Скандал у «BYPOL»: што вядома, чаму гэта важна і чаму вельмі кепска


Магчыма, у арганізацыі беларускіх экс-сілавікоў «BYPOL» раскол, але маштабы канфлікту незразумелыя. Абвінавачванні ў фінансавых махінацыях закідаюць «міністру ўнутраных справаў» Аб’яднанага пераходнага кабінету – Кабінет пачаў праверку.

Аляксандр Азараў і Мацвей Купрэйчык
Аляксандр Азараў і Мацвей Купрэйчык у ліку публічных прадстаўнікоў «BYPOL» на сайце Bypol.org. Калаж: Белсат

Што такое BYPOL

У час пратэстаў, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі-2020, не ўсе сілавікі падтрымалі рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя проста звольніліся, а некаторыя пасля гэтага аб’ядналіся ў асацыяцыю «BYPOL». Асацыяцыя стала дыстанцыйна расследаваць злачынствы рэжыму Лукашэнкі, публікаваць вынікі расследаванняў простай мовай. Напрыклад, «BYPOL» назваў меркаваных забойцаў Рамана Бандарэнкі; расказаў, як рыхтавалася правакацыя дзеля затрымання Сяргея Ціханоўскага; выкрыў супрацоўніка КДБ Аляксея Захарава, які выконваў ролю тэрарыста ў Горадні.

У канцы вясны 2021 года стварыла план «Перамога» – збірала ахвочых выступіць супраць рэжыму ў належны момант і рыхтавала інструкцыі. Удзельнікі плану пасля пачатку вайны ва Украіне ладзілі дыверсіі супраць расейскіх войскаў у Беларусі.

Святлана Ціханоўская і заснавальнікі BYPOL
Былыя следчыя Андрэй Астаповіч і Ігар Лобан, былы супрацоўнік наркакантролю Мацвей Купрэйчык, былы аператыўнік крымінальнага вышуку Уладзімір Жыгар (усе – справа) на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Варшава, Польшча. 20 кастрычніка 2020 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Аб стварэнні «BYPOL» былыя сілавікі расказалі выбранай прэзідэнтцы Святлане Ціханоўскай 20 кастрычніка 2020 года. На сустрэчы з Ціханоўскай у Варшаве тады былі былыя следчыя Андрэй Астаповіч і Ігар Лобан, былы супрацоўнік наркакантролю Мацвей Купрэйчык, былы аператыўнік крымінальнага вышуку Уладзімір Жыгар. Каардынатарам ініцыятывы тады называлі Астаповіча.

Колькі чалавек у «BYPOL» і чым менавіта яны займаюцца, невядома: арганізацыя, якую ўлады Беларусі назвалі «экстрэмісцкай», захоўвае высокую ступень сакрэтнасці. З ідэнтыфікатараў супрацоўнікаў «BYPOL» у Telegram можна зрабіць выснову, што ў асацыяцыю ўваходзіла не менш як паўсотні чалавек. Але публічных асобаў, якія раскрывалі свае імёны, не так шмат: апошнім часам «BYPOL» прадстаўлялі згаданыя Жыгар і Купрэйчык, а таксама Станіслаў Лупаносаў і Аляксандр Азараў, з нядаўняга часу – былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

Павел Латушко, Александр Азаров, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский, Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Святлана Ціханоўская прадстаўляе Аб’яднаны пераходны кабінет на канферэнцыі «Новая Беларусь». На здымку (злева направа) – Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Калі Ціханоўская ў жніўні 2022 года пасля кансультацыяў з шэрагам прадэмакратычных арганізацыяў стварыла Аб’яднаны пераходны кабінет, яна прызначыла Азарава прадстаўніком у пытаннях аднаўлення правапарадку – гэткім «міністрам унутраных справаў» у чымсьці падобным да ўраду ў выгнанні. Азараў казаў «Белсату», што Кабінет патрэбны «Байполу», каб легітымізаваць дзеянні партызанаў у Беларусі.

Што за скандал цяпер

Выглядае на тое, што між Азаравым і Купрэйчыкам – двума галоўнымі «тварамі BYPOL» у апошні час – узнік канфлікт, у які могуць быць уцягнутыя яшчэ некалькі чальцоў «BYPOL», а таксама «вонкавыя сілы». Каго падтрымліваюць іншыя чальцы «BYPOL», на момант публікацыі незразумела. Аб’яднаны пераходны кабінет пакуль не прымаў нічый бок – кажа, праводзіць праверку.

Александр Азаров, представитель инициативы BYPOL
Аляксандр Азараў. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар

Канфлікт стаў публічным, калі Аляксандр Азараў днём 8 чэрвеня запісаў відэазварот, у якім заявіў, што Мацвей Купрэйчык і яшчэ «група асобаў» адмовіліся праходзіць паліграф («дэтэктар хлусні»), праз гэта былі звольненыя, але Купрэйчык забраў доступ да акаўнтаў «BYPOL» на Youtube і ў сацсетках.

Пазней у Telegram-канале «BYPOL» з’явіўся пост з абвінавачваннямі ў бок Азарава. Там сцвярджаецца, што Азараў ніколі не быў заснавальнікам ці кіраўніком аб’яднання экс-сілавікоў «BYPOL», кіраваў толькі створаным 26 траўня 2021 года фондам «BYPOL», а ў аб’яднанні сілавікоў быў «медыйнай персонай». Сцвярджаецца таксама, што аб’яднанне сілавікоў не выстаўляла кандыдатуру Азарава ў Кабінет (хоць раней «BYPOL» не пратэставаў супраць гэтага, а ад арганізацыі на канферэнцыі, падчас якой быў створаны Кабінет, быў як мінімум яшчэ адзін прадстаўнік).

Як сцвярджаецца ў пасце, супрацоўнікі аб’яднання «BYPOL» пачалі «унутранае разбіральніцтва ў дачыненні да правамернасці і мэтазгоднасці шэрагу фінансавых аперацыяў вышэйназванага фонду», а Азараў і сузаснавальнік фонду Лупаносаў адмаўляліся прадставіць фінансавую справаздачу, за што былі выключаныя з аб’яднання.

Мацвей Купрэйчык. Варшава, Польшча. 3 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Мацвей Купрэйчык пацвердзіў «Белсату», што звязаны з гэтай публікацыяй і падтрымлівае гэтыя закіды, а таксама расказаў, што «вялікая колькасць супрацоўнікаў сышла з фонду з пытанняў фінансавай неахайнасці». Ён таксама пацвердзіў, што адмовіўся прайсці праверку на паліграфе: сказаў, што раней ужо праходзіў тры праверкі, а ад чарговай адмовіўся, бо тая была на замову Азарава з пытаннямі, якія складаў Азараў. На просьбу «Белсату» падказаць кагосьці з «BYPOL», хто мог бы ўсё гэта пацвердзіць, Купрэйчык сказаў, што пакуль такога не будзе, і сказаў, што доказы адносна Азарава будуць прадстаўленыя пазней.

Станіслаў Лупаносаў заявіў «Белсату», што ні яго, ні Азарава не маглі звольніць з «BYPOL», бо не маюць такіх паўнамоцтваў.

Аляксандр Азараў у каментары выданню «Zerkalo» расказаў, што не ведае, чыя пазіцыя была апублікаваная на канале «BYPOL», і не будзе каментаваць, колькі людзей пакінула «BYPOL». Ён дадаў, што Купрэйчык яшчэ ў 2020 годзе рэгістраваў старонкі «BYPOL» у сацсетках на сябе, але, паводле Азарава, бот плану «Перамога» не пад кантролем Купрэйчыка. Telegram-бот «BYPOL» таксама не пад кантролем Купрэйчыка.

Яшчэ да гэтых публікацыяў, у ноч на 8 чэрвеня, абвінавачванні ў бок Азарава выставіў ананімны Telegram-канал «ОШС», які, імаверна, вядуць прыхільнікі Вольгі Карач. Гэты канал наогул сцвярджаў, што Азараў – агент выведкі Міністэрства абароны Беларусі.

Ранкам 9 чэрвеня на Telegram-канале «BYPOL» быў апублікаваны відэазварот людзей у масках, якія назвалі сябе байцамі створанага «BYPOL» падраздзялення «Атам», якое ваюе ва Украіне. Чалавек у масцы і са змененым голасам, які назваўся пазыўным Ніл, запатрабаваў Азарава «спыніць распаўсюд хлусні» і «неадкладна выдаць усю фінансавую дакументацыю».

Таксама ранкам 9 чэрвеня супраць Азарава выступіў баец батальёну «Тэрор» Радзівон Батулін, вядомы сувязямі з неанацыстамі.

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская на выставе «З Украінай у сэрцы». Вільня, Літва. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Святлана Ціханоўская адказала «Белсату» пра разбіральніцтва адносна канфлікту ў «BYPOL» на выставе, прысвечанай беларускім ваярам ва Украіне: тое, што абмяркоўваюць адносна «BYPOL», гэта, на яе думку, «нізка ў параўнанні з тым, праз што праходзілі нашыя хлопцы-беларусы».

«Сітуацыя надзвычайная, мы зараз праводзім праверку па фактах. Мы павінны сабраць усіх чальцоў гэтага канфлікту і высветліць, што там здарылася насамрэч. Бо зараз плётак будзе шмат, будуць абмяркоўваць-абмусольваць з усіх бакоў. Але ж пакуль я не буду ведаць дасканала, што там здарылася і хто каго ў чым абвінавачвае, хто там у чым вінаваты, то больш, чым распавесці пра тое, што мы пачалі ўнікаць у сітуацыю, я даць інфармацыю не магу».

На просьбу «Белсату» Ціханоўская ўдакладніла: Азарава пакуль не адхіляюць ад працы ў Кабінеце: не можа прыняць такое рашэнне, бо пакуль не бачыла ніводнага доказу нейкіх злачынстваў.

Скандалы ўжо былі ў BYPOL і не толькі

Аб «расколе BYPOL» хадзілі чуткі яшчэ вясной 2021 года. Тады «BYPOL» гэта абвяргаў, але з арганізацыі ці то сышоў, ці то быў звольнены адзін з заснавальнікаў Андрэй Астаповіч.

Восенню 2022 года з «BYPOL» сышоў адзін з «твараў» арганізацыі, які стаяў у яе вытокаў: Алег Талерчык. Ён казаў, што сышоў з прычыны недаверу да заяваў у тым ліку Азарава і з прычыны таго, што «BYPOL» «ператвараецца ў медыяпраект». Талерчык пазней праходзіў паліграф на «Белсаце» і казаў пра недавер Азараву і іншым.

Олег Талерчик, представитель инициативы BYPOL
Алег Талерчык. Варшава, Польшча. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Цяпер Талерчык расказаў «Белсату», што таксама не атрымліваў фінансавых справаздачаў – гэта не вырашалася яшчэ ў часы ягонага сыходу, а на баку Азарава засталося «два чалавекі» (пра тое, што з Азаравым сышлі два чалавекі, казаў і Купрэйчык).

Таксама восенню 2022 года былая рэдактарка «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч абвінаваціла Азарава і Купрэйчыка, а таксама дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку ў тым, што яны прасілі ігнараваць тое, што доступ да бота «Чорнай кнігі» мае дзейны супрацоўнік ГУБАЗіК, звязаны з арыштам Рамана Пратасевіча (Азараў заявіў, што не казаў замоўчваць гісторыю).

Усялякія скандалы здараліся ў дэмакратычных сілах і раней. Напрыклад, фінансавыя прэтэнзіі выказвалі і да фондаў «By_help» і «BYSOL», і да офісу Ціханоўскай, і да фонду Валерыя Цапкалы.

Таццяна Зарэцкая і Святлана Ціханоўская.
Фота: CabinetBelarus / Telegram

Восенню 2022 года Аб’яднаны пераходны кабінет пакінула «міністарка фінансаў» Таццяна Зарэцкая – пасля таго, як з’явіліся пытанні да ейнага стартапу, не звязанага з Кабінетам.

У пачатку 2023 года Паспалітае рушэнне, аб стварэнні якога заяўляў Аб’яднаны пераходны кабінет, вырашыла стаць самастойнай арганізацыяй, але адмаўляла тое, што гэта раскол.

Расколы і скандалы былі ў беларускіх дэмакратычных сілах і да падзеяў 2020 года. У 1999 годзе былі нават сарваныя альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары.

Чаму гэта кепска

Канфлікту ў «BYPOL» ужо цешацца праўладныя медыі і каналы, звязаныя з дзейнымі сілавікамі. «Кіберпартызаны» папярэджваюць, што сілавікі ўжо ствараюць фальшывыя Telegram-каналы і боты ад імя Азарава, ладзяць фальшывыя рассылкі па чатах. Наколькі гэты канфлікт зменіць дзейнасць «BYPOL» і давер да арганізацыі, прадказаць цяжка («Наша ніва» лічыць, што скандал «звядзе да нулю» ўплыў «BYPOL»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прапагандыст Грыгорый Азаронак у перадачы «Тайные пружины мировой политики». Скрыншот: Ctv.by

«BYPOL» мае вялікі масіў персанальных звестак праціўнікаў Лукашэнкі: як мінімум, базу акаўнтаў людзей, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у плане «Перамога» (яна, імаверна, пад кантролем Азарава), а таксама паведамленні ад людзей, якія пісалі ў сацсеткі «Байполу» (доступ да гэтага ў Купрэйчыка). На «BYPOL» і план «Перамога» як на шляхі вяртання ўлады народу Беларусі ўскладала надзеі Святлана Ціханоўская.

Расколы і карупцыйныя скандалы здараюцца і ў дэмакратычных краінах, і не толькі ў сілавых ведамствах, а нават на ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі за апошнія 30 гадоў трох экс-прэзідэнтаў асудзілі за карупцыю, а яшчэ адзін экс-прэзідэнт скончыў жыццё самагубствам пасля карупцыйнага расследавання. І за апошнія 30 гадоў імпічменты абвяшчалі двум дзясяткам кіраўнікоў дзяржаваў.

Аднак у дэмакратычных краінах можна проста выбраць новага кіраўніка дзяржавы ці прызначыць новага міністра ўнутраных справаў. Беларусы ж не могуць наўпрост паўплываць на канфлікт у «BYPOL» і могуць хіба вельмі ўскосна паўплываць на выбар «міністра ўнутраных справаў» апазіцыі. Таксама дэмакратычныя актывісты не маюць незалежнага органу для расследаванняў прэтэнзіяў Азарава і Купрэйчыка адно да аднаго.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Атрад «Атам» палка Каліноўскага.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

Да таго ж, прыхільнасць вызваленню Беларусі дэкларуюць некалькі розных узброеных фармаванняў, якія ваююць ва Украіне або рыхтуюцца за межамі Беларусі, а найбуйнейшае падраздзяленне – полк Каліноўскага – толькі два дні таму пачаў наўпрост кантактаваць з Ціханоўскай, ды і сам перажыў раскол – сыход шэрагу байцоў і цэлага батальёну. Адзінства сярод прыхільнікаў сілавога супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі няма.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў