«ByPol» падзеляць на дзве арганізацыі. Як гэта будзе?


Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі паведаміў пра вынікі сустрэчы калектыву «ByPol» з кіраўніцаю Кабінету Святланаю Ціханоўскаю.

Аляксандр Азараў і Мацвей Купрэйчык
Аляксандр Азараў і Мацвей Купрэйчык у ліку публічных прадстаўнікоў «ByPol» на сайце Bypol.org. Калаж: Белсат

У выніку сустрэчы пастанавілі, што аб’яднанне сілавікоў Беларусі, куды ўваходзяць Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар ды іншыя, аддзеліцца ад фонду «ByPol» і блізкім часам вызначыцца з назваю, формай юрыдычнай асобы і кірункамі працы. А ў адказнасці Станіслава Лупаносава і Аляксандра Азарава застаецца план «Перамога».

«План «Перамога» – у поўнай бяспецы, працягваецца праца для яго напаўнення і рыхтавання», – заявілі ў Кабінеце.

Таксама пастанавілі падзяліць медыі «ByPol»: Telegram, Instagram, YouTube застаюцца за Аб’яднаннем сілавікоў Беларусі; Facebook, TikTok і сайт – за  «ByPol» пад кіраўніцтвам Азарава.

«Усе ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся прайсці паліграф у незалежнага эксперта за найбліжэйшыя два месяцы», – гаворыцца ў паведамленні.

Апроч таго, у «ByPol» неўзабаве пройдзе фінансавы аўдыт незалежнаю кампаніяй, якую ўхваляць абодва бакі. Выплаціць арганізацыя і пазыкі ў заробках.

Пастаноўлена ўвесці мараторый на ўзаемныя абвінавачванні і публічную крытыку ды любыя дзеянні, якія нясуць шкоду другому боку і «ByPol» як супольнасці.

Разбор
Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска
2023.06.09 16:43

Канфлікт стаўся публічным, калі Азараў 8 чэрвеня запісаў відэазварот, у якім заявіў, што Купрэйчык і яшчэ «група асобаў» адмовіліся праходзіць паліграф («дэтэктар хлусні»), праз гэта былі звольненыя, але Купрэйчык забраў доступ да акаўнтаў «ByPol» у YouTube і сацыяльных сетак.

Пазней у Telegram-канале «ByPol» з’явіўся пост з абвінавачваннямі ў бок Азарава. Там сцвярджаюць, што Азараў ніколі не быў заснавальнікам ці кіраўніком аб’яднання экс-сілавікоў «ByPol», кіраваў толькі створаным 26 траўня 2021 года фондам «ByPol», а ў аб’яднанні сілавікоў быў «медыйнаю персонаю». Сцвярджаецца таксама, што аб’яднанне сілавікоў не выстаўляла кандыдатуры Азарава ў Кабінет (хоць раней «ByPol» не пратэставаў супраць гэтага, а ад арганізацыі на канферэнцыі, падчас якой быў створаны Кабінет, быў як мінімум яшчэ адзін прадстаўнік).

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў