Што будзе, калі полк Каліноўскага ўвойдзе ў Беларусь? Інтэрв'ю з Дзмітрыем Шчыгельскім


Калі Лукашэнка ў Крамлі, то там не вельмі баіцца. У Менску ён баіцца нашмат больш. Калі рухаецца на поўдзень Беларусі, то пачынае баяцца яшчэ больш, заявіў Дзмітрый Шчыгельскі ў інтэрв’ю «Белсату». Ці была рэакцыя Лукашэнкі на рэйд расейскіх вызвольных аддзелаў у Белгародскай вобласці? Ці можа ў Беларусі пачацца паўстанне, якое падтрымаюць з-за мяжы? Гэта рэальны сцэнар ці фантазія польскага генерала? Колькі беларускіх вайскоўцаў гатовыя аддаць жыццё за ўладу Лукашэнкі? Пра гэта інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Дзмітрыем Шчыгельскім, прадстаўніком палка Каліноўскага.

Сяргей Пеляса: Лукашэнка ў Крамлі зрабіў цікавую заяву. Польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак, былы камандуючы сухапутных войскаў Польшчы, заявіў: калі ўкраінскі контрнаступ скончыцца поспехам, узброеныя беларусы, якія ёсць часткай вайсковага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброю – яны пойдуць на Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, і гэтага баіцца Лукашэнка. Паводле яго, Польшча мусіць быць гатовая аказаць вайсковую і гуманітарную дапамогу ў сітуацыі, калі ў нашых усходніх суседзяў пачнецца паўстанне. Што вы думаеце пра гэтую заяву?

Зміцер Шчыгельскі: Па-першае, гэтую заяву ў палку заўважылі і абмяркоўвалі. Генерал у адстаўцы – але мы ведаем, што на Захадзе гэта тыповая практыка, калі новы наратыў гучыць праз тых прадстаўнікоў адміністрацыі, афіцыйных структураў, у тым ліку праз вайскоўцаў, якія цяпер у адстаўцы. Мы спадзяемся, што гэта не проста асабістая заява адной асобы, а пачатак абмеркавання тэмы – што рабіць з такімі рэжымамі, як лукашэнкаўскі і пуцінскі. Ці могуць яны быць зрынутыя без выкарыстання кінетычнай кампаненты сілы, або спадзявацца на аксамітныя рэвалюцыі – то бок на тое, да чаго прызвычаіўся Захад? Гэта важная дыскусія, якая можа змяніць стаўленне і меркаванне Захаду адносна таго, што адбываецца ў Беларусі і Расеі.

Заява генерала Скшыпчака – вядома, заява адстаўнога генерала, але яна выклікала велізарную рэакцыю ў Польшчы, Беларусі і Расеі. Заява заспела Лукашэнку ў Крамлі. Расейскі прапагандыст запытаў незаконнага кіраўніка Беларусі, і Лукашэнка заявіў: мы гатовыя, заходзьце. Ён фактычна запрасіў беларускіх добраахвотнікаў. Адкуль такая самаўпэўненасць? Ён баіцца добраахвотнікаў і беларускіх парамілітарных арганізацыяў за мяжой – ці яму яны патрэбныя яму як страшылка для чыноўнікаў? Змабілізуйце ўсе сілы, іначай зойдуць, і будуць праблемы.

Калі ён у Крамлі, то там не вельмі баіцца. У Менску ён баіцца нашмат больш. Калі рухаецца на поўдзень Беларусі, то пачынае баяцца яшчэ больш. Заява гэтая зразумелая і чаканая. Ён баіцца, бо разумее, што войска ў тым выглядзе, у якім яно створанае і існуе ў Крамлі, не зусім пра войска. Дыктатары ў рэжымах такога тыпу баяцца арміі, бо калі армія моцная, нацыянальна арыентаваная, калі яна служыць не дыктатару, а дзяржаве, калі там ёсць самастойныя людзі, то гэтае войска пачне пагражаць Лукашэнку і Пуціну. Ягоная смеласць выкліканая тым, што ён спадзяецца на Расею, але я ўпэўнены, што ён баіцца.

Я ведаю – кажуць, што добраахвотнікаў не шмат, і давайце палічым харугвы. Колькі чалавек гатовыя загінуць у Беларусі ў беларускім войску, каб захаваць кантроль Лукашэнкі над тэрыторыяй і насельніцтвам Беларусі і даць магчымасць пабудаваць манархічную дынастыю? Гэтае пытанне адкрытае, і я ўпэўнены, што даволі не шмат. Магчыма, такія людзі знойдуцца ў ахове Лукашэнкі, у спецслужбах, і тое ўжо пад пытаннем. Хутчэй, іх зусім не шмат у войску. Мы бачылі, які бардак быў у Расеі, і што ніхто нічога не мог зрабіць. У Беларусі можа быць яшчэ горш. Колькі людзей, якія сёння ў турмах, калі зойдзе полк Каліноўскага на тэрыторыю Беларусі і дасць палітзняволеным аб’яднацца з палком, – колькі далучыцца? Колькі з тых, што сёння вымушаныя сядзець ціха і рабіць выгляд, што лаяльныя, будуць гатовыя ўзяць у рукі зброю? Што будзе адбывацца з беларускай арміяй? Будуць яны на баку Лукашэнкі ці супраць яго? Якая б армія ні была, гэта частка народу. Усё гэта Лукашэнка разумее, і я ўпэўнены, што ён баіцца.

З чыноўніцтвам таксама пытанне. Ніхто не кажа, што чыноўніцтва кудысьці пойдзе і будзе звольненае. Тыя, хто нясе адказнасць за крымінальныя злачынствы, пойдуць паводле Крымінальнага кодэксу. Гэта будзе вырашаць суд, а не полк Каліноўскага. Тыя, хто не замазаў сябе крывёй, хутчэй за ўсё, застануцца на сваіх месцах і нават змогуць зрабіць кар’еру. Бо замяніць чыноўніцтва немагчыма. Чыноўніцтва ў Беларусі не такое дурное – і гэта разумее. Магчыма, полк Каліноўскага Лукашэнка выкарыстоўвае сітуацыйна ў Крамлі для Пуціна: маўляў, там рыхтуюцца, таму я не магу ўвесці беларускую армію, бо мне патрэбная армія, каб адстойваць сваю ўладу і тэрыторыю, трымаць паляну для Расеі, і не больш за тое.

У Telegram-канале «Беларуская разведка» зʼявілася інфармацыя, што Пуцін патрабуе Лукашэнку выдаць беларускія боепрыпасы. Зразумела, што Расея амаль ні ад каго не атрымлівае артылерыйскіх боепрыпасаў савецкага калібру, акрамя як ад Ірану і ад Беларусі. Лукашэнка не дае, бо баіцца сцэнару з паўстаннем. Гэты аргумент, што да нас могуць зайсці, можа яму паслужыць як аргумент для Пуціна. Маўляў, мы ж вас абараняем, Саюзную дзяржаву.

Мне здаецца, гэта ляжыць на паверхні – і зразумела. Што мне падаецца найбольш стратэгічна важным, – гэта заява польскага генерала. Гэта практыка, якую часта бачым у ЗША і Заходняй Еўропе – спадзяюся, яе пачалі пераймаць у Польшчы: калі новыя тэзісы ў грамадскую прастору спачатку прыносіць нехта з адстаўных генералаў. Гэта дае надзею беларусам. Перш за ўсё тым, хто цяпер у Беларусі, і тым, хто вымушаны бегчы, што мы можам разлічваць на тое, што ў выніку гэтай дыскусіі Захад зразумее, што бяспекі Усходняй Еўропы без свабоднай, нацыянальна арыентаванай, дэмакратычнай, прадказальнай, зразумелай Беларусі не можа быць. І гэта пытанне не толькі беларусаў, якія пакутуюць: мы можам іх пашкадаваць, даць нейкія грошы на палітвязняў. Гэта пытанне, якое датычыць нацыянальнай бяспекі ўсяго рэгіёну. Гэтае пытанне павінна быць вырашанае. Калі яно не будзе вырашанае, яно застанецца перманентнай пагрозай. Калі мы згадаем, што могуць быць і польскія добраахвотнікі, і літоўскія добраахвотнікі, і ўкраінскія, якія могуць дапамагчы вызваляць Беларусь. Гэта зусім іншыя лічбы і іншы расклад.

Падчас міжнароднай канферэнцыі еўрапейскіх дзён бяспекі «Deffence 24 day» адбылася дыскусія пра Беларусь. Там удзельнічалі з беларускага боку толькі прадстаўнікі кабінету Ціханоўскай, і там прагучалі цікавыя заявы. Павел Латушка і Валер Сахашчык заявілі, што няма стратэгіі Захаду ў дачыненні Беларусі. Такую стратэгію – анексіі і каланізацыі – мае Расея. Трэба ўлічваць той фактар, што, магчыма, беларусы вырашаць вызваліць Беларусь сілай. Такая дыскусія ідзе не толькі ў медыях, але і ў экспертным асяроддзі. Хачу спытаць пра Белгарад. Пасля таго, як партызаны, дыверсанты на Браншчыне пусцілі пад адхон два цягнікі, у тым ліку лукашэнкаўскі цягнік, ён праз два дні падняўся з ложка, прыехаў у мундзіры на камандны пункт і пачаў ганяць генералаў. Чаму няма ніякай ягонай рэакцыі на нечаканую аперацыю ў Белгарадскай вобласці?

Ягоная рэакцыя вельмі простая: ён баіцца. Ён разумее, што ўсё гэта можа быць у Беларусі і ў значна больш паспяховым варыянце для тых, хто будзе наступаць на Беларусь. Калі мы кажам пра расейскую армію, ідэалогію рашызму падзяляе значная частка насельніцтва Расеі. Кожная армія – частка грамадства. У расейскіх вайскоўцаў ёсць нейкая матывацыя – яна непараўнальная з той, якая ёсць ва ўкраінскіх ваяроў, але яна хоць нейкая. Імперыя і ўся гэтая прапаганда. У беларускіх вайскоўцаў матывацыі ваяваць з украінцамі няма. У іх матывацыі абараняць Лукашэнку – няма. Яго гэты фактар вельмі напружвае. Я магу памыляцца, але ягоная рэакцыя ўсё ж была. Ён казаў пра тое, што мы стаім, абараняем, узмацняем мяжу, каб не зайшлі ў спіну расейцам, у тым ліку праз Беларусь.

Полк Каліноўскага зрабіў цікавую абвестку пра пачатак арганізацыі рэзерву палка Каліноўскага на тэрыторыі Еўразвязу. Распавядзіце больш пра гэты праект. Хто можа далучыцца, чаго полк чакае ад рэзервістаў палка, якія не ва Украіне?

Полк перадусім чакае ад рэзервістаў – рэзервістаў. Яны зарэгіструюцца, выйдуць на сувязь, паведамяць, што гатовыя, пройдуць падрыхтоўку, і магчыма, нехта з іх пазней вырашыць прыехаць ва Украіну. Тыя, хто не вырашыць прыехаць, застанецца ў тых краінах, дзе ён ёсць, але будзе гатовы прыняць удзел у вызваленні Беларусі. Абвесцілі пра гэта цяпер, але такая праца ідзе даўно. Яна ідзе сістэмна. Пачынаючы з перыяду да вайны – калі б гэтая праца не вялася палком Каліноўскага і тымі, хто яго ствараў, полк бы не ўзнік. Ён утвораны з беларусаў, якія альбо былі ва Украіне, альбо прыехалі. Усё гэта трэба было рыхтаваць, клапаціцца пра лагістыку, вялікі кавалак арганізацыйнай працы, якой звычайна не відаць. Гэта яшчэ адна публічная заява, але гэтая тэхналогія адпрацоўвалася даўно.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 25.05.2023

Стужка навінаў