«Мільянер авансам». Аляксандр Кныровіч – пра бізнес і пазіцыянаванне Таццяны Зарэцкай


Стартап Зарэцкай выглядае рэалістычна, але ўжо час яму выходзіць на самаакупнасць, разважае заснавальнік беларускай супольнасці венчурных інвестараў. Пытанні ў Кныровіча не столькі да бізнесу, колькі да палітычных памылак.

Таццяна Зарэцкая.
Фота: Tatsiana Zaretskaya / Facebook

Таццяна Зарэцкая 2 лістапада пакінула пасаду ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай, якая адпавядала пасадзе міністра фінансаў. Часткова ціск на яе быў за прафесійны імідж і ейны стартап «Laava Tech» – і падобна на тое, што дыскрэдытавалі Зарэцкую праўладныя актывісты. Але ў дэмакратычнай супольнасці пачалі гучаць сумневы: а можа Зарэцкая і сапраўды махлярка, а ейны стартап – падман?

Пра бізнес і вобраз Зарецкай паразважаў Аляксандр Кныровіч – вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце». Кныровіч 12 гадоў таму арганізаваў у Беларусі супольнасць бізнес-анёлаў і венчурных інвестараў «Бавін», гэта значыць, што ён добра знаёмы са стартап-рухам.

Александр Кнырович, бизнесмен, предприниматель, Варшава, Польшча
Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 2 верасня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Стартап «Laava Tech» – не нейкая фантастыка

Тое, як апісаны стартап «Laava Tech», выглядае «цалкам здаровай ідэяй», разважае Кныровіч. Тэхналогія, якая дазваляе аптымальна наладзіць асвятленне ў цяпліцах і такім чынам падняць ураджайнасць і зэканоміць энергію, гэта не штосьці немагчымае. А кампанія, якая паспяхова прапануе такую тэхналогію на міжнародным рынку, можа зрабіцца шматмільённай ці нават шматмільярднай.

Кныровіч падкрэслівае, што ён не спецыяліст у раслінагадоўлі. Але калі ён працаваў у будаўніцтве, то бачыў шведскі прыклад паўнавартаснага «разумнага дому»: будынак, правільна створаны і правільна наладжаны з гледзішча клімату і энергаэфектыўнасці, які аўтаматычна прыстасоўваецца да зменаў тэмпературы, вільготнасці або асветленасці. Перанесці падобнае з жылых дамоў у цяпліцы – такое рашэнне цалкам лагічнае.

«Каб сказаць, ці працоўнае гэтае рашэнне ці не, патрэбная кансультацыя эксперта, – разважае Кныровіч. – Кожны чалавек, які інвеставаў бы ў гэта, не рабіў бы гэта ні з сяго ні з таго, бо гэта вельмі вузкая вобласць. Як мне здаецца, экспертызы з гэтай нагоды ў Беларусі няма і быць не можа, бо ў пераважнай большасці рэчаў узровень развіцця навукі ў Беларусі ніжэй за плінтус».

На думку Кныровіча, калі часопіс Forbes уключыў Зарэцкую ў рэйтынг «30 да 30», то наўрад ці гэта выразна ашуканская тэхналогія, часопіс бы не дазволіў сабе такога. Але адна рэч – ацэнка стартапу інвестарамі на першапачатковым этапе, а зусім іншае – ці будзе стартап зарабляць. Ёсць прыклады выдатных, здавалася б, стартапаў, якія проста зжэрлі мільярды долараў ад інвестараў і прынеслі адно страты – сярод такіх, да прыкладу, WeWork.

Лямпы над раслінамі. Кадр з прэзентацыі «Laava Tech».
Фота: laavatech.com

Зарэцкая – патэнцыйны мільянер, але час перастаць быць патэнцыйным

Лічбы, якія называла Зарэцкая, Кныровіча не бянтэжаць: яна ж не казала пра шмат мільёнаў долараў выручкі, а казала пра некалькі тэставых кліентаў, якія даюць выручку, але яшчэ не пакрываюць выдаткаў кампаніі. Для стартапу гэта абсалютна нармальна. Зарецкая таксама называла свой заробак і заробкі людзей, якія з ёй працуюць: гэта таксама цалкам нармальныя лічбы.

«Але ацэнка на пачатковым этапе, у перыядзе развіцця, зусім не азначае, што стартап заробіць грошы, – тлумачыць Кныровіч. – Адпаведна, пазіцыя Зарэцкай як мільянера, таму што яе кампанія ацэньваецца на мільёны, гэта вельмі вялікі аванс, а не сапраўдныя мільёны, якія ляжаць на рахунку ў банку. Гэта значыць, яна такі мільянер авансам».

Яго бянтэжыць тое, што стартапу «Laava Tech» ужо пяць гадоў: за такі час стартап ужо павінен быў бы «жыць за свае грошы». Пяць гадоў – дастаткова, каб зразумець, «узляцеў ці не ўзляцеў» стартап. Які-небудзь YouTube за такі перыяд мог бы яшчэ несці страты, але шалёнымі тэмпамі нарошчваць аўдыторыю – тады людзі ацэньвалі б аб’ём аўдыторыі. Але ў «Laava Tech» няма такога аб’ёму аўдыторыі – і, відавочна, няма акупнасці і выніку для інвестараў.

Кныровіч задаецца пытаннем: можа, стартап быў выдатны пару гадоў таму, а цяпер варта задумацца, ці не адбылося чагосьці, што не дазваляе даваць стартапу такую высокую ацэнку? Але паўтарае: стартап не выглядае як відавочнае махлярства, ды і «Форбсу» хочацца давяраць.

Абноўлена
«Цяпер я буду бараніць сябе». Таццяна Зарэцкая мяркуе, што пасля сыходу з Кабінету атака на яе спыніцца
2022.11.02 17:26

Мінусы не столькі ў стартапе, колькі ў пазіцыянаванні Зарэцкай

Кныровіч пералічвае тое, што лічыць памылкамі менавіта Зарэцкай як публічнага чалавека, а не «Laava Tech» як стартапу:

  • Чалавек, які прыйшоў на пасаду «міністра» ў Аб’яднаны пераходны кабінет, відавочна павінен быў альбо закрыць асабісты акаўнт, альбо прыбраць фота заняткаў стрып-пластыкаю і прысутнасці на конкурсах прыгажосці. Так, гэта прэзентуе яе як маладую і актыўную дзяўчыну, але не супадае з пазіцыянаваннем міністра, парушае негалосныя правілы. Тое, што яна не схавала такіх матэрыялаў пасля першых скандалаў, «кажа аб тым, што яна трохі не разумее этыкету».
  • Мімаходзь кінутыя словы Зарэцкай у інтэрв’ю каналу «Жыццё-маліна» аб тым, што БелАЗ трэба закрыць, сведчаць пра яе як пра чалавека, што не знаёмы з «унутранай кухняй» беларускай эканомікі, але дазваляе сабе «парады касмічных маштабаў», кажа Кныровіч. БелАЗ, тлумачыць ён, гэта апошняе прадпрыемства машынабудаўнічага комплексу, якое трэба закрываць. Які-небудзь МАЗ сапраўды проста «жарэ грошы дзяржавы», але БелАЗ валодае 30 % профільнага рынку, адзін брэнд БелАЗ каштуе сотні мільёнаў долараў, не кажучы ўжо пра вытворчасць. Эканамісты заўважылі такі ляп.
  • Публічныя развагі Зарэцкай пра тое, што патрэбныя даходы на мільёны долараў, каб адчуваць сябе свабодна, «вельмі некарэктныя» ў інтэрв’ю, адрасаваным беларусам, заўважае Кныровіч. Гэта не адпавядае менталітэту беларусаў, «не ў нашых нацыянальных рысах». Ды і лічбы Зарэцкая назвала не адэкватныя, лічыць Кныровіч: чалавек цалкам можа пачувацца свабодным з дзясяткам тысяч долараў на месяц, «астатняе – гэта нейкае панства».
  • Удзел Зарэцкай у адкрыта ашуканскім бізнес-мерапрыемстве з «прынцам Югаславіі» і «каралевай Ордэну леапарда» кажа аб нейкай непераборлівасці. «Магчыма, гэта проста такая маладосць», – разважае Кныровіч.

«Але рэзюмэ з гэтага ўсяго: чалавек, які стварыў стартап, умее прыцягваць фінансаванне, валодае яскравай знешнасцю і здольнасцю пазіцыянаваць сябе, мне здавалася, абсалютна дакладна дапамагае Кабінету вырашаць задачы», – кажа Кныровіч.

Яму здавалася, што Зарэцкая на сваім месцы. Калі «прыбраць усю мішуру», задачай Зарэцкай было пазіцыянаванне Кабінету і прыцягненне грошай – гэта значыць, нешта падобнае на стартап, проста з іншымі інвестарамі і значна меншай колькасцю грошай. Да таго ж, Зарэцкая «адцяняла класічную беларускую апазіцыю маладосцю і яскравасцю».

Каментар
Не трагедыя, але сумна. Аналітык Мажэйка пра адстаўку Зарэцкай і новыя выклікі перад Кабінетам
2022.11.02 17:20

Зарэцкая зрабіла пэўную колькасць публічных памылак, але памылкі былі б выпраўленыя з часам, а доказаў махлярства або іншых незаконных дзеянняў яе стартапу няма, робіць выснову Кныровіч. Таму яму шкада, што на Зарэцкую «люта накінуліся» некаторыя людзі з дэмакратычнага руху.

Зразумела, калі яшчэ сілавікі, але такая рэакцыя ад не праўладных беларусаў, нават пры ўсіх названых мінусах, дрэнна кажа пра гэтых беларусаў, мяркуе Кныровіч: значыць, яшчэ не дараслі да такога чалавека на такой пасадзе.

Алесь Наваборскі / Авер belsat.eu

Стужка навінаў