У Расеі працягваецца зачыстка генералаў. Зняты з пасады камандуючы 20-й арміяй


У Расеі зняты з пасады камандуючы 20-й арміяй генерал-лейтэнант Сухраб Ахмедаў. Пра гэта паведаміў сустаршыня Каардынацыйнага савету ў пытаннях інтэграцыі новых рэгіёнаў Грамадскай палаты Уладзімір Рогаў. Гэтыя звесткі пацвярджаюць і расейскія вайсковыя карэспандэнты ды канал РБК.

Сухраб Ахмедаў.
Фота: Минэкономразвития РД / vk.com

Уладзімір Рогаў заявіў, што Сухраба Ахмедава «вывелі ў распараджэнне», але «інфармаваныя крыніцы паведамляюць, што сітуацыя ў развіцці». Ён назваў гэта «выдатнай навіной».

У лістападзе 2022 года пяхотнікі 155-й брыгады Ціхаакіянскага флоту звярнуліся да кіраўніка Прымор’я Алега Кажамякі з абвінавачваннямі на адрас генерала Рустама Мурадава і ягонага паплечніка Ахмедава, сцвярджаючы, што тыя адправілі іх у «незразумелы наступ» на паселішча Паўлаўка каля Вуглядару. Z-блогер «Рыбарь» звязваў з Ахмедавым удар украінскай РСЗА HIMARS па пабудове вайскоўцаў аднаго з ягоных падраздзяленняў пад Крэмінной у чэрвені 2023 года, у выніку чаго загінулі 100 асобаў.

Але гэта не перашкодзіла Ахмедаву за 2023 год атрымаць загадам Уладзіміра Пуціна адразу два генеральскія званні.

Таксама 23 траўня ў Маскве затрымалі працаўніка дэпартаменту забеспячэння абаронзамовы Мінабароны Уладзіміра Верцялецкага. Следчы камітэт паведаміў, што яго абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі пры выкананні дзяржаўнай абароннай замовы. Суд адправіў яго ў СІЗА. Паводле версіі следства, у 2022 годзе Верцялецкі прыняў нявыкананыя працы ў дзяржаўным кантракце, што прывяло да шкоды на 70 мільёнаў расейскіх рублёў.

У Міністэрстве абароны РФ за апошні месяц пракацілася хваля гучных затрыманняў генералаў. Апошняе з іх здарылася 23 траўня: гэтым разам арыштавалі намесніка начальніка Генштабу Расеі генерала Вадзіма Шамарына. 23 красавіка стала вядома пра затрыманне намесніка міністра абароны Расеі Цімура Іванова, 13 траўня быў арыштаваны начальнік Галоўнага ўпраўлення кадрамі Мінабароны Юрый Кузняцоў. 17 траўня прыйшлі па былога камандуючага 58-й арміяй Паўднёвай вайсковай акругі Івана Папова. Усе арыштаваныя абвінавачваюцца ў карупцыі.

Агляд
Арыштаваныя чатыры генералы. Пра што сведчаць чысткі ў мінабароны РФ
2024.05.23 20:19

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў