«Хацелі зрабіць Беларусь краінаю, якой можна ганарыцца». Абраная прэзідэнтка – пра Віктара і Эдуарда Бабарыкаў


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская выступіла з заяваю на гадавіну затрымання Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Іх схапілі ў адзін дзень тры гады таму. «Яны апынуліся за кратамі толькі за тое, што хацелі зрабіць Беларусь краінаю, якой можна ганарыцца», – адзначыла лідарка.

Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард.
Фота: viktar_babaryka / Twitter

Сёння – тры гады ад моманту затрымання Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. «Яны апынуліся за кратамі толькі за тое, што хацелі зрабіць Беларусь краінаю, якой можна ганарыцца. У якой людзі маглі б спакойна жыць і працаваць, не баючыся сілавікоў, беспрацоўя і дэфіцыту», – заявіла з гэтай нагоды абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская.

Лідарка адзначыла, што яе заўсёды натхняў прыклад моцных беларускіх сем’яў. У гэтым шэрагу – Бабарыкі, сёстры Калеснікавы, сямʼя Лосікаў:

«Менавіта дзякуючы такім гісторыям верыш у сапраўднае каханне, веру адно ў аднаго і ўзаемадапамогу. Яны вераць і любяць настолькі, што гатовыя праходзіць любыя выпрабаванні, каб падтрымаць свайго блізкага чалавека».

Як заўважыла Ціханоўская, «Лукашэнка любіць казаць пра каштоўнасць сямʼі, але сам падзяляе семʼі адну за адной». «Але Беларусь – краіна моцных семʼяў, якія так проста дыктатару не зламіць», – падсумавала абраная прэзідэнтка.

Агляд
Тры гады таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Што цяпер з Віктарам, невядома
2023.06.18 07:01

Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калоніі нібыта за хабар і адмыванне грошай. З 25 красавіка не вядома, дзе ён і ў якім стане.

Эдуард Бабарыка ўвесь час ад затрымання знаходзіцца ў СІЗА. Месяц назад распачаўся суд паводле ягонай справы. Эдуарда абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў, яму пагражае да 20 гадоў зняволення. Віны ён не прызнае.

Аб’ектыў
У Менску пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам. Палітвязень не прызнае сваёй віны
2023.05.22 22:53

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў