«РДК» узяў палонных у Белгародскай вобласці і прапанаваў губернатару прыехаць на абмен


«Рускі добраахвотніцкі корпус» (РДК), які ваюе на баку Украіну, падчас новага рэйду ў Белгародскую вобласць узяў у палон расейскіх вайскоўцаў і запрасіў губернатара рэгіёну Вячаслава Гладкова на сустрэчу.

«У якасці жэсту добрай волі, пра якія так часта гавораць ва ўрадзе РФ, мы гатовыя аддаць вам гэтых палонных, простых расейскіх салдат, за магчымасць пагутарыць з вамі асабіста, абмеркаваць бягучую сітуацыю ў рэгіёне і, галоўнае, пагаварыць аб яго будучыні і будучыні Расеі ў цэлым», – заявіў у відэазвароце камандзір «Рускага добраахвотніцкага корпусу» Дзяніс Нікіцін.

«РДК» вызначыла для сустрэчы храм у Новай Тавалжанцы (сяло ў Белгародскай вобласці). Гладкову прапануецца прыехаць туды на машыне хуткай дапамогі без суправаджэння і без зброі.

Дзяніс Нікіцін паказаў у сваім відэазвароце і двух палонных з Цвярской і Пскоўскай вобласці. Адзін з іх знаходзіцца на бальнічным ложку, пад кропельніцай. Другога палоннага Аляксея Белява (ён раненняў не мае) ужо апазналі ягоныя сваякі, піша выданне ASTRA.

Губернатар Вячаслаў Гладкоў запісаў свой відэазварот, у якім называе добраахвотнікаў «нягоднікамі, забойцамі і фашыстамі». Ён паведаміў, што ў Новай Тавалжанцы ідзе бой з дыверсійна-разведвальнай групай і яна, як ён спадзяецца, павінна быць знішчана. Гладкоў мяркуе, што палонных байцы «РДК» ужо забілі. Але «калі яны жывыя», ён гатовы сустрэцца з добраахвотнікамі з 17 да 18 гадзінаў у пункце пропуску Шабекіна.

Да Дзяніса Нікіціна ўжо звярнуўся заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын. «Кухар Пуціна» заявіў, што калі ніхто з расейскага боку за палоннымі не прыедзе, то ён гатовы даслаць «аднаго са сваіх высокапастаўленых намеснікаў для таго, каб іх забраць». «Калі прыедзе ў гэтае месца Уладзімір Аляксандравіч Зяленскі, гатовы прыбыць сам», – дадаў ён.

Раніцай 4 чэрвеня «РДК» паведаміў, што добраахвотнікі з боем увайшлі ў прыгарад Шабекіна Белгародскай вобласці.

Hавiны
Польскі добраахвотніцкі корпус браў удзел у аперацыі ў Белгародскай вобласці
2023.06.04 15:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў