«Раскаяцца і публічна перапрасіць». Што прапаноўваецца ва ўказе аб камісіі для вяртання


Апублікавалі падрабязнасці ўказу «Аб разглядзе зваротаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у пытаннях учынення імі правапарушэнняў», які 6 лютага падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У ім гаворыцца, што беларусы, якія жадаюць вярнуцца ў краіну праз камісію для вяртання, павінны раскаяцца, прынесці публічныя прабачэнні і пакрыць прычыненую шкоду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: КК / Белсат

Паведамляецца, што ў камісію маюць права звярнуцца ахвотныя вярнуцца на радзіму беларусы, якія з 1 студзеня 2020 года да пачатку дзеяння ўказу «здзейснілі адміністратыўныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай накіраванасці і асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваім магчымым дачыненнем да здзяйснення такіх правапарушэнняў».

«Гэтыя асобы павінны раскаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію аб гатовасці пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, кампенсаваць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак», – такія патрабаванні пазначаныя ва ўказе аб камісіі.

Звароты прымаюцца да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з неабходнымі дакументамі. Па выніках разгляду зваротаў грамадзянам будуць паведамляць аб наяўнасці або адсутнасці ў іх адміністратыўнага працэсу, узбуджанай крымінальнай справы, а таксама аб магчымасці іх спынення. Рашэнні будуць прымацца камісіяй шляхам галасавання.

Пасля гэтага грамадзяне абавязаны прыбыць у краіну не пазней як праз тры месяцы з даты накіравання камісіяй адпаведнага паведамлення. Пры невыкананні гэтага патрабавання рашэнне камісіі страчвае моц.

Таксама ўказ прадугледжвае стварэнне камісіі, якая будзе разглядаць адпаведныя звароты. У яе склад будуць уваходзіць кіраўнікі дзяржаўных органаў, парламентарыі і прадстаўнікі грамадскіх структураў. Старшынёй будзе генеральны пракурор Беларусі.

Аднак праваабаронцы папярэджваюць, што апошнім часам улады ўсё часцей заклікаюць беларусаў, якія з’ехалі, вяртацца дадому. Нібыта пасля афіцыйнага звароту і раскаяння ім не будзе пагражаць пазбаўленне або абмежаванне волі. Але цяпер, напрыклад, 49-гадовай адміністратарцы пратэставых чатаў Таццяне Курылінай, якая пастанавіла скарыстацца праўладнаю праграмаю «Дарога дадому», пагражае да 15 гадоў зняволення. Пры вяртанні яе затрымалі і судзяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Hавiны
Сілавікі затрымалі ўжо як мінімум 58 беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы
2023.02.02 11:20

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў