Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову


У Пераходным кабінеце Беларусі – два экс-сілавікі і два дыпламаты. Пра канферэнцыю «Новая Беларусь» казалі, што там пахавалі мірны пратэст. Ці значыць гэта, што змена ўлады адбудзецца з чалавечымі ахвярамі? Задалі гэтае пытанне прадстаўніку Пераходнага кабінету ў аднаўленні правапарадку Аляксандру Азараву і прадстаўніцы прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вользе Кавальковай. 

Аляксандр Азараў і Вольга Кавалькова. Калаж: Белсат

Азараў: Сілавы метад не панацэя ці адзіны магчымы

Прадстаўнік Пераходнага кабінету ў справе аднаўлення правапарадку і прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў згадвае ў каментары «Белсату»: сапраўды, на першай панэльнай дыскусіі канферэнцыі «Новая Беларусь» выступоўцы пагадзіліся, што мірны пратэст сябе не апраўдаў і не прывёў да галоўных мэтаў – змены ўлады ў Беларусі, аднаўлення канстытуцыйнага ладу і вяртання ў прававое поле.

«Лукашэнка добраахвотна ўладу нікому не аддасць, і два гады паказалі, што з ім змагацца мірнымі метадамі бессэнсоўна, – кажа Азараў. – І людзі ў Беларусі ўжо не хочуць змагацца неэфектыўна: не хочуць вешаць сцягоў і пісаць надпісаў, каб за гэта атрымаць тэрміны і сядзець у турме, бо ні надпісы, ні сцягі не прывядуць да змены ўлады. Адпаведна, людзі гатовыя выйсці толькі апошні раз і зрабіць сур’ёзную рэч, якая прывядзе да змены ўлады».

Александр Азаров, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Аляксандр Азараў (справа), прадстаўнік ініцыятывы BYPOL на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Калі так, працягвае ён, патрэбны план, які адхіліць Лукашэнку ад улады. BYPOL яшчэ ў канцы мінулай вясны абвясціў мабілізацыйны план «Перамога» . Беларусам прапанавалі рэгістравацца ў чат-боце, расказаць пра свае здольнасці і чакаць моманту, калі будзе магчымая (як пісалі тады) «мірная перадача ўлады народу». Цяпер прадстаўнік BYPOL – у Пераходным кабінеце.

«Але гэта не значыць, што сілавы метад становіцца асноўным і што ўсе дэмакратычныя сілы займаюцца толькі сілавым метадам, што вырашылі ўчыніць вайну, – тлумачыць Азараў. – Сілавы метад не панацэя ці адзіны магчымы. Усе іншыя метады, якія мы ўжывалі раней, будуць надалей ужывацца.

Ніхто не плануе спыняць санкцыйнага ціску, перамоваў на міжнароднай арэне. Усё, што вялося да гэтага, працягваецца, але ў плюс да гэтага мы рыхтуем сілавы план, які будзе дадатковым стымулам для Лукашэнкі. Магчыма, ён і падштурхне яго да нейкіх рашэнняў, якія нам патрэбныя.

І мы будзем намагацца, каб гэты сілавы план не быў ужыты або быў ужыты на скрайні выпадак. Мы, Пераходны кабінет, не ваенная хунта, якая рыхтуе армію, што мусіць уварвацца ў Беларусь і расстраляць Лукашэнку, груба кажучы».

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43

Менавіта сілавым метадам, кажа Азараў, будзе займацца іншы чалавек у Кабінеце: прадстаўнік у справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык. Але разам з тым існуюць беларускія падраздзяленні ва Украіне, і BYPOL рыхтуе людзей – усё будзе «падводзіцца пад адно цэлае», кажа Азараў, але з разліку на тое, каб ужыць гвалт толькі ў скрайнім выпадку. Пры тым Кабінет не збіраецца паглынаць іншых арганізацыяў – толькі каардынаваць іхную працу, каб дзеялі ў адным рэчышчы і дамагліся максімальнага эфекту.

Азараў кажа, што ўсё ж пажадана, каб беларуская армія і праваахоўныя органы перайшлі на бок народу, але для гэтага трэба паказаць, што «­мы сіла», і даць бачанне таго, што будзе пасля змены ўлады, каб яны захацелі служыць у новай Беларусі.

Наколькі імаверна, што ўдасца цяпер, калі такія разважанні пра пераход сілавікоў на бок народу гучалі і два гады таму? Азараў адказвае: гэта залежыць ад працы Кабінету:

«Мы ж размаўляем з сілавікамі ўнутры краіны, маем водгук. Частка сілавікоў чакае, што мы вернемся. Частка, якая запляміла сябе ў крыві, вядома ж, не чакае і будзе ўсяляк бараніць Лукашэнку. Але большай частцы ўвогуле без розніцы, хто будзе: хто мацнейшы, на бок таго гатовыя перайсці.

Такія людзі: шэрая маса асноўная. Калі народ пакажа моц, яны будуць з народам, будуць далей служыць і рабіць сваю працу».

Кавалькова: Негвалтоўны метад супраціву – у нашым культурным кодзе

Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова  згаджаецца ў размове з «Белсатам»: з канферэнцыі можа так выглядаць, што мірны пратэст пахаваны. Але яна не лічыць, што сілавы сцэнар у Беларусі магчымы ў цяперашніх умовах.

«У першую чаргу беларусы думаюць пра сваю бяспеку, – разважае яна. – Мне здаецца, гэта адарванасць ад сітуацыі ў Беларусі, калі кажуць, што сёння беларусы гатовыя супрацьстаяць сілавікам. Яны не гатовыя».

Вольга нагадвае, як у 2020 годзе людзі выйшлі падкрэслена мірна абараняць свой выбар. Рэч не ў тым, што не былі гатовыя да гвалту, а ў тым, што «негвалтоўны метад супраціву – у нашым культурным кодзе». І палітык просіць не ставіць гэта ў віну: як толькі пачалася б барацьба гвалтоўнымі метадамі, гэта пацягнула б шмат чалавечых ахвяраў. Не тое каб беларусы не былі на гэта здольныя, але гэта «не наш шлях».

Вольга Кавалькова на Маршы свабоды ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Больш за тое, ёсць фактар Расеі, кажа Кавалькова: калі б у 2020 годзе беларусы пайшлі на сілавое супрацьстаянне, дык Беларусь бы чакала тое, што адбылося ў Казахстане на пачатку 2022-га. І цяпер на тэрыторыі Беларусі застаюцца расейскія войскі. Тымі сіламі, што ёсць цяпер унутры краіны, гвалтоўны сцэнар увасобіць немагчыма.

«Найлепшы сцэнар – калі мы праз ціск і дэманстрацыю сілы прыходзім да таго, што адбылося ў Польшчы, – разважае Кавалькова. – Там нават праз восем гадоў супрацьстаяння два бакі селі за стол перамоваў і дамовіліся, як далей рухацца краіне, бо абодва бакі былі зацікаўленыя ў захаванні незалежнасці і цэласнасці краіны, спыненні ўнутранага крызісу».

На лёс Лукашэнкі вельмі ўплывае сітуацыя ва Украіне і выкарыстанне Расеяй беларускай тэрыторыі для атакі на Украіну, кажа Кавалькова. Для Лукашэнкі гэта «прагулка па лязе нажа»: беларусам найважней, ці накіруе ён беларускія войскі і ці пачнецца адкрытае супрацьстаянне Беларусі і Украіны. Палітык не лічыць, што лёс Беларусі залежыць ад таго, ці пераможа Украіна, але мяркуе, што лёс Лукашэнкі залежыць ад таго, як ён будзе сябе паводзіць у гэтым канфлікце. Магчымы такі сцэнар, калі Лукашэнка накіроўвае беларускія войскі ва Украіну і гэта выклікае раскол элітаў, але гэта толькі адзін са многіх сцэнароў.

Аналітыка
Калі вайна ва Украіне зацягнецца, што будзе з Беларуссю? Спыталі экспертаў
2022.08.12 08:30

«Для мяне важна, што калі мы кажам пра сілавы сцэнар супрацьстаяння, мы дазваляем людзям дзеяць так, як дзее ўлада. Адна справа – абараняцца, абараняць сябе, гэта дазволена ўсім. Іншая рэч – казаць пра зрынанне рэжыму сілавым метадам.

Такі сцэнар дазваляе, калі мы прыйдзем да ўлады як дэмакраты, іншым людзям выкарыстаць супраць нас сілавы сцэнар. Але я не бачу, што гэта нармальныя працэсы. Калі мы за грамадства, якое будуецца на іншым каштоўнасным падмурку, мы павінны вучыць людзей іншым метадам уздзеяння.

Можна сілу дэманстраваць, але для мяне ў прыярытэце дамоваздольнасць, бо гвалт прыносіць ахвяры з абодвух бакоў».

Што тады рабіць беларусам: проста чакаць? Кавалькова адказвае.

  • Найперш важна, каб беларусы ў Беларусі ўплывалі на сваіх лідараў. Калі дэмакратычныя сілы агучваюць нейкую стратэгію і робяць нейкія дзеянні, дык важна, каб беларусы даносілі, ці «для іх гэта ОК» (дарэчы, да канца жніўня Каардынацыйная рада збіраецца вызначыць працэдуру свайго рэфармавання і зрабіцца прадстаўнічым органам, але пакуль абмяркоўваецца пытанне, як зладзіць туды эфектыўныя і бяспечныя выбары).
  • Па-другое, важна дапамагаць адно адному, працягваць падтрымліваць тыя ж сем’і палітычных вязняў, натхняць адно аднаго.
  • Па-трэцяе, важна захаваць сябе і займацца самаразвіццём. У такі цяжкі час важна ўкладвацца ў сваё ментальнае здароўе, у адукацыю і новыя веды, захаваць ідэнтычнасць.

«Набор дзеянняў унутры краіны даволі абмежаваны, бо людзі пад пагрозаю арыштаў і рэпрэсіяў кожны дзень, – прызнае Кавалькова. – Таму цяжка прапанаваць штосьці, каб яны не былі затрыманыя».

Вольга згадвае, што ў Беларусі пад арышт можна трапіць проста за тое, што размаўляеш па-беларуску на вуліцы. Але, дадае яна, шмат чаго карыснага можа зрабіць беларуская дыяспара, якая цяпер па ўсім свеце спрабуе дапамагчы Беларусі.

Аналітыка
Тысячы вязняў і эмігрантаў, сотні «экстрэмістаў»: два гады пасля выбараў 2020 года ў лічбах
2022.08.09 13:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў