты, якія абаранялі пратэстоўцаў пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, грамадскіх дзеячаў і актывістаў, палітычных апанентаў, журналістаў, гэта значыць адвакаты, якія працавалі ў рэзанансных і палітычна матываваных справах, а таксама тыя адвакаты, якія падпісвалі петыцыі супраць гвалту і за правядзенне новых выбараў, у абарону сваіх калегаў. Некаторым з іх пры атэстацыі нагадвалі аб падпісанай імі петыцыі як аб «няправільнай пазіцыі».

Hавiны
Затрымалі групу адвакатаў, якія баранілі анархістаў
2022.09.13 15:01

Алена Рувіна belsat.eu 

Стужка навінаў