Наколькі раскол «BYPOL» – бяда для дэмакратычных сілаў? Каментуе спікер Каардынацыйнай рады


Аб’яднаны пераходны кабінет 13 чэрвеня паведаміў пра вынікі сустрэчы калектыву «BYPOL» з абранай прэзідэнткай Святланай Ціханоўскай: аб’яднанне сілавікоў «BYPOL» аддзеліцца ад фонду «BYPOL». Наколькі гэта кепска, «Белсату» пракаментаваў спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Два «Байполы»
Лагатып «BYPOL» – не вядома, каму з бакоў канфлікту ён дастанецца, але паведамляецца, што аб’яднанне вакол Купрэйчыка мае аддзяліцца і «вызначыцца з назваю». Калаж: Белсат

Скандал між чальцамі «BYPOL» выбухнуў 8 чэрвеня, развязанне знайшлі 13-га. План такі. Аб’яднанне сілавікоў Беларусі, куды ўваходзяць Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар і іншыя, аддзеліцца ад фонду «BYPOL» і блізкім часам вызначыцца з назваю, формай юрыдычнай асобы і кірункамі працы. За фондам «BYPOL», якім кіруюць Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў, застаецца план «Перамога». Першым адыходзяць старонкі «BYPOL» у Instagram, Telegram і YouTube, другім – Facebook, TikTok і сайт.

Усе ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся прайсці паліграф («дэтэктар хлусні») у бліжэйшыя два месяцы. Таксама неўзабаве абяцаюць правесці незалежны фінансавы аўдыт «BYPOL» і выплаціць запазычанасці ў заробках.

Аб’яднаны пераходны кабінет увёў мараторый на ўзаемныя абвінавачанні і публічную крытыку, адмовіўся ад каментароў аб развязанні канфлікту.

Каардынацыйная рада, кажа «Белсату» яе спікер Андрэй Ягораў, не ўдзельнічала ў вырашэнні гэтага канфлікту наўпрост. Але ў Каардынацыйную раду ўваходзіць прадстаўнік «BYPOL», таму рада прымала захады, звязвалася з двума бакамі, раіла ўступіць у працэс перамоваў або скарыстацца з працэдуры медыяцыі, прапаноўвала свой удзел у медыяцыі.

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.
Фота: Andrei Yahorau / Facebook

Наколькі ўсё кепска?

Канфлікт у «BYPOL», кажа Ягораў, гэта вельмі сур’ёзны ўдар па іміджы ўсіх дэмакратычных сілаў. План «Перамога», які арганізаваў «BYPOL», быў адным з цэнтральных элементаў камунікацыі дэмакратычных сілаў адносна будучых зменаў у Беларусі. З пачатку 2021 года пра план пастаянна нагадвалі, тэма актуалізавалася, беларусы далучаліся да плану і перадавалі арганізатарам свае звесткі, а спецслужбы Беларусі рэпрэсавалі тых, каго падазравалі ў датычнасці да плану.

Ды пакуль нічога надзвычай драматычнага не адбылося, мяркуе спікер Каардынацыйнай рады:

«Рэпутацыйна гэта сур’ёзны ўдар па ўсіх, – прызнае Ягораў. – Але пакуль што, наколькі я разумею, сітуацыя не ў тым, што нейкія звесткі людзей былі злітыя і сталі даступныя трэцім асобам, ці што план «Перамога» перастаў існаваць, а людзі ў «BYPOL» страцілі над ім кантроль. Хутчэй, гаворка ідзе пра ўнутраны канфлікт у арганізацыі. І далей мы маем гэты раскол, узаемныя абвінавачанні людзей – важна, каб гэты канфлікт мог мець нармальную працэдуру вырашэння.

Калі пачнецца вайна кампраматаў і далейшая эскалацыя гэтага канфлікту ў неканструктыўным рэчышчы, то гэта, мажліва, будзе мець больш сур’ёзныя наступствы. Пакуль што, калі будзе магчымасць цывілізавана развязаць гэты канфлікт, то я думаю, развязанне можа нават сыграць на ўзмацненне іміджу дэмакратычных сілаў».

Разбор
Што такое Каардынацыйная рада, хто яе выбіраў і кім яна кіруе?
2023.03.15 07:00

Ці можа ўсё скончыцца нармальна?

Расколы і падзелы – не новая з’ява ў беларускіх дэмакратычных сілах. Беларусы маюць партыю БНФ і партыю КХП БНФ. Маюць тры сацыял-дэмакратычныя «Грамады»: БСДГ, БСДП (Грамада) і БСДП (Народная грамада). Можа, і два «BYPOL» – нармальная з’ява?

Ягораў адказвае: само па сабе ўзнікненне канфліктаў – нармальна. Ён паўтарае: важна, каб вырашэнне было цывілізаваным. Калі будзе высветлена, што гэта не датычыць нейкіх правапарушэнняў, якія людзі здзяйснялі, ні злачынстваў, то канфлікт удасца вырашыць праз медыяцыю. У выніку можа быць альбо ўз’яднанне, альбо стварэнне дзвюх розных арганізацыяў з рознымі функцыямі, альбо адна частка можа сысці з поля палітычнай дзейнасці, заняцца нечым яшчэ.

«Любыя гэтыя вынікі пры нармальнай працэдуры вырашэння канфлікту цалкам прымальныя. Галоўнае, каб гэта не вяло да эскалацыі», – рэзюмуе Ягораў.

Кепска будзе, падкрэслівае ён, калі пачнецца «вайна кампраматаў» і «растрасанне бруднай бялізны», калі створыцца атмасфера варожасці, а ўсё палітычнае поле будзе вымушанае дзяліцца на прыхільнікаў таго ці іншага боку.

А ў «Час Х» усе аб’яднаюцца?

Ціханоўская Калеснікава Цапкала
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 30 ліпеня 2020 года.
Фота: ТК / Белсат

Магчыма, канфлікты ўзнікаюць проста таму, што дэмакратычныя сілы цяпер не бачаць перспектываў хуткай перамогі – і таму сварацца? Перад выбарамі-2020 на пэўны час публічныя спрэчкі практычна зніклі, у пратэсце аб’ядналіся ўсе, хто мог. Можа, калі перспектывы перамогі з’явяцца цяпер, будзе і яднанне вакол супольнай мэты?

«У 2020-м было іншае, – адказвае Ягораў. – Прыйшлі новыя людзі, а ўсе тыя, хто сварыліся і паміж сабою, спрачаліся і не маглі аб’яднацца, яны проста засталіся на перыферыі палітычнага працэсу. Хтосьці альбо далучыўся да новых сілаў, альбо застаўся нідзе».

Калі дэмакратычныя сілы будуць фрагментавацца і дзяліцца, гэта паменшыць іхную падтрымку ў грамадстве і ўплыў на грамадства, працягвае ён. У выніку гэта скароціць «тэрмін палітычнага жыцця»: для палітычных структураў у эміграцыі, лічыць Ягораў, сярэдні тэрмін жыцця – каля пяці гадоў.

Фрагментацыя і страта ўплыву можа ператварыць цяперашнія дэмакратычныя сілы ў маргінальныя структуры, кажа Ягораў, і тады проста паўстануць новыя сілы, якія і будуць удзельнічаць у дыялогу пра будучыню Беларусі.

Агляд
Страйк, мітынгі і каліноўцы. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да раптоўнай смерці Лукашэнкі?
2023.05.12 10:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў