«Арганізацыя акту тэрарызму» ды іншае. Следчы камітэт скончыў расследаваць справу ў дачыненні «BYPOL»


Галоўнае следчае ўпраўленне СК скончыла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні арганізацыі «BYPOL», якое вялося ў парадку спецыяльнага вядзення («завочнага справаводства»). Крымінальная справа перададзеная генеральнаму пракурору, паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэту.

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL», былы кіраўнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК і былы выкладчык акадэміі МУС. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар

Паводле Следчага камітэту, які называе «BYPOL» «тэрарыстычнай арганізацыяй», ёй, а таксама падраздзяленням «Сiтуацыйна-аналiтычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план «Перамога» інкрымінуюць 12 злачынных дзеянняў.

У спісе абвінавачванняў – здрада дзяржаве, арганізацыя акту тэрарызму, стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, арганізацыя наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць шляхоў зносінаў, незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках, паклёп на Аляксандра Лукашэнку, знявага прадстаўнікоў улады і Лукашэнкі ды іншыя.

Як паведамляе СК, крымінальная справа перададзеная генеральнаму пракурору Андрэю Шведу.

Раней намеснік старшыні Следчага камітэту РБ Сяргей Аземша выказваўся пра тое, што «ўдзельнікі самаабвешчаных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў», такіх як «BYPOL», НАУ, Каардынацыйная рада, «спрабавалі вярнуць у нашую краіну паўнавартасную арганізаваную злачыннасць», а сярод удзельнікаў гэтых арганізацыяў – «самыя сапраўдныя бандыты і здраднікі радзімы».

«BYPOL» – ініцыятыва, створаная былымі беларускімі сілавікамі, якія не падтрымалі рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе. У лістападзе 2021 года МУС прызнаў «BYPOL» экстрэмісцкім фармаваннем, а ў жніўні 2022 года Вярхоўны Суд прызнаў ініцыятыву «тэрарыстычнай арганізацыяй». «BYPOL», знаходзячыся за межамі Беларусі, займаецца ў тым ліку зборам доказаў злачынных дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму. Дзякуючы расследаванням арганізацыі, беларусы ведаюць прозвішчы тых, хто датычны да забойства героя плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі. Улетку 2023 года ініцыятыва раскалолася на дзве арганізацыі: цяпер існуюць «BYPOL» і «BELPOL».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў