Пераходны кабінет: Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі


Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі, нягледзячы на скасаванне рэжымам Лукашэнкі беларуска-польскага пагаднення. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі.

«Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасведчанні і дыпломы. Для нас пагадненне працягвае дзейнічаць», – заявіў дзяржсакратар Міністэрства адукацыі і навукі, паўнамоцны прадстаўнік ураду Польшчы ў пытаннях развіцця і міжнародных стасункаў у галіне адукацыі і навукі Томаш Жымкоўскі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Абʼяднанага пераходнага кабінету Паўлам Латушкам і Алінай Коўшык.

Падчас сустрэчы была абмеркаваная таксама магчымасць сумеснага з польскімі ўладамі рашэння, якое б зрабіла апастылі ад беларускіх уладаў непатрэбнымі, а адсутнасць сертыфікату ЦТ не перашкаджала б пры паступленні ў польскія ВНУ беларускім абітурыентам, якія не могуць атрымаць яго з-за рэпрэсій. Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі разам з Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы дамовіліся сумесна распрацаваць адпаведныя інструкцыі ў гэтай справе.

Абмяркоўвалася таксама магчымасць стварэння сеткі суботніх школаў для вывучэння беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Вялася гаворка і пра павелічэнні стыпендыяў для беларускіх студэнтаў у Польшчы.

«Польскі бок выказаў зацікаўленасць у прыняцці на працу беларускіх настаўнікаў пасля настрыфікацыі іх дыпломаў», – гаворыцца ў паведамленні Пераходнага кабінету.

Для дасягнення практычных вынікаў у вызначаных напрамках сумеснай дзейнасці будзе створаная працоўная група на прыкладзе супрацы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрствам спорту і турызму Польшчы.

Напрыканцы кастрычніка 2022 года Беларусь выйшла з міжурадавага пагаднення з Польшчай аб узаемным прызнанні дакументаў аб вышэйшай адукацыі і ступеняў у навуцы і мастацтве.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў