Віктара Бабарыку паставілі на ўлік за тое, што ён падрапаў падваконне, калі рэзаў сала


Палітзняволенага былога кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе Віктара Бабарыку паставілі на прафілактычны ўлік у калоніі за кроенне сала. Пра гэта распавёў былы зняволены папраўчай калоніі № 1, дзе Бабарыка адбывае тэрмін, распавядаюць праваабаронцы.

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

«За Бабарыкам заўсёды ўзмоцнены кантроль. Як правіла, дзе ён працуе, там ставяць вельмі шмат камераў, дзеля таго, каб ён не пакідаў працоўнага месца не паводле раскладу. Таксама на Бабарыку павесілі прафілактычны ўлік як на «схільнага да захопу закладнікаў, праяўлення агрэсіі і нападу на адміністрацыю», – перадаюць праваабаронцы словы былога зняволенага.

На прафілактычны ўлік Віктара Бабарыку паставілі за тое, што ён ножыкам пакінуў драпіны на падваконні, калі рэзаў сала.

«Гэта ўбачылі пазаштатныя супрацоўнікі адміністрацыі, пабеглі ў штаб і даклалі пра гэта операм [супрацоўнікам адміністрацыі калоніі]. На гэтай падставе палітвязню павесілі такі прафулік», – дадае былы зняволены.

У снежні мінулага года тэлеграм-канал «Віктар Бабарыка» паведамляў, што былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, якога асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, атрымаў новую працу. У наваполацкай калоніі палітвязень выпальвае драўняны вугаль. Поўны працоўны дзень у яго трывае 9 гадзінаў. У выніку 6 дзён на тыдзень ён працуе на дварэ, не ў памяшканні, дзе была б магчымасць пагрэцца падчас змены.

Родныя палітыка зважаюць, што такую працу яму прызначылі насуперак медычным супрацьпаказанням. Раней Віктар Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. У памяшканні, дзе ён працаваў, не было вентыляцыі, а тэмпература перавышала +30 градусаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў