Як там план «Перамога»? Спыталі ў BYPOL, ці актуальны ён, – і ці будзе нацыянальна-вызваленчае войска


Больш як год таму былыя беларускія сілавікі абвясцілі аб плане «Перамога» – стварэнні падпольнага народнага апалчэння. Цяпер усё часцей ідуць размовы пра тое, што Беларусі патрэбнае нацыянальна-вызваленчае войска за мяжою. А план яшчэ дзейны?

Сітуацыйна-аналітычны цэнтр пры аб’яднанні былых беларускіх сілавікоў BYPOL абвесціў аб мабілізацыйным плане «Перамога» 31 траўня 2021 года. Беларусам прапанавалі рэгістравацца ў чат-боце, расказаць пра свае здольнасці і чакаць моманту, калі будзе магчымая «мірная перадача ўлады народу». План падтрымала Святлана Ціханоўская. Момант для старту плану пакуль не надышоў.

А калі проста заўтра ранкам адкрыецца «акно магчымасцяў»? Прадстаўнік BYPOL запэўнівае «Белсат»: каманда працуе над рэалізацыяй плану «Перамога» штодзень, «павышаецца гатовасць плану і верагоднасць яго паспяховай рэалізацыі», усе рэсурсы BYPOL ідуць на падрыхтоўку спецыялістаў і закупку патрэбных рэчаў.

«Будзьце пэўныя, што «акно магчымасцяў» мы выкарыстаем максімальна, – кажа прадстаўнік BYPOL. – Сітуацыя пасля 24 лютага моцна змянілася, і ўвесь час яна працягвае змяняцца, мы ўлічваем гэтыя фактары пры планаванні».

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне BYPOL не запусціў план «Перамога», але «ў межах падрыхтоўчай часткі рэалізацыі плану» абвясціў «рэйкавую вайну» супраць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Беларускія партызаны дапамаглі спыніць напад расейцаў на Кіеў, ды некаторыя дыверсанты былі затрыманыя, некалькі – параненыя пры затрыманні. Але пасля адступлення расейскіх войскаў з Кіеўшчыны пра «рэйкавую вайну» не чуваць.

Аналітыка
«Рэйкавым партызанам» пагражае расстрэл. Што вядома пра зняволеных у гэтай справе
2022.06.29 19:17

У BYPOL тлумачаць, што мэты акцыяў «рэйкавай вайны» былі дасягнутыя, таму яна і спынілася. Цяпер «ідзе праца над вывучэннем мабілізацыйных рэсурсаў, над падрыхтоўкаю ўдзельнікаў і павышэннем якасці матэрыяльнай базы».

Шэраг затрыманых кажа на «пакаянных відэа», што ўдзельнічалі ў плане «Перамога». Яшчэ ў мінулым годзе BYPOL і план «Перамога» былі названыя «экстрэмісцкім фармаваннем» – удзельнікам плану пагражае крымінальная адказнасць. Праўладныя каналы заяўлялі, што бот плану «Перамога» нібыта не ананімны, што ўсіх могуць выкрыць.

BYPOL жа па-ранейшаму сцвярджае, што падключыцца да плану «Перамога» з Беларусі можна «абсалютна ананімна і бяспечна». Галоўнае – ужываць правільны бот @plan_peramoga_bot, а не фальшывыя. Серверы з базамі плану «Перамога» застаюцца па-за доступам беларускіх сілавікоў, над інфармацыйнай бяспекаю працуюць спецыялісты, а ўсе супрацоўнікі BYPOL прайшлі праверку на паліграфе, кажа прадстаўнік аб’днання.

«Запісы затрыманых з прызнаннямі ў рэгістрацыі ў нашым чат-боце ёсць акцыямі застрашвання і элементам інфармацыйнай барацьбы, – заяўляе прадстаўнік BYPOL. – Карныя органы могуць даведацца аб удзеле грамадзянаў у плане толькі з іхных словаў альбо калі грамадзянін зарэгістраваўся ў фэйкавым чат-боце, які распаўсюджваюць у чатах карнікі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jana Shnipelson / unsplash.com

Ці актуальны план для тых, хто за мяжой? BYPOL адказвае: так, усё яшчэ актуальны. Беларусы замежжа могуць паўдзельнічаць у спецыяльнай падрыхтоўцы. Але і тыя, хто не ўпэўнены ў сваёй фізічнай форме або сваёй ступені гатовасці да актыўных дзеянняў, таксама могуць рэгістравацца ў чат-боце, бо «для ўсіх катэгорыяў грамадзянаў пры запуску плану будуць інструкцыі да дзеяння, хтосьці можа дапамагчы практычна, а хтосьці онлайн з далёкага замежжа».

Акрамя таго, BYPOL кантактуе з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне, з некаторымі супрацоўнічае. Прадстаўнік BYPOL кажа, што ва ўсіх беларускіх фармаванняў ва Украіне «ёсць дакладнае разуменне таго, што дзейнічаць неабходна разам, зладжана і ў адзін час».

Артыкулы
Што пераломіць сітуацыю ў Беларусі і што рабіць беларусам? Тры сцэнары і чатыры прапановы Шчыгельскага
2022.03.28 08:30

А што думаюць пра ідэю нацыянальна-вызваленчага войска? Шэраг праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі (як, напрыклад, Вадзім Пракоп’еў) выказваюць меркаванне, што «мірная перадача ўлады народу» не магчымая, таму трэба ствараць сапраўднае войска з разліку на нямірную змену ўлады.

BYPOL адказвае: нацыянальна-вызваленчы рух са стварэннем уласных беларускіх падраздзяленняў –  ідэя не новая, яны яе безумоўна падтрымліваюць. Але бачаць, што цяпер «рэалізаваць такі праект было б вельмі складана». На стварэнне такога войска патрэбныя тры ўмовы:

  1. Прызнанне ў першую чаргу суседнімі дзяржавамі легітымнага беларускага ўраду і размяшчэнне на іх тэрыторыі беларускіх вайсковых фармаванняў.
  2. Атрыманне вонкавых пазыкаў для фінансавання камплектавання беларускіх падраздзяленняў, закупкі ўзбраення і тэхнікі.
  3. Высокапрафесійная каманда для рэалізацыі праекту.

Адносна апошняга пункту BYPOL дадае: «Цяпер гэта выглядае больш рэальна, мы будзем рухацца ў гэтым кірунку і ўдзельнічаць».

«План «Перамога» будзе рэалізаваны ў любым выпадку, але пры стварэнні нацыянальных вайсковых фармаванняў за мяжой план можа і павінен дапаўняць нацыянальна-вызваленчы рух», – рэзюмуе прадстаўнік BYPOL.

Каментар
Ці будзе «Ціханоўская-каралева» і «Чэрчыл-прэм’ер»? Спыталі Офіс Ціханоўскай пра ідэі Пракоп’ева
2022.07.16 21:58

Тым часам штаб Святланы Ціханоўскай разам з BYPOL і іншымі партнёрамі рыхтуе ў Вільні канферэнцыю «Новая Беларусь». Туды запрашаюць ахвочых абмеркаваць далейшыя планы супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі. Перад канферэнцыяй збіраюць меркаванні аб тым, што трэба змяніць у дзейнасці дэмакратычнай супольнасці – анкету можна запоўніць у тым ліку тым, хто не зможа выехаць з Беларусі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў