Дзве справы, якіх полк Каліноўскага чакае ад Святланы Ціханоўскай


Вечарам 7 чэрвеня полк імя Кастуся Каліноўскага і выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская расказалі, што зладзілі відэаканферэнцыю з удзелам украінскіх дэпутатаў. Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук пракаментаваў «Белсату» вынікі размовы і магчымасць працягу кантактаў.

Полк Каліноўскага і Святлана Ціханоўская
Прадстаўнікі палка Каліноўскага на відэаканферэнцыі з удзелам Святланы Ціханоўскай і ўкраінскіх дэпутатаў. 7 чэрвеня 2023 года. Скрыншот: Полк Каліноўскага / Telegram

Гэта была першая размова ў такім фармаце між палком Каліноўскага і Святланай Ціханоўскай. Або прынамсі першая, аб якой расказалі публічна.

Што расказала Ціханоўская

Полк Каліноўскага па выніках сустрэчы сцісла напісаў, што байцы данеслі сваю пазіцыю Ціханоўскай: «Беларусь можна вызваліць толькі сілавым шляхам».

Ціханоўская ж напісала: «Вызваліць Беларусь мы можам толькі разам. Нам трэба размаўляць і аб’ядноўвацца». Каліноўцы, дадала яна, змагаюцца не толькі за Украіну, але і за свабодную Беларусь, яна падтрымлівае іх і ўсіх тых, хто працягвае барацьбу, дзякуе добраахвотнікам за іх гераізм. І яшчэ раз падкрэсліла: «У нас супольная мэта – свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь».

Пазней у каментары «Белсату» Ціханоўская расказала, што на сустрэчы з украінскімі парламентарамі групы «За дэмакратычную Беларусь» дамовіліся запрасіць да размовы ваяроў палка Каліноўскага.

«Я была радая іх бачыць, бо ваяры нашыя – яны натхняюць беларусаў, змагаюцца за Украіну, змагаюцца за Беларусь, бачаць Беларусь вольнай. Таму я вельмі натхнёная сёння размовай».

Яна таксама расказала, што з «каліноўцамі» ў час размовы «абмяркоўвалі нашыя пазіцыі, абмяркоўвалі, як мы яшчэ можам дапамагчы нашым героям там, ва Украіне». Яна адзначыла, што падзякавала ўкраінскім дэпутатам за тое, што яны вырашаюць арганізацыйныя пытанні, дапамагаюць беларускім ваярам атрымліваць віды на жыхарства, змяняць законы, каб беларускія героі адчувалі сябе камфортна.

Што расказаў Кабанчук

У каментары «Белсату» намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук расказаў, што сустрэча была фактычна трохбаковай. Яна адбылася з ініцыятывы дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны, дэпутаты мадэравалі размову, мелі слова і выказвалі свае думкі. Закранаўся, кажа Кабанчук, шэраг пытанняў: беларуска-украінская праблематыка, праблематыка вайны ва Украіне і іншае. Украінскі бок высока ацаніў сам факт правядзення размовы – і бачыць у размове вялікую перспектыву, адзначыў Кабанчук, і «дай Бог, каб гэта было».

Вадзім Кабанчук
Вадзім Кабанчук. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Акцэнтую ўвагу, што цікавіць нас як прадстаўнікоў палка Каліноўскага, – расказвае ён. – Тое, што ў прынцыпе мы выказалі сваё меркаванне, што на сённяшні дзень ва ўмовах, калі ў рэгіёне фактычна ідзе ўжо вайна, і Беларусь тым ці іншым чынам уцягнутая ў гэтую вайну, мы лічым, што дзеянні, якія прадпрымае беларуская апазіцыя ў выгнанні, недастатковыя для вырашэння задач, якія стаяць зараз перад беларускай нацыяй.

Таму што фактычна на карце стаіць існаванне Беларусі як незалежнай дзяржавы. На сённяшні дзень полк Каліноўскага лічыць Беларусь акупаванай, Лукашэнка ажыццяўляе акупацыйную адміністрацыю, фактычна выступае ў ролі гаўляйтара».

Будаваць стратэгію, сыходзячы з 2020 года, што ў беларусаў быў мірны пратэст і што большасць людзей баіцца ўсяго, што звязана з сілавымі дзеяннямі і жахамі вайны і гэтак далей… Мы гэта ўсё разумеем, але не мы пачалі гэтую вайну. Гэтую вайну пачаў Пуцін і ягоны халуйскі рэжым Лукашэнкі».

«Можна колькі заўгодна апеляваць да таго, што звычайныя беларусы ўсяго баяцца, асабліва вайны, – разважае Кабанчук. – Але яна ўжо ідзе».

Перад беларусамі, кажа ён, стаіць выбар: ці яны як нацыя маюць прадстаўніцтва ў агульнай барацьбе супраць рашызму (а Украіна вызнае рашызм як чалавеканенавісніцкую ідэалогію), ці робяць выгляд, што дзейнічаюць у межах стратэгіі негвалтоўнага супраціву. Гэта, падкрэслівае Кабанчук, асноўнае, што хацелі данесці.

Полк Каліноўскага, расказвае Кабанчук, гэта людзі розных палітычных установак, але іх яднае разуменне таго, што барацьба за свабоду Беларусі мусіць весціся сілавым, «кінетычным» шляхам, бо ўгаворамі, пікетамі ці адозвамі агрэсара не спыніць.

ВІДЭА
Што будзе, калі полк Каліноўскага ўвойдзе ў Беларусь? Інтэрв’ю з Дзмітрыем Шчыгельскім
2023.05.31 15:03

Чаго хоча полк Каліноўскага ад Ціханоўскай

«Мы лічым, што неабходны, па-першае, заклік да мабілізацыйнай кампаніі, – тлумачыць Кабанчук. – У полк Каліноўскага ў першую чаргу, як найбольшае падраздзяленне, якое акрэсліла менавіта беларускія наратывы і якое дэкларуе, што канчатковай мэтай нашай барацьбы ва Украіне з’яўляецца вызваленне Беларусі, дэакупацыя ад расейскіх захопнікаў.

Па-другое, мы лічым, што дапамога, якая ідзе і ад беларускай дыяспары, і ў прыватнасці ад офісу Святланы Ціханоўскай, недастатковая ў такіх умовах. Гэта не можа быць дапамога па нейкай рэшткавай прыкмеце, што «ў нас нешта ёсць і мы вам нешта можам перадаць». Гэта павінна быць цэлая кампанія».

Ці будуць працягвацца размовы між палком Каліноўскага і кабінетам Ціханоўскай?

Аб’яднаны пераходны кабінет не выключае сілавога сцэнару вызвалення Беларусі. Напрыклад, яшчэ мінулым летам прадстаўнік Кабінету ў абароне Валерый Сахашчык казаў, што сілавое рашэнне пытання вольнай Беларусі лічыць рэальным, хоць спадзяецца, што да гэтага не дойдзе. А прадстаўнік кабінету ў аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў падрабязна тлумачыў «Белсату», што сілавы метад не адзіны магчымы і не ёсць панацэяй, але «Лукашэнка добраахвотна ўладу нікому не аддасць, і два гады паказалі, што з ім змагацца мірнымі метадамі бессэнсоўна». Ды й Ціханоўская казала, што на сустрэчы абмяркоўвалі, як можна яшчэ дапамагчы.

Выглядае, што ў палка Каліноўскага і Аб’яднанага пераходнага кабінету ёсць пра што паразмаўляць. Ці будуць яшчэ такія размовы, як была 7 чэрвеня? Кабанчук адказвае:

«Мы не за размовы, мы за дзеянні. Бо паўтара гады вайны… Мы ж акрэслілі канкрэтныя галіны, па якіх трэба проста ўжо працаваць. Бо полк адкрыты для прыняцця дапамогі. Нам патрэбная дапамога, нам патрэбна нарошчваць матэрыяльна-тэхнічную базу, нам патрэбна нарошчваць рэкрутынгавую базу».

У такія рэчышчы полк гатовы сустракацца і ўдакладняць тэхнічныя бакі, рабіць нейкія дзеянні больш палітычнага плану, рэзюмуе Кабанчук. Большасць «каліноўцаў», адзначае ён, не разумее агульных размоваў «за ўсё добрае, супраць усяго кепскага» на тле вайны.

І полк не чуе, каб праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі ў выгнанні падымалі галоўнае пытанне: што рабіць з рэжымам Лукашэнкі і як дэакупаваць Беларусь. Хіба чуе пра санкцыйны ціск, ды, лічыць Кабанчук, рэжымы такога кшталту, якія маюць «падпорку» ў выглядзе вялікай сыравіннай краіны, могуць доўга існаваць пад санкцыямі. І рэжым Лукашэнкі трымаецца на сілавой кампаненце – а грошы на сілавікоў у такім разе заўсёды знойдуцца.

Чакаць, што санкцыі прывядуць да выхаду народу на вуліцы, не варта, бо ў цяперашніх умовах масавыя вулічныя акцыі скончацца яшчэ больш трагічна, чым скончыліся пратэсты 2020 года, перакананы Кабанчук.

Вярнуцца ў Беларусь, лічыць ён, можна толькі пад сілавым ціскам ці прынамсі пагрозай выкарыстання сілы. Трэба «вырашыць праблему памежнага шлагбауму»: каб названыя «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі» трапілі ў Беларусь, трэба, каб хтосьці «падняў шлагбаум». Ёсць і варыянт, як той, што адбываецца ў Белгародскай і Бранскай вобласцях Расеі: грамадзяне Расеі, «нікога не пытаючы», заходзяць на радзіму са зброяй у руках.

«Менавіта камунікацыі дзеля вызвалення Беларусі, а не камунікацыі дзеля працэсу – для нас гэта вельмі важна», – падкрэслівае Кабанчук.

Кабанчук згадвае, што ўрады ў выгнанні ў час Другой сусветнай вайны працавалі, сыходзячы з нацыянальных інтарэсаў акупаваных краінаў, стваралі нацыянальныя вайсковыя адзінкі і падтрымлівалі іх. Менавіта так Кабанчук бачыць супрацу з Аб’яднаным пераходным кабінетам.

Аналітыка
КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?
2023.05.04 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў